26 красавiка 2024, Пятніца, 9:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Колькі атрымае будаўнік, які знайшоў у Горадні скарб?

7
Колькі атрымае будаўнік, які знайшоў у Горадні скарб?
ФОТА А.ЛАСМІНСКАГА

Спецыялісты ацанілі «самы буйны скарб».

Скарб, які быў знойдзены ў цэнтры Горадні, першапачаткова ацанілі ў 20 тысяч даляраў. Калі знаходцы нададуць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, уладальнік будынка і будаўнік, які знайшоў яго атрымаюць па 5 тысяч даляраў, піша vgr.by.

Скарб схавалі габрэі перад адпраўкай у канцлагер?

Нагадаем, у сярэдзіне красавіка пры рэканструкцыі гістарычнага будынка 1894 года пад медцэнтр у 2-ім Працоўным завулку адзін з будаўнікоў наткнуўся на невялікую бляшаную скрыначку з-пад тытуню. Усярэдзіне было блізу 70 прадметаў, у асноўным пазалочаных або залатых: 23 залатыя манеты Расейскай імперыі і Польшчы міжваеннага перыяду (царскія рублі і дукаты XVIII-XIX стагоддзяў), каля дзясятка пярсцёнкаў, пласціны, два бранзалеты. Былі і асабістыя дакументы, у тым ліку даўгавыя распіскі. Агульная вага знаходкі - прыкладна паўкілаграма.

Экспэрты мяркуюць, што ён мог належаць габрэйскай сям'і, адзін з сямейнікаў якой, хутчэй за ўсё, быў дантыстам. Будынак, дзе знайшлі скрынку з каштоўнасцямі, падчас нямецкай акупацыі знаходзіўся ў гета, а завулак некалі называўся жыдоўскім. Перад тым, як трапіць у гета ці быць вывезенымі ў лагеры смерці, гаспадары хавалі ашчаджанні, маючы спадзеў скарыстацца імі пасля вяртання.

ФОТА А.ЛАСМІНСКАГА

Самая дарагая манета - 650 даляраў

Знаходка была перададзеная ў Гарадзенскі гісторыка-археалагічны музей, дзе была праведзеная ацэнка скарбу фондава-закупачнай камісіяй. Для экспертызы прыцягнулі вузкапрофільных спецыялістаў. Кожнаму прадмету далі прыкладны рынкавы кошт.

Манеты ацэньваў старшыня праўлення ГА «Беларускае нумізматычнае грамадства» Уладзімір Какарэка. З ягоных слоў, сярод знойдзеных манет няма ўнікальных асобнікаў:

- Нельга назваць манеты са скарбу рэдкімі, яны сустракаюцца часта. Аднак сам скарб у комплексе, вядома, для Горадні не мае цаны. Самай таннай манетай стаў дукат Франца Іосіфа 1889 года чаканкі - яе ацанілі ў 170 даляраў. Адна з першых залатых манет Расейскай імперыі - манета наміналам 5 рублёў з так званымі «апушчанымі крылцамі» - каштуе прыкладна 650 даляраў, - адзначыў Уладзімір Какарэка.

ФОТА А.ЛАСМІНСКАГА

Колькі атрымаюць людзі, якія знайшлі скарб?

Наступным крокам у лёсе скарбу з 2-га Працоўнага завулка стане пасяджэнне абласнога савета ў пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны. Як распавяла начальніца ўпраўлення культуры Гарадзенскага аблвыканкама Ірына Клімовіч, калі савет прысвоіць знаходцы статус гісторыка-культурнай каштоўнасці 3-катэгорыі, то палову ад кошту скарбу падзеляць паміж будаўніком, які знайшоў скарб, і ўладальнікам будынка - кожны з іх зможа атрымаць прыкладна па 5 тысяч даляраў.

Дарэчы, калі скарб не з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, прадметы становяцца ўласнасцю ўладальніка ўчастка і асоб, што знайшлі скарб, у роўных долях. Таксама магчыма, што ўвесь скарб дастанецца толькі ўласніку зямельнага ўчастка.

Цяпер скарб захоўваецца ў Гарадзенскім гісторыка-археалагічным музеі. У хуткім часе яго выставяць на ўсеагульны агляд.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках