28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пачынаецца онлайн-паляванне на кватэры «дармаедаў»

106
Пачынаецца онлайн-паляванне на кватэры «дармаедаў»

Ад улады можна чакаць усякага абсурду.

База звестак «дармаедаў» у Беларусі пачне дзейнічаць датэрмінова: не з 1 снежня, як прадугледжваў указ прэзідэнта Беларусі, а з 1 верасня.

Адступленне ад дэкрэта звязанае з тым, што дакладваць аб «дармаедах» цяпер будуць у рэжыме онлайн: з пачатку восені запрацуе новая электронная «паслуга» перадачы ў Мінпрацы звестак аб непрацуючых беларусах. Скарыстацца гэтай паслугай змогуць «дзяржорганы і іншыя арганізацыі».

Аднак, экспэрты ўжо папярэдзілі, у чым палягае самая вялікая небяспека дэкрэта аб «дармаедх». «Пасля пачатку працы дэкрэта №1, калі людзі не змогуць аплаціць камунальныя, іх будуць на вуліцу выкідваць. І запомніце: самая вялікая бомба задкладзеная не ў саміх камунальных, а ў тым, што за запазычанасць ты павінен вялікую пеню плаціць - 109% гадавых», - сцвярджаюць праваабаронцы.

Ці сапраўды сістэма онлайн-сачэння за беспрацоўнымі выявіцца эфектыўнай, а грамадзяне Беларусі апынуцца з 1 верасня на шляху да страты сваёй нерухомасці і высялення на вуліцу? Сайт Charter97.org звярнуўся па каментары да кіраўніка аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леаніда Заікі і грамадскага актывіста, прадстаўніка Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу ў Слоніме Віктара Марчыка.

БРСМ і «Белая Русь» будуць стукаць на беспрацоўных

Мы вяртаемся ў 1937 год, калі людзей прымушаюць даносіць адзін на аднаго, мяркуе Віктар Марчык:

- Зразумела, якія арганізацыі пачнуць стукаць на беспрацоўных. НКА такім займацца не будуць, прыстойныя людзі таксама. Даносіць будуць дзяржаўныя структуры і такія арганізацыі, як БРСМ, «Белая Русь» і ім падобныя. Не выключана, што ў іх нават будуць спушчаныя зверху паказчыкі і спаборніцтвы - хто больш здаў «дармаедаў». Ад улады можна чакаць усякага абсурду.

У Беларусі няма канкурэнцыі ідэй, мы бачым поўны застой у галовах улады, перакананы Леанід Заіка:

- Леанід Ільіч Брэжнеў у параўнанні з беларускімі чыноўнікамі - гэта Жан-Жак Русо на фоне французскага селяніна 18 стагоддзя. За дэкрэт №1 і яго электронную базу наогул трэба караць. Таму што глупства не застаецца без пакарання. Мяне ўвогуле здзіўляе, чаму дагэтуль існуе штамп з прапіскай у пашпарце. Да мяне прыязджалі сябры з Казахстана - яны шакаваныя тым, колькі інфармацыі збірае беларуская дзяржава пра сваіх грамадзян. Такое ўражанне, што пакуль Лукашэнку і ягоных чыноўнікаў не пускалі за мяжу, яны праваліліся на дзесяцігоддзі назад.

Спадары чыноўнікі, давайце памяняемся заробкамі

Дэкрэт №1 ідэальна ўпісваецца ў сістэму прымусовай працы ў Беларусі, якую камісія МАП ужо назвала «сучасным рабствам», мяркуе Віктар Марчык:

- Уся гэтая эпапея з дэкрэтам аб «дармаедах» патрэбная з адной мэтай: прымусіць людзей працаваць па максіму за мінімальны заробак. У прынцыпе, я б не назваў нават гэтай заробкам. Гэта, хутчэй, паёк, каб раб не памёр з голаду і заўтра зарабіў для гаспадара новыя грошы. Паглядзіце, якія заробкі ў чыноўнікаў, якія нічога не вырабляюць! Спадары чыноўнікі, давайце проста памяняемся заробкамі з рабочымі на заводах.

Многія сацыяльныя сеткі ствараліся ў цесным супрацоўніцтве са спецслужбамі, таму электронная база звестак пра «дармаедаў» - гэта чарговае «распілоўванне» бюджэтных грошай, мяркуе Леанід Заіка:

- Усё гэта ўжо ёсць. Для таго, каб даведацца, чым цяпер займаецца Фрося Бурлакова з Мсціслава, дастаткова паглядзець у «Аднакласніках» яе фатаграфіі з Турцыі або Егіпту. Аўтаматычная база звестак і так ёсць на кожнага. Так што няхай не валяюць дурня і не імітуюць бурную дзейнасць.

Хамурапі і не снілася

Беларуская сістэма дачыненняў паміж грамадствам і ўладай не прадугледжвае перніка, у ёй ёсць толькі пуга, упэўнены Віктар Марчык:

- Такой пугай з'яўляецца прыдуманая дзяржавай стратэгія адабрання кватэр у «дармаедаў». Не выпадкова новая версія дэкрэта накіраваная на павышэнне аплаты за «камуналку». Уявіце толькі: пеня ў гэтым выпадку складае 109% гадавых! Законы Хамурапі, якія ў школе падавалі як кадыфікацыю сістэмы рабства, прадугледжвалі ўсяго толькі 33% гадавых з пазык прадуктамі і 20% з пазык «срэбрам», гэта значыць, грашыма. Гэта была столь, большы адсотак забараняўся. Атрымліваецца, Лукашэнка стварыў самае «прасунутае» даўгавое рабства ў гісторыі чалавецтва. Хамурапі і не снілася.

Дэкрэтам №1 дзяржаўная ўлада сама можа паралізаваць сваю дзейнасць, мяркуе Леанід Заіка:

- У нас у краіне 118 раёнаў. У кожным з іх амаль 4 тысячы беспрацоўных. Нават калі на адным аркушы паперы (а раённы начальнік наўрад ці будзе глядзець з планшэта) раздрукаваць 20 прозвішчаў - гэта ўжо будзе 200 лістоў. А калі на кожнага збіраць дасье - выйдуць ужо тысячы старонак. Вось уявіце: збяруцца такія таўсматыя, раённыя мужыкі з чырвонымі тварамі і будуць гэта чытаць. Вось калі хочам, каб не месцах нічым не займаліся - давайце ім гэта і даручым. Мне расказваюць простыя лекары, што іх адпраўляюць замест працы хадзіць па кватэрах і шукаць, хто з «дармаедаў» карыстаўся бясплатнай меддапамогай. Калі падыходзіць строга па- навуковаму - гэта будзе дыверсія ўнутры інфармацыйных плыянў, якая паралізуе працу вельмі многіх людзей. Мінпрацы павінна займацца працай, а не шукаць тых, хто паехаў зарабляць у Расею на новыя дзверы. Навошта яны гэта робяць? Гэта імітацыя працы.

Бандыты з вялікай дарогі

У непажаданых уладам будзе канфіскоўвацца ўсё, што нажытае «непасільнай працай» - і кватэры, і аўтамабілі, і іншая маёмасць, мяркуе Віктар Марчык:

- З 1 верасня адкрываецца выдатная магчымасць для звядзення рахункаў або «адціскання» ўласнасці ў карыслівых мэтах. Нават не трэба адыходзіць ад кампутара. Уяўляеце, хтосьці гуляе ў «танкі», хтосьці - у стратэгіі, дзе трэба збіраць скрыні са скарбамі або захопліваць варожыя зямлі. А тут дзяржава прыдумала стратэгію і запрашае ў яе гуляць усіх ахвотных. Сігнал пададзены: з 1 верасня пачынаецца онлайн-паляванне на кватэры «дармаедаў». Знайшлі беспрацоўнага чалавека - клікнулі па экране, задушылі «камуналкай», аддалі кватэру сваім нейкім сваім сваякам. Бандыты з вялікай дарогі так не рабілі.

Пеню 109% за «камуналку», якую збіраюцца браць з беспрацоўных, можна аднесці да катэгорыі эканамічных злачынстваў, перакананы Леанід Заіка:

- Адна прыватная кампанія прапаноўвала мне кантракт са штрафнымі санкцыямі 80% за несвоечасовае выкананне. Хлопцы, калі пеня большая за 3% - гэта наўпроставая нагода падаваць у суд паводле факту парушэння грамадзянскіх правоў спажыўцоў. Пеня 109% за «камуналку» - тут нават няма чаго каментаваць. Тут адзін варыянт: самае строгае пакаранне ЖКГ у судзе. «Жэстачайшым чынам», - як казаў адзін вядомы персанаж.

Свабодны чалавек можа і адказаць

Ва ўлады да гэтага стаяць перад вачыма бліскавіцы пратэстаў 2017 года, перакананы Віктар Марчык:

- «Дармаеды» - гэта ніякія не беспрацоўныя. Гэта свабодныя людзі, якія знайшлі ў сабе смеласць не гібець за капейкі і разарваць несумленны «кантракт» з дзяржавай. Гэта людзі, якія рызыкуюць, але зарабляюць для сваіх сем'яў за мяжой - часта нават больш, чым тыя, хто баіцца нешта памяняць у жыцці. Можна сказаць, што гэта - рэвалюцыйны клас, «дрожджы» народных пратэстаў. Свабодны чалавек можа і адказаць. Улады гэта ведаюць, таму дэкрэт №1 выйшаў больш подлым і хітрым, чым дэкрэт №3. Але час пакажа. Магчымая і другая серыя трылера «Лукашэнка, сыходзь!».

Напісаць каментар 106

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках