24 красавiка 2024, Серада, 23:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэкрэтны адпачынак у Беларусі скароцяць?

26
Дэкрэтны адпачынак у Беларусі скароцяць?

Меркаванне грамадства пытацца не збіраюцца.

Перш чым памяншаць адпачынак для догляду за дзіцем, ураду і мясцовым уладам варта паклапаціцца пра стварэнне інфраструктуры і ўмоваў, у якіх двухгадовых дзяцей можна было б аддаліць ад мамаў, кажуць апытаныя zautra.by эксперты.

У пачатку чэрвеня Лукашэнка паведаміў журналістам, што адпачынак для догляду за дзіцем скарачаць не плануецца, а днямі парламентарыі і эксперты ўзнялі гэтае пытанне, абмяркоўваючы праблему дэфіцыту Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

– Тэма перагляду даўжыні дэкрэтнага адпачынку ў «савеце рэспублікі» абмяркоўвалася. Але гэтая тэма павінна разглядацца ў комплексе з іншымі пытаннямі, якія тычацца дашкольнага выхавання дзяцей, – заявіла крыніца БелаПАН у парламенцкіх колах.

Яшчэ ў 2016 годзе былы памочнік прэзідэнта ў эканамічных пытаннях Кірыл Руды адзначаў, што скарачэнне адпачынку для догляду за дзіцем на адзін год можа быць добрым захадам для скарачэння выдаткаў ФСАН. Паводле падлікаў памочніка прэзідэнта, такі крок можа даць рост эканомікі на 2,3%. Пачні гэты захад працаваць адразу, ён прывёў бы да росту рэальнага валавога ўнутранага прадукту ў 2018-м – на 3,1%, 2019-м – на 3,4%, 2020 м – на 3,7%. Рост у 2020 годзе ў адносінах да 2016-га мог скласці 13%.

Сацыяльна-эканамічныя варункі ў Беларусі моцна змяніліся ў параўнанні з тымі, якія былі, калі ўводзілі трохгадовы адпачынак для догляду за дзіцем.

Дэмаграфічная бяспека Беларусі: што трэба ведаць і выпраўляць

– У варунках сучаснага жыцця мы гаворым пра гендарную роўнасць, пра тое, што бацькам час больш актыўна ўдзельнічаць у доглядзе дзецьмі, што дзяцей у наш час трэба пачынаць развіваць і сацыялізаваць раней, – мяркуе загадчыца аддзела чалавечага развіцця і дэмаграфіі Інстытута эканомікі НАН Беларусі Настасся Баброва.

Куды аддаць двухгодак, калі дзіцячых садоў не хапае

За апошнія гады больш за палову дзяцей ад 2 да 3 гадоў наведваюць розныя развівальныя групы і сад – часцей за ўсё для прывыкання.

– Сёння кажуць, што дзіця ў год ужо ўспрымае калектыўныя гульні і заняткі. Тады чаму мы не можам казаць пра тое, каб плаўна пераходзіць да скарачэння дэкрэтнага адпачынку? – аргументуе дэмограф.

Але калі дзеці пачнуць хадзіць у яслі з двух гадоў, то месцаў ім проста не хопіць. Практычна ва ўсіх гарадах маладыя бацькі скардзяцца на недахоп дзіцячых садкоў і тым больш ясельных групаў. На 100 месцаў у садках 107 дзяцей. Каб аддаць дзіця ў сад у 3 гады, некаторыя вымушаныя ставіць яго «на чаргу» пры нараджэнні.

Нягледзячы на гэта, з 2010 да 2016 года ў краіне стала менш на 220 садоў, у тым ліку на 79 ясляў.

Для жанчынаў важныя не толькі дзеці, але і самарэалізацыя

Амаль палова жанчынаў падчас адпачынку – догляду за дзіцем прадаўжаюць працаваць або павышаюць свае прафесійныя навыкі. Больш за трэць з іх выходзяць з дэкрэту раней за час. Бо для большасці прафесій адрыў ад працы на цэлыя тры гады можа стаць велізарным крокам назад у прасоўванні па кар'ернай лесвіцы або прывесці да страты актуальных навыкаў.

Акрамя самай папулярнай прычыны выхаду з адпачынку для догляду за дзіцем – фінансавай стабільнасці – жанчынам важна будаваць кар'еру (12%) і не страціць кваліфікацыю (7%), паказала апытанне Даследчага цэнтра РАБОТА.TUT.BY.

– Для дзіцяці важна і выгодна, каб мама была актыўнай і задаволенай сваім жыццём. Калі яна ў дэкрэце, але «замыленая» побытам, гэта горш, чым калі б яна прывяла дзіця ў яслі і выйшла на працу, а потым прыходзіла да яго шчаслівая і энэргічная, – кажа Наста Баброва.

У розны час ад 10% да 30% маладых мамаў вяртаюцца на працу, не чакаючы заканчэння адпачынку. Больш магчымасцяў у тых жанчынаў, якія жывуць разам ці побач са сваякамі, з якімі можна пакінуць дзіця, а таксама ў тых сем'ях, дзе частку адпачынку можа ўзяць на сябе мужчына – такіх бацькаў у краіне 1–2%.

Часцей за ўсё жанчыны пакідаюць дзіця дзеля працы праз нястачу грошай. Гэта яшчэ адна прычына, чаму немагчыма знізіць адпачынак без перагляду памеру дапамог.

– Скарачэнне адпачынку для догляду за дзіцем павінна быць увязанае з тым, як будзе прызначацца выплата дапамог. Магчыма, варта павялічыць суму выплатаў маці ў першы год ці два жыцця дзіцяці, – мяркуе Настасся Баброва.

Пры гэтым, паводле словаў дэмографа, важна не дыскрымінаваць працоўных жанчынаў.

– Калі жанчына выходзіць на працу, але не аддае дзіця ў сад, у яе забіраюць палову дапамогі для догляду за дзіцем. Хоць, з аднаго боку, яна працуе і плаціць падаткі, з другога – гэтыя грошы мяркуюцца дзіцячымі, – прыводзіць прыклад Настасся Баброва.

У розных краінах ужо ёсць цэлы набор магчымасцяў, дзякуючы якім жанчыны не абмежаваныя ў выбары – сядзець дома з дзіцем або выходзіць на працу. Выдаленыя формы працы, гнуткі графік для маладых мамаў, уключэнне бацькаў у догляд за дзецьмі, у тым ліку некалькі «бацькавых» месяцаў адпачынку для догляду за дзіцем, гнуткі графік працы дзіцячых садкоў і ясляў – усё гэта варта было б прапісаць у нарматыўна-прававых дакументах, якія будуць спадарожнічаць пастанове пра памяншэнне адпачынку для догляду за дзіцем.

Ці спытаюць меркаванне грамадства?

Трохгадовы адпачынак для догляду за дзіцем сёння стымулюе нараджальнасць у сельскай мясцовасці і сярод малазабяспечаных слаёў насельніцтва.

– Але сельская мясцовасць – гэта не такая вялікая колькасць жанчынаў, у тым ліку маладых, у параўнанні з гарадской. Важна рабіць нейкія захады і для актыўных грамадзянаў, – адзначае Настасся Баброва.

Экспертка перакананая: калі б улады ні пастанавілі памяншаць час, адведзены на догляд за маленькім дзіцем, грамадства да гэтага варта рыхтаваць ужо цяпер – прывесці аргументы «за» і «супраць», выслухаць меркаванне экспертаў, даць грамадству магчымасць выказацца з гэтай нагоды.

– Важна выслухаць як мага больш меркаванняў, у тым ліку жанчынаў як галоўных асобаў, каго гэтае пытанне закране, мужчынаў, якім таксама будзе што сказаць – можа быць, яны гатовыя больш актыўна ўдзельнічаць у доглядзе за дзецьмі, але іх ніхто не чуе, – дзяржорганы, навуковыя колы, – каментуе эксперт.

Скарачэнне адпачынку не адаб'ецца негатыўным чынам на колькасці народжаных дзяцей, асабліва калі заканадаўцы зменяць не толькі сам час знаходжання ў адпачынку, створаць выгадныя ўмовы для найхутчэйшага вяртання маці на рынак працы і прымуць комплекс захадаў для стварэння недастатковай інфраструктуры для дзяцей да 3 гадоў, заключае Настасся Баброва.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках