26 красавiка 2024, Пятніца, 1:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аграрыі Гомельшчыны правялі старажытны абрад, каб прагнаць засуху

19
Аграрыі Гомельшчыны правялі старажытны абрад, каб прагнаць засуху

У бітве за ўраджай беларусы гатовыя на ўсё, нават на самыя неардынарныя захады.

Засуха. Ці дапамогуць дажджавальныя прылады і старажытныя абрады выратаваць ураджай на Гомельшчыне? Жытняе поле ў пачатку чэрвеня высушанае на порах – у коласе ніводнага зерня, апавядаецца ў рэпартажы СТВ.

Аграном з 35-гадовым стажам Аляксандр Гальмак не хавае эмоцый: ён чакаў атрымаць на гэтым полі ўраджай не менш за 40 цэнтнераў з гектара, але цяпер у найлепшым выпадку згарэлае на сонцы жыта атрымаецца скасіць на сянаж.

Аляксандр Гальмак, галоўны аграном КСУП «Агра-Кароткавічы» кажа:

«Да сярэдзіны чэрвеня дажджоў не было. Бачым, які колас. Гэта добры гатунак, дае 40 цэнтнераў з гектара. Калі мы цяпер паглядзім, што тут засталося – ніводнага зерня, усё высахла».

Бялявая, згарэлая ад спёкі і бязводдзя трава, авёс вышынёй 10 сантыметраў, які нельга скасіць нават на корм быдлу, згорнутыя ад спёкі лісты кукурузы. Такіх палёў толькі ў гаспадарцы Аляксандра Гальмака ўжо пад 200 гектараў.

У Гомельскай вобласці, паводле папярэдніх падлікаў, страчана не менш за 13% усіх азімых збожжавых. Разам з яравымі – амаль 60 тысячаў гектараў, і гэтая лічба зусім не канчатковая.

Крытычная сітуацыя і з кармамі. Высокі сезон, цяпер самы час карміць кароваў свежымі травамі і атрымліваць «вялікае малако». Але рэаліі зусім іншыя.

Леанід Навуменка, в. а. дырэктара КСУП «Агра-Кароткавічы» заявіў:

«На гэтым полі 80 гектараў люцэрны пасеяна. Прыязджаем – усё згарэла. Тут каранёвая сістэма 8–15 метраў, і тое не вытрымала».

Леаніду Навуменку кожны дзень трэба накарміць больш за 4000 галодных ратоў. У гаспадарцы паспелі скасіць канюшыну, але на другі ўкос нават не спадзяюцца. Сітуацыю ратуе зроблены летась запас кукурузы. Уся надзея на засухаўстойлівасць «царыцы палёў» і ў гэтым сезоне.

Анамальная пасяўная ў разгары. Зямлю не аруць: каб захаваць у ёй рэшткі вільгаці, высахлыя палі дыскуюць і зноўку засяваюць, спадзеючыся на тое, што тэхналогія дапаможа пераадолець наступствы засухі.

Галіна Лявонава, першая намесніца старшыні Жлобінскага райвыканкама кажа:

«У першую чаргу нам трэба нарыхтаваць корму, каб быдла на зімовы стойлавы перыяд не засталося галадаць. Таму мы сёння сеем кукурузу. Уся надзея на кукурузу».

Пра тое, што прырода на паўднёвым усходзе краіны змянілася, канчаткова стала ясна яшчэ ў 2015. Тады ж афіцыйна абвесцілі пра з'яўленне ў Беларусі так званай чацвёртай кліматычнай зоны. Менш ападкаў, вышэйшыя тэмпературы – клімат паступова дрэйфуе ў бок стэпу. Тое, што адбываецца на палях, – пераканальны званочак звярнуць увагу на сітуацыю комплексна і на самым высокім узроўні.

Алена Філіповіч, намесніца кіраўніка ўправы Камітэта сельскай гаспадаркі і харчавання Гомельскага аблвыканкама заявіла:

«У двух раёнах – Жыткавіцкім і Жлобінскім – зафіксавалі такую небяспечную метэаралагічную з'яву, як глебавая засуха. Гэта значыць, там у верхнім ворным гарызонце глебавай вільгаці блізу 1 мм. Глеба пустая, сухая. Найбольш моцна пацярпелі Светлагорскі, Жлобінскі, Рэчыцкі і Петрыкаўскі раёны».

Пацярпелі не толькі збожжа і кармы. Рэгіён можа застацца без вітамінаў. Калі сады з апошніх сілаў трымаюцца, то з гароднінай ужо бяда. Гэтыя палі – стратэгічны рэсурс для 100-тысячнага Жлобіна. Аснова стабілізацыйнага фонду, што закладваецца ў сховішчы на зіму. У 2018 годзе адсюль не атрымаюць нічога.

Настасся Равякова, галоўная гароднінаводка ААТ «Нівы» кажа:

«Гэта поўны правал за ўсю маю працу, упершыню за 40 з лішнім гадоў. Ніколі не думала, што такое будзе».

Троху лепшая сітуацыя ў агароднікаў Гомельскага раёна. Пасевы цыбулі, морквы і капусты ратуюць магутныя дажджавальныя машыны.

Жанна Усціненка, аграномка КСУП «Камбінат “Усход”» кажа:

«Дзякуючы палівальнай прыладзе ў нас усходнасць 100%, расліны атрымліваюць усё, што ім неабходна. Там, дзе няма паліву, там у нас такія самыя праблемы, як ва ўсіх. Гэты год паказаў, што палівальныя прылады патрэбныя гаспадарцы».

Тым часам у Веткаўскім раёне людзі гатовыя на ўсё, абы пайшоў дождж. У аграгарадку Стаўбун толькі і гутарак, што пра засуху: мясцовае сельгаспрадпрыемства ўжо страціла да паловы збожжавых. Пакутуюць сады і гароды саміх сялянаў.

У засуху тут успомнілі, як рабілі продкі.

Аляксандр Дабрыян апавядае:

«Гэтаму абраду сотні гадоў. Удзельнічаць у ім могуць толькі ўдовы ці чыстыя дзяўчаты. Так рабілі іхнія бабулі і прабабулі. Баранаваць раку – гэта той апошні сродак, калі спадзявацца больш няма на што».

Значэнне слова «абрад» – гэта прывядзенне нечага ў парадак. Чаго так не хапае гэтым летам беларускай прыродзе.

Магчыма, гэта толькі збег абставінаў, але праз 10 гадзінаў пасля абраду над Беларуссю пачаўся той самы доўгачаканы дождж. Для аграрыяў гэта не толькі вялікая радасць, але і пачатак вялікай працы. Толькі ў Гомельскай вобласці трэба перасеяць не менш за 60 тысячаў гектараў збожжа. На гэтыя мэты з дзяржаўнага бюджэту вылучана блізу 11 мільёнаў рублёў дапамогі. Паралельна пазапланавай пасяўной трэба яшчэ нагнаць страчанае і ў нарыхтоўцы кармоў.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках