29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зінаіда Міхнюк: Будзе сацыяльны выбух

27
Зінаіда Міхнюк: Будзе сацыяльны выбух

Рабочыя прадпрыемстваў даведзеныя да роспачы.

Праз адсутнасць заказаў гомельскі радыёзавод пераходзіць на трохдзённы працоўны тыдзень. У выніку 800 рабочых і спецыялістаў істотна страцяць ў заробках.

Ці адлюстроўвае гэтая сітуацыя стан беларускіх прадпрыемстваў? Ці чакаць усплёску беспрацоўя ў краіне? На пытанні сайта Charter97.org адказала старшыня Берасцейскага абласнога незалежнага прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Зінаіда Міхнюк:

- Сёння работнікі прадпрыемстваў даведзеныя да такога стану, што ім толькі б перазімаваць за той мізэрны заробак, які яны цяпер атрымліваюць. Увесну ж многія вымушаны згаджацца нават на няпоўны працоўны тыдзень, як работнікі гомельскага радыёзавода. Людзі шукаюць выратавання ў вёска, лецішчах або едуць на заробкі. Адзначу, што ў такім рэжыме жыхары нашай краіны працуюць ужо каторы год.

- Да чаго гэта можа прывесці?

- Чакаем сацыяльнага выбуху. Работнікі гомельскага радыёзавода павінны аб'яднацца і бараніць свае правы. Я нядаўна, дарэчы, як рэгіянальная кіраўніца РЭП Берасцейскай вобласці, размаўляла з жанчынай працаўніцай аднаго прадпрыемства, на якім поўна пенсіянераў, а ёй - 51 год. Гэта значыць, яшчэ пяць гадоў да пенсіі. І менавіта з ёй начальства не працягвае кантракт. Хіба гэта справядліва? Нават тыя, хто застаецца працаваць, разумеюць, што гэта несправядліва!

Бо выходзіць, што адна працаўніца ў 65 гадоў мае, хай і да жабрацкай пенсіі $100, «дадатаку» ў выглядзе, скажам, заробку вахцёра. У той час як 51-гадовая жанчына пакінутая без сродкаў да існавання.

Вымушана адзначыць, што ў наймальнікаў цяпер нашмат больш правоў, чым у работнікаў. А, на жаль, імі згаджаюцца быць, як правіла, не самыя годныя людзі з чалавечымі прынцыпамі, а самадуры, якія мараць прасоўвацца па кар'ернай лесвіцы. Ім абы запіс у працоўнай кніжцы. Увогуле, работнікі абураныя і кантактнай сістэмай, і агульнай сітуацыяй на прадпрыемствах. Сітуацыя даведзеная да такога абсурду, што мы ў 21-ым стагоддзі жывем, а рабства не скасаванае, а проста перайначанае.

Само паняцце «дэкрэт» - часовае. Дык вось, выходзіць, што «часовы» дэкрэт Лукашэнкі №29, які ў 1999 годзе ўвёў кароткатэрміновыя кантракты насуперак Працоўнаму кодэксу, дзейнічае ў нашай краіне ўжо 19 гадоў. Мы спрабавалі яго скасаваць, але зрабіць гэта вельмі складана. Прафзвяз РЭП дайшоў з гэтым пытаннем да Вярхоўнага суда, дзе нам адкрыта сказалі, што ўказ прэзідэнта Беларусі - вышэй за працоўнае заканадаўства. Узнікае пытанне: што ў нас за краіна такая?

- Ці можна чакаць далейшага росту беспрацоўя?

- Думаю, што нават калі будзе ўсплёск, то ў афіцыйнай статыстыцы ён не адаб'ецца. Растлумачу чаму. Людзі цяпер, калі страчваюць працу, не адчайваюцца, як раней, і разумеюць, што станавіцца на біржу працы няма ніякага сэнсу. Выжываюць, як могуць.

Дык вось, дзе, хто зафіксуе ўсплёск беспрацоўя ў краіне? У нас жа яе, паводле афіцыйных звестак, няма. У нас жа краіна, дзе ўсе «задаволеныя» і «смяюцца». Уключаеш БТ і там паказваюць, як мы «добра жывём». Але ж кожны разумее, што рэальнасць абсалютна іншая. Гэта як у тым анекдоце: хачу жыць у Беларусі, якую кожны дзень па тэлевізары паказваюць.

Увогуле, беспрацоўе можа і вырасце, але зафіксаваць яго змогуць толькі незалежныя прафзвязы па зваротах да іх грамадзян.

- Вось вы кажаце пра звароты работнікаў у незалежныя прафзвязы. Як ідуць справы з незалежнымі прафзвязамі на прадпрыемствах?

- Магу сказаць пра наш прафзвяз. У статуце прафзвязу РЭП вызначана, што наша ячэйка можа быць створаная паводле вытворчага або паводле тэрытарыяльнага прынцыпу. Для захавання актыўных працоўных на прадпрыемствах нам удалося, напрыклад, у Берасці і Горадні зарэгістраваць гарадскія арганізацыі, куды могуць звяртацца работнікі з усіх прадпрыемстваў. На прадпрыемствах жа работнікам дапамагаюць бараніць правы прававыя інспектары. Да нас звяртаецца вельмі шмат людзей.

Вядома, у існуючай сітуацыі незалежным прафзвязам працуецца няпроста. Але, падкрэслю, што «наезд» уладаў на прафзвяз РЭП толькі дадаў нам аўтарытэту. Людзі кажуць, што калі на прафзвяз ціснуць, то значыць ён чагосьці варты. Магу сказаць, што звяртаецца да нас нават больш людзей, чым да распачынання крымінальнай справы супраць лідараў РЭПа Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка.

Гэта сведчыць пра тое, што альбо працоўных давялі ўжо да таго, што яны падымаюцца і перастаюць баяцца, альбо пра павелічэнне колькасці прадпрыемстваў, на якіх падае заробак.

- Які ваш прагноз, да чаго беларусам рыхтавацца?

- Многія людзі, з якімі я размаўляю, адчуваюць сябе ля рысы беднасці. Я проста не ведаю, дзе цяпер можна сустрэць людзей, задаволеных сітуацыяй у краіне. Выраз твараў на вуліцах шмат пра што кажа. Усе ўсё разумеюць. Ведаеце, ва Украіне вайна, але мы без вайны збяднелі.

Адзначу, што ў Берасці ёсць прадпрыемства ААТ «Брэстгазаапарат», які заўсёды лічыўся месцам, дзе плацяць высокі заробак, працуюць поўны тыдзень, але, як высветлілася, работнікам прадпрыемства ўжо некалькі гадоў ні на капейку не павышаюць заробак. А інфляцыю ніхто не скасоўваў. Людзі абураныя, хоць у іх заўсёды быў адрыў ад заробкаў работнікаў іншых прадпрыемстваў.

Вяртаючыся да Гомельскага радыёзавода, хачу нагадаць, што ў 1995 годзе жанчына-токар з гэтага прадпрыемства Валянціна Сматрыцкая ў знак пратэсту праз працягла нявыплачаны заробак прыкавала сябе ланцугом да станка. І пратрымалася ў такім стане цэлы дзень.

Дык вось, гэтая працаўніца была сябрам прафзвязу РЭП, які ўтварыўся ў 1990 годзе. І я мяркую, што сітуацыя можа паўтарыцца. Кранаўшчыца з аднаго берасцейскага прадпрыемства распавяла мне, што яны плануюць пратэст. На прадпрыемстве ёсць работнікі, з якімі не працягваюць кантракт, але яны не маюць намер проста так сыходзіць.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках