29 сакавiка 2024, Пятніца, 2:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Reuters: Адказныя за парадак на ЧС-2018 казакі ваявалі на Данбасе і ў Сірыі

8
Reuters: Адказныя за парадак на ЧС-2018 казакі ваявалі на Данбасе і ў Сірыі
Архіўныя Фота

Журналісты здолелі ўстанавіць іх асобы.

Расейскія напаўвайсковыя фармаванні, якія сабраліся гарантаваць бяспеку на чэмпіянаце свету ў футболе ў Расеі, ўключалі, у тым ліку казакоў, якія ўдзельнічалі ў таемных ваенных кампаніях Крамля ва Украіне і Сірыі, паведамляе Reuters.

Паводле інфармацыі агенцтва, як мінімум 19 удзельнікаў гэтых фармаванняў змагаліся альбо на баку баевікоў на ўсходзе Украіны, альбо на боку войска прэзідэнта Башара Асада ў Сірыі ў якасці прыватных вайсковых кантрактнікаў.

Журналісты здолелі ўстанавіць іх асобы і пацвердзіць, што яны належалі да напаўвайсковых фармаванняў, звязаўшыся са сваякамі, сябрамі і іншымі казакамі, пасля таго, як гэтыя людзі былі забітыя або ўзятыя ў палон. Гэтая колькасць, імаверна, магла б узрасці, калі б у спіс былі ўключаныя жывыя.

Казакі кажуць, што сальцы атрадаў, якія бяруць удзел ва ўзброеных канфліктах, выступаюць як прыватныя асобы.

Аднак ёсць пацверджанне, што фармаванні казакоў падтрымліваюць такія аперацыі. Перш за ўсё, яны часцяком арганізуюць пахаванні загінулых у баях у Сірыі і ва Украіне з усёй пашанай і публікуюць памінальныя прамовы.

Камандзір казакоў Аляксандр Анішчанка ў размове з Reuters сказаў, што амаль 200 чальцоў казацкага таварыства Усевялікае войска Данское будуць ахоўваць тэрыторыі каля стадыёна Растоў-Арэна падчас матчаў ЧС-2018.

Падчас жорсткіх баявых дзеянняў у пачатку 2015 года атаман Батайскага гарадскога казацкага таварыства Усевялікага войска Данскога Святаслаў Барысаў апублікаваў у сваім профілі ў сацыяльных сетках фатаграфіі, зробленыя на акупаваных тэрыторыях усходу Украіны ўключна з двума здымкамі, на якіх ён стаіць каля згарэлага танка.

Барысаў сказаў на гэтым тыдні, што дастаўляў баевікам гуманітарную дапамогу і не браў удзелу ў баявых дзеяннях.

«Я чыста з гуманітарнай місіяй. Да зброі не датыкаўся. Я дапамагаў людзям, якім холадна і галодна», - сцвярджае ён.

Раман Забалотны, растоўскі казак і чалец Усевялікага войска Данскога, летась быў захоплены баевікамі Ісламскай дзяржавы ў Сірыі, дзе ўдзельнічаў у баявых дзеяннях у якасці прыватнага вайсковага кантрактніка, сказалі ягоныя знаёмыя казакі.

Усяго больш за 800 прадстаўнікоў як мінімум шасці мясцовых атрадаў казакоў будуць патруляваць вуліцы, фан-зоны і месцы базавання каманд цягам пяці тыдняў, пакуль будзе ісці чэмпіянат, сказалі атаманы казацкіх войскаў і рэгіянальныя чыноўнікі.

У некаторых рэгіёнах Расеі яны таксама будуць задзейнічаныя ў якасці сцюардаў або валанцёраў у дні матчаў, сказалі казацкія камандзіры.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках