29 сакавiка 2024, Пятніца, 9:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі ствараюцца «лукашэнкаўскія тройкі»

47
У Беларусі ствараюцца «лукашэнкаўскія тройкі»

У гэтай сітуацыі вулічныя акцыі – галоўная кнопка ўплыву на ўладу.

Ва ўсёй Беларусі, у адпаведнасці са скандальным дэкрэтам аб «дармаедах», ствараюцца сталыя камісіі. Улады маюць намер зрабіць іх закрытымі. Асабліва адзначаецца, што вердыкт «дармаедскіх камісій» будзе насіць канчатковы характар, без магчымасці абскарджання.

Што ўлады хочуць схаваць ад беларусаў? Што можна супрацьпаставіць гэтым дзеянням рэжыму? На гэтыя і іншыя пытанні сайту Charter97.org адказала рэжысёрка, грамадская актывістка, лаўрэатка прэміі «Хартыі-97» за 2017 год Вольга Нікалайчык:

– Натуральна, рэжым хоча зрабіць «дармаедскія камісіі» закрытымі, бо гэта незаконны пераслед у эканамічным плане кожнага з нас. Плюс будзе праводзіцца незаконны збор інфармацыі, што з'яўляецца татальным парушэннем правоў беларусаў у маштабах краіны. Скажу так, усё гэта трэба спыніць як мага хутчэй!

Я заўсёды казала і кажу, што спыніць рэжым могуць толькі вулічныя пратэсты. Мяркую, мы павінны выйсці на вуліцы з патрабаваннем спыніць пераслед беларусаў! Ведаеце, шчыра кажучы, я вельмі ўражаная, як можна ў 21-м стагоддзі ўвогуле дадумацца стварыць падобныя камісіі?! Відавочна, што яны будуць хавацца, таму што разумеюць, што іхнія дзеянні незаконныя.

Маё меркаванне, што гэтыя «дармаедскія камісіі» стануць ценевай падатковай структурай. У якой будуць свае прывілеі, бонусы і прэміі за незаконную дзейнасць. Яны будуць хавацца, як калісьці, да прыкладу, ОБХСС (Аддзел барацьбы з крадзяжамі сацыялістычнай уласнасці. – Заўв. Charter97.org).

Я мяркую, што гэты татальны кантроль закране кожнага беларуса. Незалежна ад палітычных поглядаў ці сацыяльнага становішча. «Шчупальцы» Лукашэнкі ў выглядзе ценевых падкантрольных структураў залезуць у кожную кішэню. Падкрэслю, мы павінны змагацца з гэтым з дапамогай вулічных акцый пратэсту. Усе разам, аб'яднаўшыся, нягледзячы на палітычныя погляды. Трэба выходзіць і даваць у нос гэтай дакучлівай уладзе, якая рэагуе толькі на вулічныя акцыі. Мы павінны зрабіць усё, каб не дазволіць масавага кантролю над кожнай капейкай, над кожны крокам беларусаў у маштабах краіны.

– Але ж яшчэ нядаўна міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч казала, што запрашае ўсіх у гэтыя камісіі з «распасцёртымі абдымкамі»...

– Тут можна сказаць толькі адно. Сталінскія «тройкі» вяртаюцца, але цяпер гэта ўжо лукашэнкаўскія «тройкі». Упэўнена, яны будуць пазбаўленыя ад любой адказнасці за прыманне неправамоцных пастановаў. Можна сказаць, «дармаедскія камісіі» – удасканаленая мадэль сталінскіх рэпрэсій. Толькі ўсё робіцца больш завуалявана. Падкрэслю, што гэты кашмар закране кожную сям'ю. Уявіце, што з кожнай сям'і хтосьці хутка будзе сядзець, пастановай гэтых камісій, у канцлагеры пад назвай «ЛПП». Убачыце.

– Дарэчы, тая самая Касцевіч у траўні заяўляла, што тых, хто не стаў на шлях «выпраўлення», накіруюць у ЛПП...

– Натуральна, Сталін так і рабіў. Калі ў некага, напрыклад, не хапала працадзён, то яго выпраўлялі ў турмы і ГУЛАГі. Нічога новага ўлады не прыдумалі! Мы ідзем тымі сцежкамі, па якіх людзей ужо вадзіў іншы дыктатар. Кажуць жа, што абрэвіятура ГУЛАГ расшыфроўваецца як «дзяржавай кіруе Лукашэнка Аляксандр».

Дык вось, каб нам не давялося сядзець у ГУЛАГу мадэлі 21-га стагоддзя, мы павінны тэрмінова выходзіць на вуліцы. Пакуль дэкрэт не стаў дзейнічаць на поўную катушку, таму што будзе сядзець палова краіны. Паўтаруся, гэтая новая мадэль рэпрэсіяў пад назвай «дэкрэт» закране кожную сям'ю.

Абурае, што замест таго, каб развіваць краіну, праводзіць рэформы, ствараць новую падатковую мадэль для грамадзянаў і развіваць бізнэс, улады выдумляюць гэтыя скандальныя дэкрэты.

– На Ваш погляд, як беларусы могуць рэагаваць на камісіі, якія ўжо пачынаюць дзейнічаць?

– Толькі вулічнымі акцыямі і зваротамі ў еўрапейскія структуры, напрыклад, Камітэт правоў чалавека Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Безумоўна, трэба пісаць звароты і ў Генпракуратуру і Следчы камітэт. Няхай папрацуюць. Варта звяртацца да праваабаронцаў. Пры звароце ў ААН трэба захоўваць пастановы камісіі, якія яны будуць прымаць пра незаконнае парушэнне правоў.

Яшчэ раз падкрэслю, што самая галоўная кнопка ўплыву на ўладу – гэта вуліца. Трэба аб'ядноўвацца і выходзіць разам на акцыі пратэсту.

Хачу яшчэ дадаць, што не стамляюся здзіўляцца перакручанасці і нялюдскасці антынароднай улады, якая кіруе Беларуссю больш за 20 гадоў.

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках