19 красавiка 2024, Пятніца, 16:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гішпанію западозрылі ў таемным шпіянажы за Пучдэмонам

Гішпанію западозрылі ў таемным шпіянажы за Пучдэмонам

Бельгія правядзе спецыяльнае расследаванне.

Бельгійскія ўлады правядуць расследаванне у сувязі з магчымым сачэннем гішпанскіх спецслужбаў за былым лідарам Каталоніі Карлесам Пучдэмонам у Бельгіі без яго ведама.

Адпаведнае расследаванне пачаў камітэт, які кантралюе федэральную службу выведкі, піша De Tijd.

Расследаванне ініцыяваў Пітэр Буйсроге, чалец правага фламандскага альянсу (N-VA).

«Я хачу ведаць, ці мела месца ўмяшанне гішпанскай выведкі або службы бяспекі на нашай тэрыторыі, і калі так, то ці адбылося гэта з ведама бельгійскіх федэральных службаў бяспекі?» - сказаў ён.

Буйсроге просіць праверыць заявы пра тое, што гішпанскія ўлады задзейнічалі шэраг сакрэтных агентаў і змясцілі перадатчык GPS пад аўто Пучдэмона, пакуль ён быў у Бельгіі.

Чальцы бельгійскай партыі N-VA, якая часам заклікае да распаду Бельгіі і адкрыта падтрымлівала сепаратыстаў у Каталоніі, выказалі падтрымку Пучдэмону пасля рэферэндуму аб незалежнасці Каталоніі ў кастрычніку 2017 года, заявіўшы, што зрынуты каталонскі лідар можа шукаць прытулку ў Бельгіі.

Пучдэмон збег у Бельгію пасля галасавання за незалежнасць, якое Мадрыдам было прызнанае неканстытуцыйным. Яму выстаўленыя абвінавачванні, у тым ліку ў мяцяжы і нямэтавым выкарыстанні дзяржаўных сродкаў у Гішпаніі. Цяпер Пучдэмон знаходзіцца ў Нямеччыне, дзе ўлада не задавальняе просьбу Гішпаніі аб ягонай выдачы.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках