Аўстрыйскі журналіст: Пытаюся Пуціна аб карупцыі ў Расеі, а ён абмяркоўвае карупцыю ва Украіне
15- 18.06.2018, 17:59
- 22,251
Армін Вольф распавёў аб самім цяжкім інтэрв'ю ў сваім жыцці.
Журналіст аўстрыйскай тэлерадыёкампаніі ORF Армін Вольф распавёў выданню Politico, што калегі вельмі станоўча ацанілі ягонае інтэрв'ю з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным, якое стала самым складаным у ягонай кар'еры, паведамляе «Гордон».
Армін адзначыў, што інтэрв'ю з Пуціным не было надзвычай жорсткім, бо ён перапыніў кіраўніка дзяржавы ўсяго 11 разоў за 54 хвіліны.
«Часам я раблю гэта за 10 хвілін», - растлумачыў журналіст.
Ён дадаў, што Крэмль напярэдадні інтэрв'ю папрасіў спіс тэм для абмеркавання, аднак не ставіў умоваў з нагоды пытанняў. Са слоў Вольфа, ён пяць дзён напружана рыхтаваўся да размовы з Пуціным, для чаго вывучыў усе даступныя ягоныя інтэрв'ю.
«Пуцін - гэта вельмі хітры суразмоўца... Ягоныя адказы вельмі агульныя, і ён увесь час акцэнтуе ўвагу, калі яго перабіваюць. Палітыкі рэдка гэта робяць. Яны альбо дазваляюць перапыніць сябе, ці ігнаруюць і прадаўжаюць гаварыць. Але Пуцін робіць акцэнт на кожным перапыненні, і пасля трэцяй ці чацвёртай заўвагі інтэрв'юер выглядае грубым альбо не зацікаўленым у адказах», - распавёў Вольф.
Ён дадаў, што Пуцін часта адказвае на пытанні пытаннем і з'яўляецца «чэмпіёнам свету ў пераводзе тэмы».
«Вы пытаецеся яго аб карупцыі ў Расеі, а ён пачынае абмяркоўваць карупцыю ва Украіне», - падсумаваў журналіст.