24 красавiка 2024, Серада, 20:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Трыумф беднасці» ў Магілёве пабудуюць за кошт гараджан

16
«Трыумф беднасці» ў Магілёве пабудуюць за кошт гараджан

Грошы на Трыумфальную арку будуць вылічваць з заробкаў магілёўцаў.

Каб дабудаваць шматпакутную арку ў Магілёве да прыезду кіраўнікоў Беларусі і Расеі, грошы будуць вылічваць з заробкаў, паведамляе nb.by.

Пабудаваць трыумфальную арку на ўездзе ў Магілёў у 2017 годзе прапанавалі мясцовыя ўлады: яна павінна была стаць падарункам да 750-годдзя горада.

Амаль адразу было прапанавана, каб падарунак фінансаваўся народам: у банку адкрылі спецыяльны рахунак па збору сродкаў. Усяго ўдалося сабраць 104,7 тысяч рублёў, ахвяраванняў гараджан (але трэба было блізу 750 тысяч даляраў).

АРКА Ў ПРАЕКЦЕ

Але існуючых грошай не хапіла, будаўніцтва замарозілі і падарунак у выглядзе гатовай аркі горад на свой юбілей не атрымаў.

Сёння ж для завяршэння працы абраны новы арыенцір: пяты форум рэгіёнаў Беларусі і Расеі, які пройдзе ў Магілёве ў верасні. Наведаць яго нібыта збіраюцца прэзідэнты абедзвюх краін.

Каб паспець у новы тэрмін, у Магілёве абвясцілі новы збор сродкаў. Пра гэта распавёў на сваёй старонцы ў фэйсбуку Дзяніс Васількоў.

ФОТА СА СТАРОНКІ ДЗЯНІСА ВАСІЛЬКОВА Ў ФЭЙСБУКУ

«Апошнія месяцы арка стала трыумфам беднасці, правалаў і пасмешышча. І гэта вельмі сумна, сябры. Асабліва ў святле апошніх навінаў, калі просяць дапамагчы ў будаўніцтве не самых багатых людзей горада, а звычайных работнікаў. І не просяць, а збіраюцца вылічваць грошы з заробку. Чаго чакаць ад гараджан у такім выпадку? Ды плявацца ўсе будуць на гэтую арку. Брыдка! Удвая брыдка тое, што мы ўсе разаб'ёмся ў аладку для прыезджых гасцей, якія нават пра гэта не прасілі. Яны нават не згадаюць гэты горад. Гэтая правінцыйнасць і жаданне зрабіць глянец на загад - ад яе ванітуе. Памятаць жа пра Магілёў будуць у кантэксце: «А, гэта той правінцыйны горад, дзе не маглі дабудаваць трыумфальную арку», - абураецца Дзяніс.

СЁННЯШНІ ВЫГЛЯД АРКІ.
ФОТА СА СТАРОНКІ ДЗЯНІСА ВАСІЛЬКОВА Ў ФЭЙСБУКУ

Мясцовыя жыхары таксама не ў захапленні ад таго, што адбываецца. Яшчэ да пачатку будаўніцтва грамадскія актывісты крытыкавалі праект і прапаноўвалі выдаткаваць грошы на іншыя, больш карысныя для горада рэчы: напрыклад, на ачыстку Святога возера. Сёння ж людзі наогул абураныя сітуацыяй.

«Будаўніцтва аркі спынілася. Як я разумею, не стае грошай на дарагое аздабленне. Для мяне тыя, хто будуе аркі сёння, ментальна засталіся жыць у 19 стагоддзі. Да 750-годдзя адкрыць арку яшчэ было больш-менш лагічна: усе былі на эмацыйным уздыме, усё ж такі свята толькі раз у 750 гадоў здараецца. Калі б у мяне папрасілі грошы на яе далейшае будаўніцтва, я б не даў, таму што арка не адпавядае ні маім эстэтычным каштоўнасцям, ні маёй палітыцы размежавання сродкаў. Мінулы мэр ўвайшоў у гісторыю горада тым, што адбудаваў магілёўскую ратушу. Сённяшняе кіраўніцтва запомніцца безгустоўнымі львамі, якіх штурхаюць паўсюль, і вось гэтай аркай. На жаль, не пашанцавала Магілёву з людзьмі ва ўладзе, якія б мелі мастацкі густ, у іх сваё разуменне прыгажосці: ім хочацца трыумфу. У той жа момант гэтыя людзі дазваляюць разбураць старыя дамы: на днях у горадзе зруйнавалі будынак 20 стагоддзя на Ленінскай, 59», - распавёў мясцовы жыхар Дзмітрый Дзмітрыеў.

На думку гісторыкаў, у сённяшняй арцы для Магілёва няма ніякага сэнсу, адно «марнаванне грошай».

«У Магілёва ўжо была свая магчымасць мець сваю трыумфальную арку на манер парыжскай. Але гэту магчымасць мы страцілі, калі тую браму разбурылі ў канцы 1920-х гадоў, каб яны не перашкаджалі руху», - мяркуе гісторык Алег Лісоўскі.

НА ФОТА: ЧАРНІГАЎСКАЯ ВУЛІЦЫ (ЦЯПЕР ПРАСПЕКТА ПУШКІНА) З ЧАРНІГАЎСКАЙ БРАМАЙ НА ЁЙ (СТАЯЛА НА ПЕРАКРЫЖАВАННІ СУЧАСНЫХ ВУЛІЦЫ ПУШКІНА І АСТРОЎСКАГА). 1918 ГОД.

«Будуючы недарэчную танную копію на ўскраіне горада, мы не набываем магчымасць мець гарадскую славутасць. Такія новабудоўлі на фоне страчанай аўтэнтычнай архітэктуры выглядаюць як здзек. Гэта як украсці ў чалавека дарагое аўто, а замест яго пакінуць ровар, каб неяк кампенсаваць гаспадару страту. Чыноўнікі хацелі напусціць залатога пылу ў вочы, але золата ім не хапіла», - каментуе Лісоўскі.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках