17 красавiка 2024, Серада, 0:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы зрушыліся ў рэйтынгу пітушчых на 27-е месца ў свеце

25
Беларусы зрушыліся ў рэйтынгу пітушчых на 27-е месца ў свеце

У нас на аднаго чалавека выпіваюць 11,2 літра чыстага спірту.

Беларусь у апошняй справаздачы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя апынулася на 27-м месцы ў спажыванні алкаголю на душу насельніцтва. У нас на аднаго чалавека выпіваюць 11,2 літра, піша tut.by.

Больш за ўсё п'юць у Малдове – 15,2 літра. Цікава, што з 2010 да 2016 года, за якія прыводзіцца статыстыка, беларусы з самай пітушчай нацыі ў свеце апынуліся ў сярэдзіне рэйтынгу краінаў Еўропы.

СААЗ апублікавала справаздачу, у якой Беларусь не ўваходзіць нават у дваццатку пітушчых краінаў. Гэта апошнія звесткі, але яны актуальныя на 2016 год, таму што збіраліся за гэты перыяд.

У выніку Беларусь займае 27-е месца ў свеце паводле спажывання алкаголю на душу насельніцтва ва ўзросце ад 15 гадоў, і гэта 11,2 літра чыстага спірту. Першае месца з 15,2 літра заняла Малдова, другое – Літва (15 літраў), трэцяе – Чэхія (14,4 літра), чацвёртае – Нямеччына (13,4), пятае Люксембург (13 літраў). У Польшчы выпіваюць 11,6 літра, у Расеі – 11,7 літра, ва Украіне – 8,6 літра.

Цікава, што яшчэ летась паведамлялася, што, паводле звестак СААЗ, у нас на той самы 2016 год 16,4 літра алкаголю на чалавека, і гэта другое месца ў свеце пасля Літвы.

Звесткі нацыянальнай статыстыкі адрозніваліся ад звестак СААЗ. Паводле звестак Белстата, беларусы выпілі ў 2016 годзе 8,8 літра алкаголю на душу насельніцтва. У 2015 годзе – 9,3 літра. Як стала вядома, нацыянальная статыстыка ўлічвае паказнік продажаў алкаголю, разлічваючы яго на ўсе групы насельніцтва. СААЗ ж, беручы пад увагу ацэнкі экспертаў, выводзіць паказнік спажывання алкаголю на людзей з 15 гадоў.

Цікава, што, паводле статыстыкі СААЗ, у 2011 годзе нашы грамадзяне выпілі 17,31 літра алкаголю на душу насельніцтва. У наступныя гады спажыванне алкаголю падала: 16,35 літра ў 2012 годзе, 14,66 – у 2013-м, 13,94 – у 2014-м.

Нагадаем, што раней у асобным дакладзе СААЗ, прысвечаным менавіта спажыванню алкаголю і здароўю, на кожнага жыхара нашай краіны, старэйшага за 15 гадоў, у 2010 годзе прыпадала 17,5 літра алкаголю. На той момант мы былі самай пітушчай нацыяй у свеце.

Паводле звестак СААЗ, спажыванне чалавекам больш за 8 літраў не толькі нясе пагрозу ягонаму здароўю, але і вядзе да дэградацыі грамадства, зніжэння працоўнай прадуктыўнасці і ўплывае на наступныя пакаленні. Так што ўсё роўна спажыванне алкаголю ў нашай краіне нават на ўзроўні 11,2 літра на чалавека лічыцца высокім.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках