29 сакавiка 2024, Пятніца, 9:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Магілёўскі акцёр: раздрукую разлік і выйду з ім на плошчу

13
Магілёўскі акцёр: раздрукую разлік і выйду з ім на плошчу
УЛАДЗІМІР ПЯТРОВІЧ

Уладзімір Пятровіч паказаў, колькі зарабіў за месяц.

Акцёр Магілёўскага драматычнага тэатра Уладзімір Пятровіч заклікаў суграмадзянаў «паказаць, колькі мы зарабляем». На сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» ён апублікаваў разлік з травеньскім заробкам. За 25 працоўных дзён яму налічылі 348 рублёў 42 капейкі ($ 174), паведамляе «Радыё Свабода».

«Хай адкажуць, дзе растыражаваны афіцыйнымі СМІ заробак на 921 рубель?!» – падпісаў зварот магілёўскі акцёр.

У разліку пазначана: Уладзімір Пятровіч – вядучы майстар сцэны. Ягоны аклад – 160 рублёў 62 капейкі. 348 рублёў акцёру «набегла» з надбаўкамі. Разам з авансам «на рукі» ён атрымае 297 рублёў 86 капеек.

Акцёр заяўляе, што збіраўся раздрукаваць разлік вялікім фарматам і выйсці з ім на плошчу, каб так прывабіць увагу да жабрацкага жыцця акцёраў. Але, кажа, такі намер адклаў, бо «канчаткова не саспеў».

«Гэтае жабрацкае існаванне забівае», – абураецца акцёр.

«Калі ў мяне пытаюцца, колькі зарабляю, то я пазбягаю адказу. І не таму, што гэта камерцыйная таямніца, а таму, што ў памер заробку людзі не вераць. Для многіх прафесія акцёра прэстыжная, і думаюць, што мы ў грашах купаемся. А на самай справе – у галечы. Аклад вядучага майстра сцэны ніжэйшы за пражыткавы мінімум – 160 рублёў», – тлумачыць ён.

Юбілей тэатра не дадаў да заробку бонусаў

Уладзімір Пятровіч працуе ў Магілёўскім тэатры 38 гадоў. Ён паставіў 20 разнапланавых спектакляў і сыграў больш за сотню роляў. Ён першым паставіў спектакль паводле твора нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч «Час сэканд-хэнд». Апошняя ягоная пастаноўка – «Таямніцы старой ратушы».

Прэм'ерай гэтага спектакля 15 траўня магілёўскі тэатр адзначыў 130-годдзе. Тыя самыя 348 рублёў 42 капейкі Уладзіміру Пятровічу налічылі якраз за месяц, калі тэатр святкаваў юбілей.

Паводле словаў акцёра, юбілейны месяц не дадаў прыкметных бонусаў да заробку, бо занятасць у тэатры прыроўненая да ўдзелу ў спектаклі.

«У гэты час я выпускаў "Таямніцу старой ратушы", і атрымліваецца, што нібыта "не працаваў", бо рэпетыцыйныя балы напалову меншыя, чым за спектакль. Вядома ж, мне нешта налічылі, але менш, чым тым, хто быў заняты ў пастаноўцы», – кажа ён.

Акцёры падзарабляюць, рамантуючы кватэры

Паводле ягоных словаў, механізм налічэння заробку акцёру вельмі блытаны, і таму, хто не дасведчаны ў праблемах нюансаў тэатральнай бухгалтэрыі, разабрацца ў іх цяжка. Акрамя тарыфнай стаўкі, кажа ён, акцёр атрымлівае балы за працу.

«Калі шмат акцёраў трупы набрала шмат балаў, то ім усім выплацяць невялікую суму, бо іх шмат. У адваротным выпадку сума будзе большай, але выплаты будуць вагацца паміж 60–70 рублямі», – кажа Уладзімір Пятровіч.

У акцёраў, прадаўжае ён, нефіксаваны працоўны дзень. Ягоны графік залежыць ад таго, ці ёсць у вызначаны дзень спектакль, і тады да яго прывязваюцца рэпетыцыі.

«Мы можам кудысьці выязджаць, – тлумачыць акцёр, – а 7-й раніцы і вярнуцца а поўначы, і гэта будзе называцца працоўным днём».

Спадзявацца на падпрацоўку ў творчай галіне, кажа ён, магілёўскім акцёрам не даводзіцца. У Менску ж такія магчымасці ёсць на тэлебачанні, кінастудыі, у рэкламе. Іх выкарыстоўваюць тамтэйшыя акцёры.

«Магілёўскія ж акцёры шукаюць занятак у іншых сферах, – кажа суразмоўца. – Напрыклад, некаторыя рамантуюць кватэры. Але зразумела, што на спектакль яны прыходзяць стомленыя, у іх няма той энэргіі, якую яны маглі б мець».

У нас усё скочваецца да маргінальнасці і дэградацыі

Усё ж, нягледзячы на цяжкасці, Уладзімір Пятровіч мяркуе, што беларускія тэатры не застануцца без акцёраў. Гэтая прафесія, на ягоную думку, пакуль застаецца запатрабаванай, хоць ранейшых конкурсаў на яе амаль няма.

«У 18–25 гадоў чалавек захоплены і поўны ідэй і асабліва не задумваецца, а часам не звяртае ўвагі на папярэджанні пра цяжкасці. Маладыя людзі пераконваюць сябе, што змогуць, выстаяць і застануцца ў прафесіі. А пазней сыходзяць, – кажа пра сітуацыю з маладымі тэатральнымі кадрамі суразмоўца. – З нашага тэатра нямала сышло маладых перспектыўных акцёраў. З'явілася сям'я, нарадзілася дзіця, якое трэба карміць. У мяне быў спектакль – з яго сышлі трое маладых акцёраў, і пастаноўку давялося спісаць».

Уладзімір Пятровіч мяркуе, што ва ўладзе на першым месцы стаіць зусім не культура. У ейным лексіконе, на ягоную думку, і слова такога няма.

«У нас усё скочваецца да маргінальнасці і дэградацыі, таму навошта ў такой сітуацыі высокая культура? – кажа ён. – Яе праявы не трэба забараняць, абмяжоўваць, бо ўсё само вымрэ».

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках