18 красавiка 2024, Чацвер, 7:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пасля футбольнага матчу «Нёман» – БАТЭ ў Гародні адбыўся хапун фанатаў

2
Пасля футбольнага матчу «Нёман» – БАТЭ ў Гародні адбыўся хапун фанатаў

Падставай для затрымання сталі дзве петарды.

Пасля футбольнага матчу "Нёман" – БАТЭ 17 чэрвеня супрацоўнікі міліцыі затрымалі 13 фанатаў гарадзенскага клуба. Некаторых затрымлівалі вельмі жорстка, паведамляе "Радыё Свобода".

Падставай для затрымання сталі дзве петарды, узарваныя на трыбунах пасля заканчэння матчу. Фанаты разгарнулі вялікую палотніну з надпісам "Прадаўжэнне будзе...", зробленую як застаўка кінакампаніі 20th Century Fox. У гэты самы час на трыбуне выбухнулі дзве петарды.

Заўзятары не кажуць, хто гэта зрабіў. Яны прызнаюць, што дазволу на піратэхніку не мелі – забаранілі супрацоўнікі МНС. Ды і арганізатары перформансу з палатном не планавалі ўжываць петарды – "каб не падстаўляць людзей з клуба, хто дапамог у рэгістрацыі перформансу".

Пры сыходзе з трыбунаў міліцыянты папрасілі аднаго з фанатаў прайсці ў аўтобус. Нібыта менавіта яго падазравалі ў падрыве петардаў. Але калі заўзятары крыху адышлі ад затрыманага, міліцыянты яго скруцілі і паклалі на зямлю. Потым такім самым чынам затрымалі яшчэ аднаго. Фанаты абурыліся жорсткім абыходжаннем. Некалькі чалавек сталі здымаць тое, што адбываецца, на відэа мабільным тэлефонам. Хтосьці стаў прасіў міліцыянтаў і амапаўцаў паказаць пасведчанні.

Нарэшце сілавікі пачалі хапаць людзей, чапляць ім кайданкі і кідаць у аўтазак. Вядома, што некаторыя заўзятары былі ў стане алкагольнага ап'янення.

Адзін з затрыманых апісаў падзеі: "Затрымлівалі жорстка. Балюча круцілі рукі. Мяне ўзялі на ўдушэнне, паклалі тварам на зямлю, зашпілілі кайданкі. Пасля адзін з амапаўцаў берцам ударыў у твар. Калі прывезлі ў РАУС, адразу павялі да ўмывальніка, бо ўвесь твар быў у крыві. Застаўся след".

Паводле ягоных словаў, людзей кідалі ў аўтазак адзін на аднаго, "як свіней", білі дубінкамі. Усяго затрымалі 13 чалавек – пераважна поўнагадовых мужчынаў узростам да 40 з нечым гадоў. Сярод іх была і адна 17-гадовая дзяўчына. Ноч затрыманыя правялі ў ізалятары, а ў панядзелак, 18 чэрвеня, іх выпусцілі.

Фанаты мяркуюць, што міліцыянты помсцяць ім за перформанс да 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. 30 сакавіка на матчы ў Гародні фанаты "Нёмана" разгарнулі вялікую "Устаўную грамату", якая абвяшчала незалежнасць БНР. Хоць дазвол на перформанс быў атрыманы загадзя, на супрацоўнікаў клуба былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы, кажуць заўзятары.

У міліцыі затрыманне 13 чалавек пасля матчу 17 чэрвеня тлумачаць тым, што фанаты спрабавалі адбіць першых двух затрыманых і пачалі бойку з міліцыянтамі.

Дзесяць чалавек пакараныя штрафамі ад 5 да 15 базавых велічыняў, а два – арыштам ад 5 да 7 сутак.

Паводле папярэдняй версіі, петарды на стадыён прынесла няпоўнагадовая дзяўчына. Яе адпусцілі яшчэ 17 чэрвеня пасля разбору.

На гэты момант усе 13 фанатаў адпушчаныя.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках