20 красавiка 2024, Субота, 9:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За чый кошт банкет?

51
За чый кошт банкет?

Чыноўнікі далей мантачаць бюджэтныя горшы.

«Мэбля са слановай косці, залаты паціны і велюру. Свяцільні, фантан і віп-прыбіральні за $600 тысяч», - усё гэта не старонкі свецкай хронікі пра жыццё прадстаўнікоў спісу Forbes, а размешчаныя беларускімі чыноўнікамі тэндары на дзяржаўныя закупкі.

«Авальную залю», дзе «зусім» нядаўна Лукашэнка выступаў з так званым «пасланнем да народа і парламента», надумалі адрамантаваць за $2,5 мільёна. Абсталяванне будынка Вярхоўнага суда каштавацьме падаткаплатнікам $600 тысяч. Мэбля для Гомельскага аблвыканкама - яшчэ на паўсотні тысяч даляраў.

Як простыя беларусы рэагуюць на жаданне чыноўнікаў жыць у раскошы cайт Charter97.org распытаў у прадстаўніка Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу ў Слоніме Віктара Марчыка:

- Прыгожа жыць не забароніш, але тут пытанне стаіць па-іншаму: за чый кошт банкет? Назіраецца проста жудасная тэндэнцыя. Што за прага да раскошы? Мы жывём у цэнтры Еўропы, а беларускія чыноўнікі маюць кепскія замашкі прыдворных з палацаў усходніх падзішахаў.

Лукашэнка кажа, што крызісу няма, корміць нас прыгожымі абяцаннямі, малюе круглыя сумы ў амерыканскай валюце. Калі глядзіш на дамы чыноўнікаў, «дэпутатаў», набліжаных да дыктатара - таксама закрадаецца сумнеў у тым, ці ёсць крызіс у краіне. Залюстроўе нейкае атрымліваецца. Шматпавярховыя палацы ў Драздах, дарагія аўтамабілі, але за высокімі парканамі «менскай Рублёўкі» - сапраўднае жыццё. Бабуля з жабрацкай пенсіяй, «дармаед», якому трэба карміць сям'ю, даведзеныя да ручкі прадпрымальнікі.

Не здзіўляюся, што Лукашэнка засяляе сваіх набліжаных у адмысловай рэзервацыі, далей ад простых людзей. Можа ён робіць гэта для таго, каб не траўмаваць псіхіку чыноўнікаў? А то атрымаецца як у старажытнай індыйскай легендзе пра прынца Гаўтаму, які ўсё жыццё пражыў за мурамі палаца і ніколі не бачыў пакуты людзей, а ўбачыўшы - назаўсёды пакінуў «забаронены горад».

Убачаць нашы «Гаўтамы» з Драздоў праблемы беларускага народа - і сыдуць у адстаўку. Будзе Лукашэнка ў «авальнай зале» сам з сабой размаўляць.

А калі сур'ёзна, то ў мяне няма ілюзій у дачыненні нашых чыноўнікаў. Такія дзяржаўныя закупкі - верх цынізму і крывадушнасці.

- Чаму нашы чыноўнікі дазваляюць сабе тое, што не дазваляюць сабе еўрапейскія. Да прыкладу, дэпутатам Сэйма Польшчы пастанавілі зменшыць заробкі на 20%, а кабінет міністраў пастанавіў вярнуць прэміяльныя за 2017 год.

- Не варта параўноўваць абраных народам дэпутатаў і прызначэнцаў, пастаўленых «верхаводам».

Некалькі гадоў таму я звяртаўся да «дэпутатаў» з прапановай пералічыць частку свайго заробку дзецям, якія маюць патрэбу ў лячэнні. Разгортваеш газеты, уключаеш тэлевізар - паўсюль просьбы аб дапамозе. Камусьці патрэбны фантан у будынку Вярхоўнага суда, а хтосьці шукае грошы на аперацыю для дзіцяці.

Ведаеце, у еўрапейскіх краінах палітыкі таксама грашаць папулізмам, спрабуюць паказаць сябе з лепшага боку. Але ж нашы «ўладныя людцы» нават не імкнуцца здабыць папулярнасць і галасы людзей. Ведаюць, што ўсе залежыць не ад выбарцаў, а ад таго, як яны сябе прэзентуюць сярод вышэйшых чыноў. Не здзіўляюся таму, што ў нас людзі не цікавяцца палітыкай і байкатуюць фарс пад назвай «выбары».

- Ці могуць апошнія падзеі ў свеце, да прыкладу ў Арменіі, прымусіць чыноўнікаў задумацца пра тое, што іх улада не вечная?

- У іх кароткая памяць, а гісторыя гэтага не даруе. Можна падаць просты прыклад, які характарызуе нашых кіраўнікоў: дэкрэт аб «дармаедах», які выклікаў пратэсты ў мінулым годзе. Здавалася б, не ўпадабалі закон - скасавалі, папрасілі прабачэння ў людзей і жывем далей. Не ж, вярнулі, выпрабоўваюць цярпенне простых людзей. Нашы прызначэнцы пілуюць сук, на якім сядзяць.

Хацелася б нагадаць беларускім чыноўнікам яшчэ адзін прыклад: жыццё румынскага дыктатара Чаўшэску, жонка якога кожны тыдзень лётала ў Парыж да цырульніка на асабістым самалёце, а Лабрадору дыктатара дастаўлялі корм дыпламатычнай поштай з Вялікабрытаніі.

Румынскаму народу заяўлялі: трэба «зацягнуць паясы», каб вярнуць замежную пазыку, пераходзім на рэжым жорсткай эканоміі. Даходзіла да таго, што ацяпленне сярод зімы выключалі. Як скончылася панаванне румынскага дыктатара - ні для каго не сакрэт.

Ведаеце, я б замест свяцільняў і залатых унітазаў, купіў бы нашым чыноўнікам добрыя падручнікі гісторыі, тады б ні ў адной «светлай галаве» не ўзнікла жадання баляваць падчас чумы. А беларускі народ яшчэ пра сябе заявіць. Усяму ёсць свая мяжа.

Напісаць каментар 51

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках