19 красавiка 2024, Пятніца, 10:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кім беларусы могуць уладкавацца на працу ў Польшчы, Літве, Канадзе і іншых краінах

14
Кім беларусы могуць уладкавацца на працу ў Польшчы, Літве, Канадзе і іншых краінах

У якіх краінах беларусаў гатовыя ўзяць на працу і колькі там можна зарабіць.

Жыхары Баранавічаў, якія незадаволеныя сваімі заробкамі або не могуць знайсці працу, могуць пашукаць вакансію за мяжой. Intex-press даведалася, у якіх краінах беларусаў гатовыя ўзяць на працу і колькі там можна зарабіць.

Чэхія

Хто патрабуецца. Працоўныя будаўнічых спецыяльнасцяў, супрацоўнікі харчовай галіны, спецыялісты ў галіне цяжкай прамысловасці.

Якія ўмовы. Перавага аддаецца спашукальнікам да 40 гадоў, аднак магчымае і працаўладкаванне спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй і вялікім досведам працы, старэйшых за 50 гадоў. Наймальнікі звычайна часткова кампенсуюць выдаткі ў пражыванні і харчаванні.

Які заробак. На працоўных спецыяльнасцях за месяц можна зарабіць ад 1000 даляраў, кваліфікаваным спецыялістам абяцаюць больш высокую аплату.

Як уладкавацца на працу. Для працаўладкавання трэба звярнуцца ў кадравае агенцтва. Там дапамогуць сабраць пакет дакументаў (даведка пра несудзімасць, медыцынская даведка і іншыя), накіраваць іх працадаўцу. Калі наймальнік у адказ дашле запрашэнне на працу, трэба будзе аформіць працоўную візу.

Польшча

Хто патрабуецца. Працоўныя будаўнічых спецыяльнасцяў (рознарабочыя, муляры, цесляры, абліцоўшчыкі), супрацоўнікі харчовай прамысловасці, сезонныя працоўныя на збор ягадаў, гародніны, садавіны.

Якія ўмовы. Узроставых абмежаванняў няма, але на заводы больш шанцаў уладкавацца ў спашукальнікаў да 50 гадоў. Працаваць давядзецца 6 дзён на тыдзень: у будні – 10 гадзінаў, а ў суботу – паводле скарочанага графіка. Некаторыя працадаўцы прапануюць жыллё.

Які заробак. Аплата будаўнічых працаў пагадзінная. У сярэднім – 2,5–3 даляры за гадзіну. За месяц можна зарабіць ад 600 даляраў.

Праца зборшчыкаў гародніны, ягадаў і грыбоў можа аплачвацца з гадзінаў (блізу 2,5 даляра за гадзіну) альбо «з кошыкаў».

Як уладкавацца на працу. Для ўладкавання неабходна звярнуцца ў кадравае агенцтва і заключыць дамову. Там дапамогуць сабраць і аформіць усе неабходныя дакументы і адправяць іх працадаўцу. Калі рэзюмэ наймальніку спадабаецца, ён адправіць запрашэнне на працу. З гэтым запрашэннем у візавым цэнтры трэба аформіць працоўную візу.

Літва

Хто патрабуецца. Кіроўцы-міжнароднікі.

Якія ўмовы. Вакансія кіроўцаў адкрытая для мужчынаў да 50 гадоў, з досведам працы ад 1 года ў сваёй катэгорыі.

Які заробак. Месячны заробак кіроўцаў-міжнароднікаў пачынаецца з 1000 еўраў.

Як уладкавацца на працу. Каб уладкавацца на працу, трэба прыйсці на сумоўе ў кадравае агенцтва. Спашукальніку трэба мець правы кіроўцы неабходнай катэгорыі, дакументы пра стан здароўя і медыцынскую страхоўку. Усе дакументы дапамогуць аформіць у агенцтве.

Нямеччына, Нідэрланды

Хто патрабуецца. Праграмісты.

Якія ўмовы. Спашукальнікі павінны мець вышэйшую адукацыю, досвед працы і валодаць ангельскай і нямецкай мовамі.

Які заробак. Заробак залежыць ад канкрэтнага працадаўцы і досведу працы спашукальніка. Першы час можна спадзявацца на 2000–2500 еўраў за месяц.

Як уладкавацца на працу. Трэба адправіць рэзюмэ з апісаннем досведу працы на ангельскай мове ў кадравае агенцтва, пасля чаго спашукальніка запросяць на гутарку, дзе правераць узровень валодання замежнымі мовамі. Далей – інтэрв'ю з працадаўцам. Калі абодва бакі ўсё задаволіць, працадаўца прапануе падпісаць кантракт.

ЗША, Канада

Хто патрабуецца. Працу ў Амерыцы і Канадзе прапануюць уладальнікі круізных лайнераў. Вакансіі для беларусаў прапануюць розныя: кухар, афіцыянт, фатограф, прадавец, пакаёўка і адміністратар.

Якія ўмовы. Працадаўцы ставяць дзве ўмовы: узрост – 21–33 гады і веданне ангельскай мовы. У спашукальнікаў з досведам працы ў выбраным напрамку шанцаў з'ехаць на працу больш.

Які заробак. Заробак залежыць ад працы, якую выконвае чалавек. У месяц на лайнеры можна зарабіць ад 1000 даляраў. Пры гэтым выдаткі на пражыванне і харчаванне кладуцца на працадаўцу. Варта ведаць, што на такой працы практычна няма выходных.

Як уладкавацца на працу. Каб уладкавацца працаўніком на круізны лайнер, трэба прайсці інтэрв'ю спачатку ў кадравым агенцтве, а потым – з працадаўцам. Пасля гэтага афармляецца віза, медыцынская даведка і страхоўка.

ААЭ, Катар

Хто патрабуецца. У Эміратах і Катары беларусам прапануюць вакансіі ў гатэльнай сферы і працу ў авіякампаніях.

Якія ўмовы. На працу запрашаюць людзей ва ўзросце ад 19 (ад 21 для працы ў авіякампаніях) да 33 гадоў, якія валодаюць гутарковай ангельскай і маюць досвед працы ў падобнай сферы. Але ўладкавацца можна і без досведу працы.

Які заробак. Заробак залежыць ад вакансій і канкрэтнага працадаўцы. Недзе супрацоўніку бясплатна прапануюць сацпакет з харчаваннем і пражываннем, недзе ўсе выдаткі вылічваюць з заробку. Аклад прадаўца-кансультанта ў катарскай dute-free, напрыклад, пачынаецца ад 850 даляраў, даплаты залежаць ад таго, як чалавек будзе працаваць.

Як уладкавацца на працу. Каб з'ехаць у Эміраты, трэба прайсці сумоўе ў кадравым агенцтве. Для гэтага трэба адправіць сваё рэзюмэ і чакаць запрашэння. Калі першае сумоўе пройдзе паспяхова, спашукальніка запросяць на другое – з прамым працадаўцам. Наймальніку важныя прыстойны вонкавы выгляд супрацоўніка і ўзровень валодання мовай.

Пасля сумоўя працадаўца прапануе падпісаць кантракт.

Фінляндыя

Хто патрабуецца. Зборшчыкі і сартавальнік ягадаў, трактарысты і іншыя сельскагаспадарчыя супрацоўнікі.

Якія ўмовы. Жанчыны ва ўзросце ад 20 да 40 гадоў, моцнае здароўе і досвед сельскагаспадарчых працаў. Вітаецца наяўнасць пасведчання кіроўцы катэгорыі "В" і досвед сельскагаспадарчых працаў. Веданне мовы не патрабуецца. Даўжыня кантракта ў асноўным ад 1,5 да 2,5 месяца з чэрвеня да верасня. Працадаўца дае месца ў інтэрнаце альбо на здымнай кватэры, за якое з заробку кожны месяц будуць вылічваць 100–140 еўраў. Выдатак на харчаванне (блізу 20–30 еўраў за тыдзень) таксама вылічваецца з штомесячнага заробку.

Які заробак. Аплата ў зборшчыкаў ураджаю здзельная. За кілаграм ягадаў плацяць блізу 1 еўра. Заробак залежыць ад надвор'я: калі халадае, ураджаю выспявае менш.

Як уладкавацца на працу. Запоўніць анкету на сайце кадравага агенцтва і выслаць яе на электронную пошту. Пасля апрацоўкі анкеты агент прызначыць сумоўе. А пасля паспяхова пройдзенай гутаркі дапаможа сабраць усе дакументы для працаўладкавання.

Колькі каштуюць паслугі кадравага агенцтва

Кадравае агенцтва – гэта пасярэднік паміж спашукальнікам і наймальнікам. Яно дапамагае сабраць неабходныя дакументы і адправіць іх працадаўцам. Паслугі такіх агенцтваў платныя. Каштуюць у сярэднім ад 150 да 300 даляраў (кошт залежыць ад таго, ці валодае спашукальнік патрэбнымі навыкамі і на якую вакансію прэтэндуе). Паводле інфармацыі журналістаў, часцей за ўсё аплата паслуг адбываецца паводле факта, калі наймальнік гарантавана бярэ чалавека на працу і заключае з ім дамову.

Поўны спіс агенцтваў, якія працаўладкоўваюць беларусаў за мяжой, можна знайсці на сайце МУС.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках