19 красавiка 2024, Пятніца, 7:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаканні вышэйшыя за мэты

5
Чаканні вышэйшыя за мэты

Беларусы засвоілі, што добрых часоў для набыткаў можна і не дачакацца.

Адчувальная насельніцтвам інфляцыя па-ранейшаму ў некалькі разоў пераўзыходзіць афіцыйную ацэнку. Такую выснову можна зрабіць з апытання, праведзенага Нацбанкам. Думкі насельніцтва істотна разыходзяцца з запэўніваннямі чыноўнікаў, што перадумоваў для росту коштаў у нашай краіне не назіраецца, піша «Эканамічная газета».

У траўні адчувальны ўзровень інфляцыі ўдзельнікі апытання ацанілі на 12,9% супраць 12,4% у лютым.

Пры гэтым амаль палова рэспандэнтаў (49,8%) мяркуюць, што «кошты выраслі вельмі моцна». У лютым так думалі ўсяго 47,9%. Адначасова колькасць тых, хто мяркуе, што кошты выраслі сярэдне, павялічылася з 38,7 да 39,4%, а тых, хто думае, што кошты «выраслі нязначна», паменшылася з 11,6 да 8,8%.

Чаканні, звязаныя з інфляцыяй, сёлета рэспандэнты ацанілі на ўзроўні 11,4%. Пры гэтым усяго 11% апытаных упэўненыя ў тым, што кошты будуць расці хутчэй, чым цяпер. Большая частка ўдзельнікаў (64,4%) схіляецца да таго, што «кошты будуць расці таксама інтэнсіўна». І толькі 1/5 (20,4%) аптымістычна прагназуюць, што «кошты будуць расці павольней, чым цяпер».

У рамках ацэнкі пакупніцкіх паводзінаў высветлілася, што 68,3% апытаных мяркуюць, што травень – дрэнны час для буйных набыткаў. Пры гэтым 66,3% удакладнілі, што цяпер дрэнны час для буйных набыткаў у крэдыт.

Ацэньваючы свае выдаткі за апошнія 3 месяцы, большасць удзельнікаў апытання (48,1%) адзначылі, што буйных набыткаў у іх не было. Яшчэ 12,2% пацвердзілі, што значныя выдаткі былі звязаныя з лекаваннем (сваім альбо сваякоў). Практычна пароўну размеркавалася колькасць тых, хто прызнаўся ў набыцці кампутарнай і побытавай тэхнікі (10,3 і 9,1% адпаведна). Выдаткавалі на набыццё (рамонт) жылля 8,5% апытаных, на адукацыю (сваю або дзяцей) – 6,6%, набыццё (рамонт) аўтамабіля – 9,5%, на адпачынак за мяжой – 4%.

Ашчадныя паводзіны насельніцтва ацэньваліся паводле двух напрамкаў: ацэнка спрыяльнасці часу для зберажэнняў і іх упадабаная форма. Так, удзельная вага тых, хто мяркуе час для ашчаджэнняў дрэнным, за 3 месяцы амаль не змянілася: у лютым сёлета – 70,7%, у траўні – 70%. Адпаведна толькі 30% меркавалі травень добрым часам для ашчаджэнняў, прычым найбольш выгодным інструментам для гэтага 76,2% назвалі замежную валюту.

Упадабанай формай ашчаджэнняў з'яўляюцца гатовыя грошы (43,9%), дэпазіт (уклад) у банку выбіраюць 25,7% апытаных, нерухомасць – 19%. Захаванню ашчаджэнняў у золаце і іншых каштоўных металах аддаюць перавагу 4,2%, у каштоўных паперах – 2,1%.

Такім чынам, нягледзячы на афіцыйна фіксаванае Белстатам зніжэнне інфляцыі, насельніцтва краіны прадаўжае чакаць коштавых нечаканак. Збольшага такія настроі «падаграваюцца» ваганнямі валютных курсаў сёлета, а таксама – сумным досведам мінулых гадоў. Дадаюць інфляцыйных «градусаў» перыядычныя інфармацыйныя ўкіды Белнафтахіма пра непазбежнае падвышэнне коштаў на аўтамабільнае паліва. Бо ўсе разумеюць, што падаражанне бензіну павялічыць выдаткі і, адпаведна, кошты практычна на ўсе тавары і паслугі.

Высокія інфляцыйныя чаканні парадаксальным чынам станоўча адбіваюцца на сітуацыі ў эканоміцы. Яны прымушаюць грамадзянаў больш спажываць, што, у сваю чаргу, стымулюе бізнэс нарошчваць прапанову тавараў і паслуг. Гэта відаць з апытанняў Нацбанка. Сапраўды, большасць грамадзянаў мяркуе, што цяпер дрэнны час для набыткаў, але тых, хто бачыць яго не прыдатным для ашчаджэнняў, – яшчэ больш.

Вынік гэтай тэндэнцыі (разам з павелічэннем намінальных заробкаў) у наяўнасці: раздробны таваразварот паводле вынікаў 4 месяцаў вырас на 9,8% у параўнанні са студзенем-красавіком 2017 г. Пры гэтым аб'ём продажаў харчовых тавараў вырас на 6,8%, а нехарчовых – на 19,2%, у той час як спажывецкія кошты на іх – на 4,1 і 2,4% адпаведна (студзень-красавік гэтага года да студзеня-красавіка 2017 г.). Сярод іншага, толькі ў I квартале сёлета ў краіне было прададзена 33,3 тыс. лядоўняў і маразільнікаў, што на 15,9% больш, чым на год раней, 38,1 тыс. пральных машынаў (+39,3%), 59,5 тыс. тэлевізараў (+48, 6 тыс.). Гэта нямала нават з улікам нізкай базы мінулага года.

Атрымліваецца, грамадзяне засвоілі, што добрых часоў для набыткаў можна і не дачакацца. А таму тыя, хто можа сабе гэта дазволіць, стараюцца не траціць часу, каб не быць заспетым знянацку чарговым воплескам інфляцыі. Нават калі яго не прадбачыцца...

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках