Эканаміст пра сітуацыю з заробкамі: Кола замыкаецца
8- 18.06.2018, 12:18
- 18,430
Уключэнне друкарскага варштата можа забіць беларускую эканоміку.
500 даляраў – проста магічная для беларусаў лічба. Менавіта такі сярэдні заробак у краіне ўжо каторы год абяцаюць улады, піша сайт тэлеканала «Белсат». Але ці рэальна дасягнуць гэтага паказніку без рызыкі абвалу эканомікі? І ці адаб'ецца такое дасягненне на рэальным становішчы грамадзянаў?
Паводле звестак Белстата, сярэдні заробак у краіне ў красавіку склаў 921 рубель. Аднак большая частка насельніцтва Беларусі не атрымлівае і шасцісот. Такім чынам, розніца паміж сярэднім і медыйным заробкамі складае блізу трохсот рублёў – ледзь не 50%!
«Пры такіх нізкіх прыбытках большай часткі насельніцтва адпаведна і попыт на спажывецкім рынку застаецца нізкім. А гэта стрымлівае рост вытворчасці і прапановаў тавараў і паслуг на ўнутраным рынку. А такое стрымліванне перашкаджае павышэнню заробкаў супрацоўнікам. Кола замыкаецца», – кажа эканаміст Леанід Фрыдкін.
Яшчэ адным важным чыннікам, які стрымлівае развіццё эканомікі, застаецца рэгіянальнае расслаенне краіны. Так, паводле афіцыйнай інфармацыі, летась сярэдні заробак у Менску склаў 1125 рублёў, што прыблізна на 35% больш за сярэдні заробак у краіне – 823 рублі.
«Рэгіёны развіваюцца нераўнамерна. А дакладней, развіццё ёсць толькі ў Менскай і, з вялікай нацяжкай, у Гарадзенскай абласцях... Любая сур'ёзная дыферэнцыяцыя заўсёды прыводзіць да пунктаў расколу ў грамадстве і маштабных праблемаў у краіне», – заявіў Лукашэнка.
А каб раскол не адбываўся, трэба часцей паўтараць мантру пра дасягненне сярэдняга заробку пяцьсот даляраў. Але хто сапраўды столькі зарабляе ў Беларусі? Можа быць, жыхары самага багатага рэгіёну – сталіцы?
«Ну, можа, Лукашэнка больш за нас атрымлівае. Гэта дакладна. Ну, мы мала атрымліваем, бо мала працуем. Трэба больш працаваць», – мяркуе жыхар сталіцы.
«Ёсць такія людзі. Але гэта не настаўнікі, не прафесары, не паэты. Напэўна, бізнэс», – кажа мянчук.
У той самы час, паводле статыстыкі, рост намінальных заробкаў у Беларусі больш чым у два разы перавышае рост прадукцыйнасці працы. Фактычна, мы не зарабляем нават таго, што атрымліваем. Гэта стала вынікам у тым ліку і каскаду дэвальвацый, якія адбыліся за апошнія гады, калі ВУП краіны знізіўся практычна на чвэрць.
«У нас сёння і так заробкаёмістасць – стаўленне заробку да ВУП – на ўзроўні самых развітых краінаў свету. З той толькі розніцай, што ў нас абсалютныя значэнні і заробкі і ВУП значна ніжэйшы, чым у гэтых краінах. Таму на сёння ўзровень заробкаў нават вышэйшы, чым можа сабе дазволіць эканоміка краіны», – тлумачыць эканаміст Леанід Фрыдкін.
Як тлумачаць эксперты, нават калі ўлады і хацелі б павялічыць заробак, цяпер няма, за што гэта зрабіць. Таму не расце і спажывецкі попыт. Адпаведна не атрымліваецца нарошчваць аб'ёмы вытворчасці. А рэзкае павелічэнне заробкаў бюджэтнікам пры дапамозе друкарскага варштата можа проста забіць эканоміку. Выхад з гэтага кола і павінен стаць адной з асноўных задачаў уладаў на найбліжэйшы час.