29 красавiка 2024, панядзелак, 18:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Абаронцы Курапатаў кансалідуюцца і прымаюць праграму дзеянняў

2
Абаронцы Курапатаў кансалідуюцца і прымаюць праграму дзеянняў

Сёння таксама быў зацверджаны графік дзяжурства актывістаў.

У шосты дзень супрацьстаяння абаронцаў Курапатаў 11 чэрвеня на месцы ўваходу ў рэстаранны комплекс «Паедзем паядзім» адбылася нарада кіраўнікоў грамадскіх рухаў і партый.

Была прынятая праграма дзеянняў на найбліжэйшы час, а таксама зацверджаны графік дзяжурства актывістаў, паведамляе «Вясна».

Са слоў сустаршыні стварэння партыі БХД Паўла Севярынца, штодзённая вахта ад 11 чэрвеня будзе доўжыцца ад 12 да 24 гадзіны, а ў выходныя аж да 2-й гадзіны ночы. Цяпер за кожны дзень тыдня, у адпаведнасці з «Планам Чахольскі-Дашкевіча», будзе адказваць адна з сямі арганізацый: панядзелак - «Альтэрнатыва», аўторак - Рух салідарнасці «Разам», серада - Партыя БХД, чацвер - Партыя БНФ, пятніца - «Малады фронт», субота - «Еўрапейская Беларусь», нядзеля - партыя КХП-БНФ.

Павел Севярынец паведаміў прысутным, што 11 чэрвеня будзе перададзены зварот заснавальнікам рэстараннага комплексу «Паедзем паядзім», кіраўнікам фірмаў «Белрэстінвест» і «Белноватэкс груп» Леаніду Зайдасу і Барысу Сурысу.

«Будзем патрабаваць ад іх альбо знесці рэстарацыю, альбо перанесці рэстаранна-забаўляльны комплекс за межы сучаснай ахоўнай зоны, бо будаўніцтва з самага пачатку вялося незаконна», - адзначыў Павел Севярынец.

Кіраўнік грамадскай дырэкцыі мемарыялу Курапаты, адказны сакратар управы сейма КХП БНФ Алесь Чахольскі зачытаў па тэлефоне зварот Зянона Пазьняка, які расцаніў адкрыццё рэстарацыі на месцы масавых расстрэлаў як «маскоўскую правакацыю, ініцыяваную КДБ».

Удзельнікі акцыі пратэсту паведамілі што ў апошнія дні пачасціліся заезды да рэстарана аўтамабіляў з расейскімі нумарамі. Актывісты звязваюць гэта з тым, што праз некалькі дзён у Расеі пачнецца Чэмпіянат свету ў футболе і турыстам, якія накіроўваюцца туды транзітам праз Беларусь, хтосьці прапануе падсілкавацца менавіта ў гэтай рэстарацыі.

Пасля нарады ўдзельнікі пікетавання скандавалі лозунгі: «Кабак НКВД закрыты», «Ганьба!» і «Не кабак, а музей!».

Паводле звестак праваабаронцаў, за шэсць дзён пікетавання з моманту адкрыцця рэстарацыі 6 чэрвеня, супрацоўнікі міліцыі і ДПС склалі блізу трыццаці пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках