20 красавiка 2024, Субота, 18:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бюджэтнікаў і студэнтаў сагналі адмываць «Дынама»

21
Бюджэтнікаў і студэнтаў сагналі адмываць «Дынама»
ФОТА: CITYDOG

На ўборку стадыёна сагналі выхавальнікаў, навучэнцаў каледжаў і курсантаў МУС.

Сёння ў СМІ з'явілася інфармацыя аб тым, што на ўборку стадыёна «Дынама» сагналі выхавальнікаў, навучэнцаў каледжаў і курсантаў МУС. Збудаванне ўрачыста адкрыюць 21 чэрвеня з удзелам Лукашэнкі. Tut.by спытаў у дырэктара стадыёна, як ён тлумачыць сённяшнія падзеі.

На рэсурсе Naviny.by апублікаваны артыкул «выхавальнікаў, навучэнцаў і курсантаў МУС сагналі адмываць стадыён «Дынама». У ім гаворка ідзе пра тое, што на днях па навучальных установах некалькіх раёнаў была разасланая папера з «просьбай» аб дапамозе.

Сёння ж паводле звестак выдання выхавальнікі дзіцячых садкоў, навучэнцы і педагогі каледжаў, сябры БРСМ і курсанты прыйшлі мыць і падмятаць стадыён.

- Нам паабяцалі прэмію і адгул. Ну, а хто яшчэ прыйдзе? Гэта ж добраахвотна прымусова, - распавядалі выхавальнікі.

- Гэта ўсё добраахвотна, ні грошай, ні квіткоў нам за гэта не давалі і не абяцалі. Калі б гэта давала нейкі дыскамфорт, то людзей тут бы не было, - казала Надзея Лузіна, якая ў студатрадзе БРСМ за галоўную.

У Міністэрстве адукацыі выданню сказалі, што не бачаць у тым, што адбываецца нічога дрэннага. «Яны проста бяруць удзел у суботніку па акультурванні тэрыторыі, па ўборцы тэрыторыі», - паведамілі ў ведамстве.

Дырэктар стадыёна: «Усіх іх мы, вядома, запросім на адкрыццё»

Дырэктар стадыёна «Дынама» Васіль Аляксеенка кажа, што гэта штатная сітуацыя. Аб'ект рыхтуецца да адкрыцця, і па дапамогу ў пытанні ўборкі ён звярнуўся сам.

- Сваімі сіламі і сродкамі ў нас няма магчымасці зрабіць генеральную ўборку. І я звярнуўся - і людзі пайшлі. Пайшлі са спартыўных арганізацый, пайшлі з адміністрацый, з БРСМ. І ўсіх іх мы, вядома, запросім на адкрыццё стадыёна.

Па-першае, за дапамогай Аляксеенка звярнуўся да свайго наймальніка - у галоўнае ўпраўленне спорту і турызму Менгарвыканкама. Па-другое, ва ўнутраныя войскі, дзе ён праслужыў больш за 30 гадоў і быў камандзірам корпуса.

- Я звярнуўся да намесніка міністра МУС аб аказанні дапамогі. Таму што ведаю: мае былыя калегі, аднапалчане, мне не адмовяць. І яны пайшлі насустрач і дапамагаюць.

Асноўная задача добраахвотнікаў - памыць 22 тысячы крэслаў і перанесці частку мэблі. Са слоў дырэктара стадыёна, запрошаныя людзі працуюць тут па 3-4 гадзіны ў дзень і такім тэмпам скончаць працу ў нядзелю-панядзелак.

Астатнімі ж пытаннямі ўборкі на стадыёне займаюцца клінінгавыя кампаніі, якія наняў генпадрадчык Будтрэст №1. Але чаму тады не ўзяць іх жа і на памыўку крэслаў? Аляксеенка запэўнівае, што пытанне зусім не ў эканоміі.

- Спецыфіка іх дзейнасці ў тым, што яны мыюць буйныя плошчы і шкленне і працуюць машынамі. А мы ручной працай - вядро, ануча і вада.

І такіх на стадыёне - блізу сотні.

- Я вельмі ўдзячны людзям за іх стаўленне і разуменне. Я і сам працую фізічна, і мае падначаленыя таксама. У нас менталітэт чалавека і сям'і такой: калі трэба дапамагчы, то ўсе сваякі збіраюцца і дапамагаюць. Тым больш гэта падарунак гораду, яго жыхарам, і хочацца каб да адкрыцця ўсё было прыгожа.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках