26 красавiка 2024, Пятніца, 1:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барыс Жаліба: Малочныя войны адгукнуцца для беларускай эканомікі

4
Барыс Жаліба: Малочныя войны адгукнуцца для беларускай эканомікі
БАРЫС ЖАЛІБА

Забарона на пастаўку беларускага малака ў РФ - сур'ёзны прарэх у валютных паступленнях.

Новы віток малочнага супрацьстаяння дзвюх краін здарыўся 6 чэрвеня, калі «Рассельгаснагляд» забараніў пастаўкі з Беларусі шэрагу малочных прадуктаў.

Гэта выклікала даволі рэзкую рэакцыю беларускіх чыноўнікаў. Напрыклад, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Заяц напярэдадні заявіў, што вынікі даследаванняў беларускай прадукцыі ў Расеі «можа быць, і падтасоўваюцца».

Таксама ў баку ад канфлікту не застаўся і былы прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі, які цяпер працуе ў складзе Еўразійскай эканамічнай камісіі. З ягоных слоў, Беларусь будзе патрабаваць «перадачы на наднацыянальны ўзровень паўнамоцтваў прыняцця пастаноў аб увядзенні забаронаў і абмежаванняў на ўзаемныя пастаўкі прадукцыі ў ЕАЭС», піша «Салiдарнасць».

Ці дапаможа гэта Беларусі забяспечыць допуск сваёй прадукцыі на расейскі рынак?

- Выходзіць, што ў Беларусі ідзе перманентная гандлёвая вайна з асноўным гандлёвым партнёрам, - мяркуе доктар эканамічных навук Барыс Жаліба. - Прычым, у тым экспартнаму кірунку, які для Беларусі з'яўляецца галоўным. І гэта заводзіць у тупік нашу эканоміку.

Суразмоўца бачыць «рацыянальнае зерне» ў заяве Сідорскага, бо «патрэбны сапраўды экспэртны орган з адпаведнымі спецыялістамі, які б пазіцыянаваўся нейтральна без усялякіх зацікаўленых бакоў»:

- Цяпер беларусы даказваюць, што ў нас якаснае малако. А расейцы кажуць, што няякаснае. І гэта можа працягвацца бясконца, калі не прыйсці да кансенсусу.

На думку экспэрта, знайсці гэтае развязанне для Беларусі сёння жыццёва неабходна, бо «акрамя расейскага рынку, нашым вытворцам прабіцца нікуды не ўдаецца».

Таксама Барыс Жаліба пракаментаваў свежую заяву Аляксандра Лукашэнкі, які ініцыяваў удзел Беларусі ў праекце «АграШАС» (з мэтай наладзіць пастаўкі прадуктаў харчавання ў краіны Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва):

- Расейская лагістыка значна больш выгадная, нарэшце, мы суседзі. А калі арыентавацца на Кітай, то будуць вялікія транспартныя выдаткі. Нават Казахстан і краіны Сярэдняй Азіі выглядаюць не так выгадна, хоць мы ўваходзім з імі ў розныя эканамічныя саюзы. Вядома, на гэтыя рынкі трэба прабівацца, але гэта перспектыва не аднаго-двух гадоў, каб туды выйсці і заслупаваць сваю нішу.

У той жа час эканаміст мяркуе, што перамагчы ў новай малочнай вайне беларускім уладам хутка не атрымаецца.

- Расейцы будуць упірацца да канца. Прапанова аб стварэнні наднацыянальнага органа - гэта толькі першая спроба і, думаю, яна не пройдзе. Усё ж надвор'е тут вызначае Расея. Але развязваць праблему трэба, бо страты могуць быць вельмі вялікія: гаворка ідзе пра сотні мільёнаў даляраў у эквіваленце.

Гэта сур'ёзны прарэх у валютных паступленнях, які адгукнецца эканоміцы. Трэба браць расейцаў на змор і даводзіць, што ў нас годная прадукцыя, якая можа прадавацца ў Расеі, - падкрэслівае Барыс Жаліба.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках