18 красавiка 2024, Чацвер, 8:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як Міхась Забэйда-Суміцкі адраджаў Беларусь песняй

2
Як Міхась Забэйда-Суміцкі адраджаў Беларусь песняй
МІХАСЬ ЗАБЭЙДА-СУМІЦКІ

Ад тэнара беларускага народа не раз дамагаліся, каб ён адмовіўся ад беларускасці.

Выбітнаму спеваку, які вынес на міжнародны ўзровень опернай сцэны беларускую песню, Міхасю Забэду-Суміцкаму споўнілася б 118 гадоў.

Журналісты «Белсату» пабывалі ў мясцінах, звязаных з жыццём Міхася Забэйды-Суміцкага.

Выбітны тэнар гастраляваў па Еўропе, ягоныя песні гучалі праз радыё ў Лондане, Парыжы і Нью-Ёрку. Але гэта не было бесклапотнае жыццё агульнага ўлюбёнцы. Ад Забэйды-Суміцкага не раз дамагаліся, каб ён адмовіўся ад беларускасці, яго пераследавала Гестапа і КДБ.

ЦАРКВА Ў ВЁСЦЫ СЯДЗЕЛЬНІКІ, ДЗЕ ХРЫСЦІЛІ МІХАСЯ ЗАБЭЙДУ-СУМІЦКАГА

Міхась Забэйда-Суміцкі сам дакладна не ведаў, дзе нарадзіўся. Часам запаўняючы анкеты, спявак упісваў месца нараджэння бацькі – вёску Несцеравічы. Ягоная сям’я батрачыла па ваколіцах. Бацька памёр вельмі рана, а з семярых дзяцей да паўналецце дажыў толькі Міхась. Ягоная маці ў гадах дакладна не памятала, дзе нарадзіўся сын. «Можа, у Падароску, а можа, на лузе», – казала жанчына. Тым не менш самым блізкім кутком для сусветна вядомага тэнара сталіся Шэйпічы, дзе прайшлі 15 гадоў яго дзяцінства і юнацтва, дзе стаяў яго дом.

Загінулы след спевака ў Несцеравічах і Падароску

Вёска Несцеравічы знаходзіцца ў Свіслацкім раёне Гарадзенскай вобласці. Вёска маляўнічая, аднак амаль усе хаты сёння стаяць пустыя. Паглядзець, хто наведаўся ў Несцеравічы выйшаў старэнькі мужчына. Пра сям’ю Забэйдаў Іван Міронавіч нічога не ведае, аднак пра самога спевака калісьці чытаў у газеце.

ЖЫХАР НЕСЦЕРАВІЧ ІВАН МІРОНАВІЧ

«Гэта даўно было хіба што. І ніхто тут не знае. Толькі памятаю, што ў «Завеце Ільіча» пісалі. Адзін краязнаўца казаў, што такі тут жыў чалавек. У нас і прозвішчаў такіх не было, наколькі я памятаю. Забэйды ёсць у суседняй Палонцы», – кажа спадар Іван.

Міхась нарадзіўся ў 1900-м годзе. Ужо тады сям’я не жыла ў Несцеравічах, таму не дзіва, што след аб Забэйдах тут цалкам знік. Аднак давайце рухацца далей.

Пра Падароск, які знаходзіцца ў Ваўкавыскім раёне, узгадвала маці Міхася і гэтая версія падаецца цалкам лагічнай, бо ў архіве захавалася выпіска з метрычнай кнігі Сядзельніцкай царквы, сярод якіх значыцца імя Міхаіла сына Івана. Сядзельнікі ад Падароска ляжаць зусім побач. Царква стаіць на могілках, а службы тут праводзяцца адзін раз на месяц.

Шэйпічы: «Тут стаяў яго дом, і тут ён хадзіў да прыгожай дзеўкі Стасі»

ДОМ У ШЭЙПІЧАХ, ДЗЕ ЖЫЛІ СВАЯКІ МІХАСЯ ЗАБЭЙДЫ-СУМІЦКАГА

Шэйпічы аказаліся самым удалым пунктам нашай вандроўкі. Каля поля на пачатку вёскі стаіць памятны камень, які нагадвае, што менавіта тут прайшло дзяцінства Міхася Забэйды-Суміцкага

Пазней юнак вучыўся ў Маладэчанскай настаўніцкай семінарыі, якую з пачаткам вайны эвакуявалі ў Смаленск. Скончыўшы навуку ў 1918 г., Міхась пераязджае да маці ў Сібір. У Расеі на той момант ішла грамадзянская вайна, таму сын забірае маці і разам яны пераязджаюць ажно ў Маньчжурыю ў горад Харбін, куды з’яжджалася таксама расейская інтэлігенцыя.

Менавіта ў Маньчжурыі пачынаецца музычная кар’ера спевака. Хоць юнак вучыўся на юрыста, адначасова яму ўдалося стаць салістам Харбінскай оперы, дзе яго музычныя партыі карысталіся вялікай папулярнасцю. У 1932 г. каб удасканаліць сваё майстэрства, тэнар пераязджае ў Мілан. У Італіі малады спявак бярэ ўрокі ў галоўнага канкурэнта Каруза, Фернанда Карпі.

Неўзабаве ў Міланскай оперы Міхась здабывае шалёную папулярнасць, выконваючы творы на 16 мовах. Аднак праз 3 гады побыту ў Італіі, спявак вымушаны вярнуцца на радзіму, атрымаўшы сумную весту пра хваробу маці. Пасля вяртання ў Шэйпічы ў 1935 г. Міхась Забэйда-Суміцкі дае свой першы канцэрт на радзіме ў суседніх Ружанах. На выступе тэнар заспяваў калыханку сваёй маці, пасля чаго заплаканую выцягнуў яе да сябе на сцэну пад бурлівыя апладысменты.

Забэйду-Суміцкага яшчэ памятае суседка спадарыня Валянціна: «Ён тады меў дзяўчыну, настаўніцу ў нашым сяле. Так яны хораша любіліся. Але нешта не атрымалася. Ён паехаў, яна паехала, так і разышліся. Дзяўчыну клікалі Стася, яна была полькай. Харошай была, прыгожай. Яго хата стаяла за гэтым каменем. Хата была драўляная, як і мая».

Пасля вяртання Міхась зразумеў, наколькі ён патрэбны на радзіме і цалкам сур’ёзна разглядаў магчымасць застацца. Аднак яго слава была мацнейшай. Тады яго гастролі адбываліся па ўсёй Заходняй Беларусі, ажно пакуль спявак не атрымаў працу ў Познані. У Познаньскім оперным тэатры не зразумелі замілавання Забэйды-Суміцкага да беларускіх народных песень, якія спявак стараўся выконваць падчас кожнага свайго выступу.

У 1937 г. ён пачынае працаваць салістам на радыё ў Варшаве. Ягоныя выступы транслявалі радыёстанцыі Парыжа, Прагі, Лондану і нават на іншым кантыненце ў Нью-Ёрку.

Калі пачалася Другая сусветная вайна ён пераязджае ў Прагу, дзе яго пачынае пераследаваць гестапа. Немцы прапанавалі Забэйду-Суміцкаму ўзначаліць беларускія радыёперадачы, якія трансляваліся б на Савецкі саюз. Ад прапановы спявак адмовіўся, за што і пацярпеў. Гестапаўцы назвалі Міхаіла бальшавіцкім агентам і пасадзілі ў турму.

Апошняе вяртанне на радзіму

ВЁСКА ШЭЙПІЧЫ

Пасля вызвалення Чырвонай арміяй яго пачынае пераследаваць КДБ, абвінаваціўшы ў супрацы з ворагам. Пасля вайны спявак застаўся жыць у Празе, а на радзіму яму ўдалося вярнуцца толькі аднойчы – у 1963-м годзе. Пра яго прыезд памятае суседка, якая ў той час жыла ў Шэйпічах, спадарыня Ліда.

«Гэты Забэйда прыязджаў даўно. Бацька расказваў, што яму не дазвалялі прыехаць. Недзе ён там у Еўропе быў, але ў 60-х гг. усё адно прыехаў. Я тады маленькая была, выйшла з хаты. І тут спынілася чорная «Волга». Той мужчына выйшаў і літаральна на хвіліну зайшоў да сваякоў. Забег і ходам паехаў, адразу ў Прагу. Я тады не ведала, хто гэта, потым ужо бацька расказваў. А сваякі жылі тут доўга, але ўжо няма нікога. Бабулю дачка ў Наваельню забрала. На могілках ягоная маці пахаваная», – распавядае жанчына.

Па накіраванні спадарыні Ліды мы знайшлі магілу маці Забэйды-Суміцкага. На яе помніку ёсць надпіс па-беларуску: «Забэйда Алеся Аляксандраўна. Ад сына Міхася», але няма даты нараджэння і смерці жанчыны. Відаць, прыязджаючы ў 1963 г., сын застаў у Шэйпічах толькі пустую хату.

НАДМАГІЛЬНЫ ПОМНІК МАЦІ МІХАСЯ ЗАБЭЙДЫ-СУМІЦКАГА

Міхась Забэйда-Суміцкі да канца жыцця жыў на эміграцыі. Болей за ўсё ў Празе, дзе і быў пахаваны ў 1981 годзе. Пасля сябе гэты таленавіты чалавек пакінуў багацейшую музычную спадчыну, якая з’яўляецца сёння гонарам для беларусаў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках