21 верасня 2018, Пятніца, 21:41
Нам патрэбна ваша дапамога
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Улада сама раздзімае канфлікт у Курапатах

9
ЗМІЦЕР БАНДАРЭНКА

У нежаданні развязаць сітуацыю вінаватыя беларускія чыноўнікі.

Пра гэта ў інтэрв'ю сайту Charter97.org заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка.

– Вы былі адным з абаронцаў Курапатаў у 2001–2002 гадах. Чаму гэтая праблема паўстала перад беларусамі зноў і зноў давялося абараняць мемарыял?

– Так, на жаль, гісторыя паўтараецца. Яна паўтараецца з адной простай прычыны: не зробленыя гістарычныя высновы. Мы ведаем, што яшчэ ў савецкі час, а потым у першыя гады незалежнасці было даказана, што ў Курапатах знаходзяцца масавыя пахаванні людзей, якія былі забітыя супрацоўнікамі НКУС.

Але Лукашэнка некалькі разоў спрабаваў «аспрэчыць» гэтыя высновы і некалькі разоў даваў даручэнні «разабрацца»: «нямецкія фашысты» там забівалі людзей або не «нямецкія фашысты».

І хоць гісторыкі даказалі бясспрэчны факт масавага знішчэння савецкіх грамадзянаў (і грамадзянаў краінаў, акупаваных СССР), мы ў той самы час бачым міністра ўнутраных справаў Беларусі, які фарсіць у форме НКУС.

Мы чуем цяпер ад апалагетаў расейскага свету лозунг: «Калі трэба – паўторым». Гэта – выразны сігнал свету, у першую чаргу, і грамадзянам Беларусі, што кіраўніцтва нашай краіны, калі трэба, паўторыць расстрэлы НКУС. Тым больш што Беларусь – адзіная краіна Еўропы, дзе не скасаванае смяротнае пакаранне і перыядычна адбываюцца расстрэлы ўласных грамадзянаў.

Мабыць, у гэтым і ёсць галоўная прычына таго, што перыядычна ўзнікаюць канфлікты вакол народнага мэмарыялу ў Курапатах.

– У чым асаблівасць сённяшняй сітуацыі і сённяшняга канфлікту ў Курапатах?

– Мы бачым цяпер, што канфліктную сітуацыю ствараюць самі ўлады.

Пра многае сведчыць ужо сама інфармацыя, што генеральная пракуратура Беларусі некалькі гадоў таму вызначыла, што будаўніцтва рэстарана, які тады называўся «Бульбаш-хол», незаконнае.

Тым не менш рэстаран з'явіўся – з новай заліхвацкай назвай.

Відавочна, што ў гэтым вінаватая сама ўлада: альбо гэта была пастанова «зверху», альбо пастанова якіх-небудзь выканаўцаў, мог быць і карупцыйны складнік у гэтай сітуацыі. У выніку паўстаў канфлікт.

Большасць маральных аўтарытэтаў Беларусі кажуць, што знаходжанне падобнай установы ў Курапатах – недапушчальнае.

Таму ўлада павінна сваёй пастановай зачыніць гэтую ўстанову, каб выкарыстоўваць пабудовы паводле прызначэння: падумаць, як зрабіць іх часткай музея або мемарыялу.

Калі ўлада мяркуе, што будаўніцтва было законным, значыць бізнэсмэнам, уладальнікам гэтай нерухомасці, улада павінна кампенсаваць іхнія выдаткі і зняць канфлікт і напружанне ў грамадстве.

А калі будаўніцтва было незаконным, улада павінна разабрацца з чыноўнікамі: хто даў санкцыю на незаконнае функцыянаванне гэтай забаўляльнай установы.

І на гэтым пытанне павінна быць вычарпанае.

– Медыцынскае правіла абвяшчае: лепш лекаваць прычыну хваробы, а не сімптом. Як, на Вашу думку, трэба будаваць стратэгію абароны Курапатаў цяпер, каб змагацца з прычынай, а не з яе праявамі?

– Я ўжо казаў: каб змагацца з прычынамі, мабыць, трэба змяніць уладу ў Беларусі. Таму што ў ёй хаваецца не толькі прычына, але і пагроза паўтарэння страшнай трагедыі.

Тым больш што ўсе мы бачым, як сёння ўзмацняецца таталітарызм у Беларусі. Ужо з'яўляюцца сумна вядомыя пазасудовыя «тройкі», якія будуць вызначаць лёс, пытанні свабоды і нават жыцця беларускіх грамадзянаў.

У гэтай сітуацыі, я думаю, неабходны масавы ўдзел беларускага грамадства ў гэтай праблеме. Трэба таксама звяртанне ўвагі міжнароднай грамадскасці, замежных дыпламатаў, праваабарончых арганізацый, замежных медыя да таго, што адбываецца ў Беларусі.

І вядома ж, трэба падтрымаць тых мужных людзей, якія, рызыкуючы ўласнай свабодай і здароўем, прыходзяць у Курапаты і спрабуюць дамагчыся закрыцця скандальнай установы каля народнага мемарыялу. І калі ёсць у Беларусі смелыя людзі, якія жадаюць неяк паўплываць на сітуацыю ў краіне і якія мяркуюць, што беларусы маюць уласную годнасць, то яны проста павінны прыйсці і падтрымаць актывістаў у Курапатах.

Гэта неабходна, каб паважаць сябе як народ, як людзей, як хрысціянаў.