29 сакавiка 2024, Пятніца, 9:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адпачынак 2018: Дзе турфірмы прапануюць правесці лета

1
Адпачынак 2018: Дзе турфірмы прапануюць правесці лета

Самым бюджэтным і папулярным адпачынкам застаецца Чорнае мора на поўдні Украіны.

Усе, хто хоча адпачыць на моры гэтым летам, стаяць перад выбарам, як дабрацца на курорт, піша «Вячэрні Гродна». Турфірмы прапануюць два варыянты: самалётам, які хоць і даражэйшы, але за некалькі гадзінаў даставіць на заморскі бераг, альбо аўтобусам – танней, але на дарогу давядзецца выдаткаваць некалькі дзён.

Украіна засталася толькі на жнівень

Самым бюджэтным і папулярным сярод гарадзенцаў адпачынкам застаецца Чорнае мора на поўдні Украіны. Пуцёўкі засталіся толькі на жнівень, апавялі ў гарадзенскай турфірме, якая прапануе аўтобусныя туры ў Коблева. Да 1 красавіка тур паводле ранняга бранявання на 10 дзён на мора з пражываннем паблізу ад вады і сняданкамі каштаваў ад 170 даляраў. Цяпер на 15–20 даляраў даражэй.

Акрамя Украіны попытам карыстаюцца туры ў Чарнагорыю і Грэцыю, а таксама паездкі па Заходняй Еўропе з заездамі на мора. Адпачынак на моры ў Гішпаніі з заездам у Страсбург, Барселону і Мілан пачынаецца ад 440 еўраў, Грэцыя з Будапештам – ад 450, а Чарнагорыя – ад 280. Дарэчы, трапіць на бераг Адрыятычнага мора можна без набыцця тура, тады праезд у абодва бакі будзе каштаваць 200 еўраў. За адпачынак у Італіі з заездам у Прагу і Фларэнцыю давядзецца заплаціць 245 еўраў.

Папулярныя ў гарадзенскіх турыстаў краіны Балтыі і Скандынавіі. Фірмы прапануюць выправіцца ў круіз і наведаць Талін, Стакгольм і Рыгу. Пяцідзённае падарожжа з двума начаваннямі на пароме абыдзецца ад 120 еўраў.

Троху даражэй, 165 еўраў, каштуе пяцідзённая паездка ў Санкт-Пецярбург з наведваннем славутасцяў горада, экскурсіямі ў Пецяргоф і Царскае Сяло.

А вось аўтобусныя туры ў Абхазію і Грузію па-ранейшаму самыя непапулярныя. Адпужвае ці доўгая дарога, ці таямнічасць каўказскіх краінаў. Даўжыня тура – 16 дзён, з іх 9 дзён на моры. Аўтобус выходзіць з Менска і праязджае праз Бранск, Растоў-на-Доне, Тбілісі і Кабулеці. Кошт пуцёўкі ад 300 даляраў на чалавека.

Турцыя падняла кошты

У гэтым сезоне падаражэла Турцыя. Спецыялісты з турфірм мяркуюць, што таму віной – вяртанне расейскіх турыстаў. Калі год таму добры тур на дваіх каштаваў 600 даляраў, то цяпер пуцёўка – блізу 800 даляраў.

Найбуйнейшы беларускі тураператар прапануе адпачынак на моры ў Турцыі з вылетам з Гародні: на канец чэрвеня тур з 11 начэй на двух чалавек каштуе ад 1110 даляраў. А адпачынак у балгарскіх Залатых Пясках у двухзоркавым гатэлі абыдзецца на дваіх 600–900 даляраў.

У раздзеле гарачых распродажаў аднаго з сайтаў турыстычных фірмаў можна знайсці пуцёўкі ў Гішпанію (449 еўраў за аднаго чалавека), на Кіпр (364), у Егіпет (518), Турцыю (399) і іншыя краіны. Такія туры размяшчаюць незадоўга да адпраўлення.

У турфірме, якая арганізуе адпачынак у тым ліку з вылетамі з суседніх Львова, Кіева і Варшавы, апавялі, што ў гэтым сезоне плынь турыстаў павялічылася і часцей за ўсё аддаюць перавагу самалётам, а не аўтобусам. Самымі папулярнымі кірункамі застаюцца Турцыя, Балгарыя і Чарнагорыя.

Для экзотыкі не сезон

Сярод гарачых тураў з вылетамі з Варшавы ў другой палове чэрвеня прапануюць адпачынак у Гішпаніі на курортах Коста-Бравы, Коста-Дарады, а таксама на Канарскіх астравах. Кошт пуцёвак – ад 1100 рублёў.

Таму, хто хоча правесці адпачынак у экзатычных краінах, напрыклад у Шры-Ланцы, трэба заплаціць за дваіх ад 2000 даляраў, прычым у трохзоркавым гатэлі будуць толькі сняданкі. Паездка на 9 начэй і 10 дзён у Арабскія Эміраты – ад 1400 даляраў за тур. Толькі вось экзатычныя краіны цяпер не карыстаюцца попытам. Туды найчасцей выпраўляюцца ўзімку.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках