16 красавiка 2024, aўторак, 19:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнку трэба прадаваць пясок у пустыню Сахару

30
Лукашэнку трэба прадаваць пясок у пустыню Сахару
КАЛАЖ: BELSAT.EU

Гандлёвыя войны – натуральны стан «славянскага братэрства».

Ужо шэсць дзён дзейнічае абмежаванне Рассельгаснагляду на амаль усю беларускую малочную прадукцыю ў Расеі. Гэта бестэрміновыя санкцыі, таму невядома, колькі яны прадоўжацца.

9 чэрвеня паміж Рассельгаснаглядам і Дэпартаментам ветэрынарнага нагляду Беларусі была падпісаная «дарожная карта». Аднак большасць беларускіх вытворцаў малочнай прадукцыі па-ранейшаму застаюцца пад санкцыямі.

Чарговую «малочную вайну» на просьбу сайта Charter97.org каментуе вядомы беларускі рэжысёр Юры Хашчавацкі:

– Гэта натуральная сітуацыя для той канфігурацыі, якую мы называем «славянскім братэрствам». Ну якое ж можа быць братэрства без таго, каб біць адзін аднаму пысы?

«Старэйшы брат» пасадзіў малодшага на вялікі-вялікі ланцуг пад назвай «мытны звяз», «саюз Беларусі і Расеі», «АДКБ». І цяпер гэтым ланцугом торгае, калі «лысенькі братачка» бегае не ў той бок і робіць выгляд, што ён вольны.

– Гэта значыць, праблема больш палітычная, чым эканамічная?

– Гэта відавочна. І Лукашэнку даўно ўжо папярэджвалі, што так будзе. І так здарылася. Мы ўжо неаднаразова казалі: Лукашэнка здае незалежнасць краіны ўсе 24 гады, якія ён існуе ў якасці кіраўніка.

Яму намякалі: гэта дрэнна скончыцца. Вось гэта і сканчаецца. Мы бачым фінал драмы, да якога Лукашэнка прывёў краіну.

Цалкам відавочна: выйсці з гэтай каляіны Аляксандр Рыгоравіч ужо не можа, дзецца яму няма куды. Ён здаў беларускую незалежнасць і цяпер патрэбныя вялікія намаганні, каб яе вярнуць. Гэта і будзе асноўнай задачай для наступных пакаленняў беларускіх патрыётаў і палітыкаў.

А пакуль мы бачым, што Беларусь ператвараецца ў аграрную краіну. Падумайце толькі: цяпер адзін з галоўных пунктаў нашага экспарту – гэта малако! Хто паверыў бы ў такое 25 гадоў таму? Беларусь, прамысловая краіна, якая магла вырабляць высокатэхналагічную і інтэлектуальную прадукцыю, вымушаная «дзьмуць на малако»...

Бо перад прыходам да ўлады Лукашэнкі мы былі гатовыя да тэхналагічнага развіцця, а цяпер наша эканоміка – гэта гандаль малаком, гандаль прадуктамі нафтаперапрацоўкі і звязаная з усім гэтым кантрабанда. Вось да чаго мы дакаціліся...

І чым далей мы будзем глядзець на гэтае бязладдзе – тым горш будзе для краіны ў будучыні. Бо мы не проста стаім на месцы, мы імкліва коцімся ў мінулае

– Згодна з рымскай прыказкай – «адсутнасць прагрэсу сама сабой азначае рэгрэс»?

– Цалкам дакладна. Бачыце: ужо з'яўляюцца ў новай рэдакцыі і «прыгоннае права», і магчымасць новым гаспадарам здаваць працоўных у арэнду. Мы коцімся ўжо нават не ў 18-е стагоддзе – думаю, у стагоддзе 16-е. Ужо і Юр'еў дзень хутка замаячыць на даляглядзе.

Гэта натуральны стан нашага славянскага братэрства: гніць у акопах, гледзячы адзін на аднаго праз дзіркі ў малочных бітонах.

– Але ўлады спрабуюць даказаць, што «шукаюць шчасця» і на далёкай, неславянскіх «дузе». Прэм'ер-міністр Кабякоў абвесціў нядаўна пра стварэнне «беларускага малочнага кластару» ў Манголіі. Чым, на Вашу думку, гэта скончыцца?

- Ведаеце, што яшчэ я прапанаваў бы Кабякову і ягонаму шэфу зрабіць для «падняцця» беларускай эканомікі?

– Што?

– Прадаваць пясок у пустыню Сахару. Вось малако яны ўжо збіраюцца прадаваць у Манголію – дзіва што і пясок у Сахару пачалі б «гнаць», і атрымалася б шыкоўна. Вось тады ўсё склалася б і адбылося.

Разумееце, усё, за што яны бяруцца – гэта поўная ахінея. Падумайце: малако – у Манголію. Вось гэта – увесь іхні інтэлект. Усё, на што яны здольныя.

Бо цалкам відавочна: яны думаюць, што б яшчэ такое прадаць, каб ну хоць што-небудзь заплацілі. Апошняе ўзяць з Беларусі, каб палепшыць жыццё ў сваіх маёнтках у Драздах.

Цалкам ясна, што дарэмныя ўсе гэтыя кіданні. Сёння неабходна зусім інакш кіраваць эканомікай. Неабходна ў корані змяняць гэты курс, выпрацоўваць абсалютна іншыя падыходы да развіцця прадпрымальніцтва, да асветы, да гуманітарных каштоўнасцей. Толькі гэта можа даць нейкі эфект – і нічога іншага.

– У беларусаў ёсць патэнцыял, каб пераадолець «зробленае» Лукашэнкам за 24 гады і пабудаваць нармальную эканоміку?

– Рэч у тым, што трэба ў першую чаргу сысці з расейскай арбіты, на якой круціцца Лукашэнка. Расейская эканоміка – гэта сыравінная эканоміка на доўгія дзесяцігоддзі, і можа нават і стагоддзі. Так паводзіць сябе не толькі расейская ўлада але, шчыра кажучы, і расейскае грамадства.

Іхні ідэал – атрымліваць рэнту, мець магчымасць разапхнуць у кішэні грошы і нічога не рабіць. А ў ідэале – скрадзеныя грошы і «наадкатваць» сабе грошай у Расеі, з'ехаць на Захад і жыць там па-еўрапейску і атрымліваць задавальненне.

Да такой мадэлі спрабуюць прычапіць і Беларусь, якая пры Лукашэнку атрымала статус краіны-прыжывалкі. Мы сёння жывем паводле канцэпцыі сыравіннай краіны, хоць паводле сваёй прыроды Беларусь – зусім не такая. Мы павінны былі б жыць за кошт інавацыйных тэхналогій і інтэлектуальнай прадукцыі. Але ўсё гэта паглынаецца так званым «расейскім светам» – не столькі ў вайсковым, колькі ў ментальным сэнсе гэтага выказвання.

Гэтае «славянскае братэрства» стала знішчэннем беларускіх магчымасцяў і беларускай перспектывы.

– А што павінна прыйсці яму на змену?

– Павінна быць усведамленне свайго становішча ў эканамічнай сістэме Еўропы і свету, бачанне сваіх мэтаў і перспектываў. Тады стане зразумела, што трэба ў першую чаргу развіваць. Напэўна, гэта транзіт, транспарт, лагістыка, лічбавая эканоміка.

Але ўсё гэта магчыма толькі ў выпадку поўнага вызвалення ўнутраных рэзерваў беларусаў і іхніх творчых магчымасцяў. Я маю на ўвазе творчасць у шырокім сэнсе: гэта не толькі мастакі і рэжысёры, але і праграмісты, інжынеры, вынаходнікі, прадпрымальнікі. Чалавек павінен атрымліваць выгоду ад сваёй самарэалізацыі, а не быць рабом у дзяржавы. Хай гэта нават пачынаецца з «гаражнай эканомікі» – таго, на чым цяпер стаіць Украіна ў вайне. Свабодная дзейнасць павінна даваць магчымасць забяспечваць сям'ю і рабіць зачын на будучыню. А дзяржава павінна развіваць лагістыку і лічбавую эканоміку і забыцца пра магчымасць «прысмактацца» да расейскіх трубаў.

Вось такая ўлада патрэбная Беларусі, інакш увесь патэнцыял нашага народа накрыецца «медным тазам».

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках