29 сакавiка 2024, Пятніца, 17:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці быць дзяржаве «Паўночная Македонія»?

Ці быць дзяржаве «Паўночная Македонія»?
ФОТА З САЙТА FLICKR.COM

Як Грэцыя прымусіла Македонію змяніць назву краіны.

Афіны і Скоп'е дасягнулі прагрэсу ў перамовах у спрэчным пытанні пра назву Македоніі. Прэм'ер-міністр Грэцыі Алексіс Цыпрас 12 чэрвеня праінфармаваў грэцкага прэзідэнта Пракопіса Паўлопуласа пра тое, што Афіны прызнаюць суседнюю дзяржаву пад назвай "Паўночная Македонія". Але перш гэты крок павінен ухваліць грэцкі парламент, піша dw.com.

"Пастанова грэцкага боку дазволіць захаваць этнічную і культурную ідэнтычнасць", – заявіў, у сваю чаргу, прэм'ер-міністр Македоніі Зоран Заеў. Зрэшты, ягоны аптымізм падзяляюць далёка не ўсе: у Скоп'і ў пачатку чэрвеня прайшла шматтысячная акцыя пратэсту супраць перайменавання краіны. Яна стала адказам на планы ўрада правесці рэферэндум пра новую назву дзяржавы.

Чаго асцерагаюцца Афіны

Спрэчка вакол назвы Македоніі паўстала ў 1991 годзе пасля абвяшчэння незалежнасці гэтай былой югаслаўскай рэспублікі. Афіны непакоіліся, што ў выпадку замацавання назвы Македонія за суседняй краінай Скоп'е можа абвесціць тэрытарыяльныя прэтэнзіі на паўночнагрэцкі рэгіён, які гістарычна называецца Македоніяй. Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны кіраўнік Югаславіі Іосіп Броз Ціта выказаў меркаванне, што прыбярэжная частка Грэцыі, уключаючы горад Салонікі, павінна належаць Югаславіі.

Праз грэцкую пазіцыю афіцыйная назва Македоніі ў ААН з 1993 года – "Былая Югаслаўская Рэспубліка Македонія". Акрамя таго, праз нязгоду Афінаў урад у Скоп'і не можа пачаць перамовы пра ўступленне ў Еўразвяз. Грэцыя таксама наклала вета на ўступленне Македоніі ў NATO. Калі бакі здолеюць дамовіцца, Македонія зможа прэтэндаваць на сяброўства ў NATO і пачне паскораную падрыхтоўку да гэтага працэсу.

Ці быць "Паўночнай Македоніі"?

Каментуючы прагрэс у пытанні назвы Македоніі, грэцкі прэм'ер Цыпрас у інтэрв'ю аднаму з мясцовых каналаў заявіў: "Гэта вялікая дыпламатычная перамога, але і вялікі гістарычны шанец". Раней фігуравалі наступныя варыянты назвы: Іліндэнская Македонія, Верхняя Македонія, Македонія-Скоп'е. Назву "Паўночная Македонія", калі бакі пра яе канчаткова дамовяцца, Цыпрас мяркуе erga omnes, гэта значыць, паводле міжнароднага права, абавязковай для ўсіх дзяржаваў. Але ці адбудзецца фактычнае перайменаванне, пакуль не зусім ясна, паколькі больш за 140 краінаў свету раней прызналі балканскую дзяржаву менавіта пад назвай Рэспубліка Македонія, якая фігуруе і ў македонскай Канстытуцыі.

"Менавіта ад erga omnes – неабходнасці прызнання новай назвы ўсімі краінамі свету – залежыць, ці пачне дзеянне пагадненне, дасягнутае паміж Афінамі і Скоп'ем", – кажа ў інтэрв'ю DW Ёргас Цагопулас, дацэнт кафедры міжнародных стасункаў Універсітэта Фракіі.

Асцярожна ацэньвае перспектыву пагаднення пра змену назвы краіны і Канстанцінас Філіс, дырэктар даследчай працы ў Афінскім інстытуце міжнародных стасункаў: "Асноўны напрамак, у якім рухаюцца бакі ў працэсе перамоваў, я расцэньваю пазітыўна". Пры гэтым існуюць некаторыя пытанні, якія пакуль застаюцца адкрытымі, напрыклад, ці прызнае Грэцыя македонскую мову і ці магчыма "паўночнамакедонскае" грамадзянства. Усё гэта павінна быць дакладна пазначана ў пагадненні, якое маюць намер падпісаць прадстаўнікі бакоў, тлумачыць Філіс.

Стасункі з Македоніяй залежаць ад грэцкага парламента

Паводле некаторых звестак, Цыпрас і ягоны македонскі калега Заеў павінны на днях падпісаць гістарычны дакумент у ходзе сустрэчы, якая меркавана адбудзецца на возеры Прэспа. Але перад гэтым міністр замежных справаў Македоніі Нікола Дзімітраў наведае Берлін. Між тым грэцкі міністр замежных справаў Нікас Котзіяс агучыў сваю пазіцыю ў гэтым пытанні ў інтэрв'ю грэцкаму тэлевізійнаму каналу Kontra Channel: "Нам трэба пагадненне на стагоддзі, з якім будуць згодныя народы".

Грэцкі міністр задаволены вынікамі перамоваў з суседняй рэспублікай. Ён падкрэслівае, што ў Грэцыі атрымалася дамагчыся свайго ў пытаннях прызнання існых межаў, тэрытарыяльных дамаганняў, пазіцыі адносна спекуляцый пра нацыянальныя меншасці, а таксама статусу erga omnes для новай назвы Македоніі.

Між тым супраць падпісання дамовы з суседняй дзяржавай выступаюць грэцкія правыя папулісты з партыі "Незалежныя грэкі" – малодшага партнёра ў кіроўчай кааліцыі Цыпраса. Гэтая партыя супраць любога кампрамісу з Македоніяй. Кіраўнік "Незалежных грэкаў" і міністр абароны Грэцыі Панос Каменос нават экстрана склікаў прэс-канферэнцыю пасля таго, як стала вядома, што бакі дасягнулі прагрэсу ў перамовах аб назве Македоніі.

Каменос заявіў, што нічога не змянілася ў спрэчцы пра назву Македоніі, і прыгразіў дэпутатам ад сваёй партыі выгнаць іх з партыйных шэрагаў, калі яны прагаласуюць за падпісанне пагаднення. Пры гэтым ён запэўніў, што застанецца ў складзе кіроўнай кааліцыі, нават калі Цыпрас пойдзе на кампраміс і падпіша пагадненне з македонскім бокам.

Без галасоў "Незалежных грэкаў" прэм'ер Цыпрас не зможа атрымаць неабходную для падпісання дакумента большасць у парламенце і вымушаны будзе звярнуцца па падтрымку да парламенцкай апазіцыі, прадстаўленай сацыялістамі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках