30 красавiка 2024, aўторак, 3:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка адарваўся ад рэчаіснасці

59
Лукашэнка адарваўся ад рэчаіснасці

Рана або позна людзі пойдуць шукаць справядлівасці.

Выступ аднаго прамоўцы на форуме «Менскі дыялог» выклікаў пэўныя асацыяцыі, піша Юрый Пшэннік на сайце nmnby.eu.

«Вось мы пераконваем адзін аднаго, які добры спакой, як важна, каб гэты спакой быў. Вось вы зараз выйдзіце на двор, паглядзіце: прырода, сонца, паветра добрае, прыгожа, людзі задаволеныя, што спакойна і ціхамірна. Я не толькі пра Беларусь кажу, пра кожную краіну. Няўжо гэта хочацца камусьці разбурыць? Ну навошта нам гэта трэба? Навошта, каб зноў мільёны людзей гінулі? Усё ў простым – давайце захаваем гэта», – заявіў Лукашэнка. «Вось усё ў простым, я проста хачу вас павярнуць да гэтага простага: давайце зробім для людзей і для саміх сябе – мы ж яшчэ доўга будзем жыць. Хто з вас ладзіцца паміраць заўтра? Ніхто, нават я. Мы хочам жыць, давайце будзем жыць, гадаваць дзяцей, адукацыю даваць ім добрую. Давайце будзем тварыць, вось і ўсё», – сказаў на заканчэнне Лукашэнка. Без сумневу, усё абсалютна слушна сказана, але неяк занадта «па-простаму». А народная мудрасць абвяшчае: «Прастата – тая ж дурата».

Вытокі некаторых канфліктаў сыходзяць у глыб стагоддзяў і нават тысячагоддзяў. Біблейскі аповед пра Самсона і Далілу, напрыклад, – гэта гісторыя такога супрацьстаяння, якое працягваецца фактычна і дагэтуль. З перапынкам – калі адзін з народаў быў выселены адтуль. Дарэчы, такое «простае развязанне», як высяленне народаў, таварыш Сталін таксама актыўна практыкаваў ужо ў іншую эпоху, хоць самой праблемы гэта не развязала. Гэта добра, што «прырода, сонца, паветра добрае, прыгожа», але праблему трэба развязваць, і яе спрабуюць развязаць ужо шмат дзесяцігоддзяў – калі лічыць ад пастановы ААН 1947 года. Бо «ўсё напраўду не так проста». І такіх застарэлых, хоць і не настолькі старажытных, праблем на адным Блізкім Усходзе – процьма.

Папулісты сваімі «простымі» развязаннямі часта не развязваюць праблемы, а наадварот, заганяюць іх углыб. Узяць прыклады больш блізкія, з нашай практыкі – з «дармаедамі», напрыклад. Першапачатковае развязанне было прынятае зусім «па-простаму». Не працуеш – заплаці падатак або збор, як гэта яшчэ называлі. Усё проста. Аб стварэнні новых працоўных месцаў дзяржаве клапаціцца не трэба, аб годных заробках – таксама. Працуе чалавек або не, а грошы з яго ў скарб усё адно «плывуць». Але ў жыцці выйшла, як у показцы: «Рабіновіч, чаму Вы не любіце простых развязанняў? – Яны маюць зазвычай складаныя наступствы».

Не спрацавала «па-простаму»? Давайце прымем больш складаны, нават вельмі заблытаны бюракратычна варыянт. Але сумнеўна, што і ён спрацуе. Бо сам падыход да праблеме фактычна не змяніўся, проста ўлада адзела яго ў складаную бюракратычную форму.

Праблема ж, вядома, застаецца, але гэта складаная праблема, і для яе развязання патрэбны комплексны падыход і нават сістэмныя змены. Іншымі словамі, «простае» развязанне нічога фактычна не развязала, але заблакавала магчымасць прыняцця сапраўды ўсебаковага, комплекснага і ўзважанага развязання. «Па-простаму» не працуе, а «складана» ўжо нельга, бо «закон ёсць закон». У гэтым і бяда «простых» развязанняў.

Аналагічна, «па-простаму» развязала наша ўлада і пенсійную праблему. Рэальна ж заблакавала прыняцце іншых, больш дзейсных і адэкватных развязанняў.

«Простыя» падыходы выкарыстоўвае наша ўлада ў эканоміцы, у спорце ды іншых галінах. Вось пабудуем аўтазавод, АЭС, чарговы лядовы палац, яшчэ што-небудзь – і ўсё будзе добра. У выніку – складаныя наступствы. «Джылі» ледзь развіў дзясятую частку сваёй праектнай магутнасці, у той час, як АўтаВАЗ нарасціў пастаўкі ў Беларусь на 57%. АЭС неўзабаве трэба ўводзіць у эксплуатацыю, але тут высветлілася, што невядома куды экспартаваць электраэнэргію з яе.

Пра хакей наогул не згадваць, вынікі ўсім вядомыя.

Адпаведна і «просты» народ «простымі» падыходамі да развязання найважнейшых сусветных праблем неяк не ўражаны. На дыскусійнай пляцоўцы talks.by выступ Лукашэнкі ацанілі збольшага крытычна. «На нас ніхто не нападае і не мерыцца нападаць. Для такой краіны як РБ няма нічога важнейшага, як зрабіць так, каб людзі навучыліся жыць, а не выжываць у галечы. Надакучыла ўжо слухаць пра мір і вайну. У нас у кожнай сям'і штодзённая вайна – як выжыць у гэтай беснадзейнай нявыкрутцы». «Тэма для электарату не новая: галоўнае - няма вайны, а тое, што заробак у рэгіёнах - 150 даляраў і кошты вышэйшыя, чым у суседніх краінах, – гэта глупства».

Усё дакладна, бо «траўка зелянее» ў сядзібе-рэзідэнцыі і ў інтэрнаце, стан якога нібы пасля артылерыйскага абстрэлу, па-рознаму. Зламаныя краны, дзіркі ў аблупленых сценах, цвіль на столі, брудныя кабінкі ў туалетах і няспраўны душ. «Беларускі партызан» прайшоўся па гарадзенскіх інтэрнатах і паглядзеў, за якія «выгоды» жыхарам давядзецца плаціць дадаткова.

Нагадаем, у Беларусі далей уводзяць плату за карыстанне жылымі памяшканнямі ў інтэрнатах. З 3 сакавіка яе ўвялі ў Магілёўскай вобласці, з 1 красавіка – у Віцебскай. Плацяць таксама ўжо ў Менскай вобласці і Менску. А з 1 чэрвеня і ў рахунках жыхароў гарадзенскіх інтэрнатаў з'явіцца новы радок і артыкул выдаткаў. Усё проста, усё па-простаму.

Словам, нехта мае дзясяткі (колькі дакладна – сакрэт) сядзіб і маёнткаў, іншыя проста жывуць у жудасных варунках, пры гэтым плацяць за іх вельмі шмат – калі казаць аб узроўні іхніх даходаў. Я сумняваюся, што паміж імі будзе поўная згода толькі таму, што «сонейка свеціць».

Тут ёсць праблема, і яна ўсё ж складаная. Просты падыход Шарыкава «ўзяць усё і падзяліць» не дапаможа, бо гэтых «рэзідэнцый» не выстарчыць, каб забяспечыць жыллём усіх, хто мае патрэбу. Але і іншы «просты» падыход – «ніхто не хоча паміраць», таму не абурайцеся, – таксама праблему не развязвае, а толькі заганяе ўнутр. Рана або позна людзі могуць сказаць «на халеру мне такое жыццё» і пойдуць шукаць справядлівасці.

Вяртаючыся да пытанняў міратворчасці, таксама трэба адзначыць, што прыманыя ў гэтай сфэры «нескладаныя» развязанні часцяком толькі пагаршалі сітуацыю. Заклікі ў стылі «хлопцы, давайце жыць у згодзе» працуюць далёка не заўсёды.

У 2005 годзе Робэрт Аўман атрымаў прэмію Нобэля, давёўшы, што вайна – гэта свайго кшталту мір, а мір – гэта вайна. У 1964 годзе Агенцтва кантролю над узбраеннямі прапанавала яму і ягоным калегам распрацаваць аптымальную стратэгію ЗША для вядзення перамоў аб Жэнэўскім пагадненні. Для пошуку развязання Аўман распрацаваў тэорыю паўтаральных гульняў з няпоўнай інфармацыяй. Ён прапанаваў разглядаць кожны канфлікт як гульню, якая адбываецца паводле пэўных правілаў. Пры прыняцці пастановы кожная з старон мае ўлічваць не толькі наяўную ў яе самой інфармацыю, але і тое, ці даступная гэтая інфармацыя спаборніку. Аўман давёў, што для прадухілення рэальнага сутыкнення патрэбная гонка ўзбраенняў, якая стварае навочную пагрозу вайны. Міратворчасць жа, наадварот, толькі спрыяе канфлікту. Вынік ўзаемадзеяння залежыць не толькі ад рэальных крокаў, але і ад тых, што маглі б быць прынятыя.

Тут навуковец мае рацыю: адарваныя ад рэальнай сітуацыі заклікі да міру «па-простаму» у стылі «траўка зелянее», дык навошта ж паміраць, толькі спрыяюць канфліктам, а не перашкаджаюць ім. Бо ніхто з агрэсараў не мерыцца паміраць, ён мерыцца забіваць. А калі ахвяра выказвае адсутнасць волі да супраціву ў стылі «давайце жыць у згодзе», гэта толькі стымулюе канфлікт, а не спрыяе яго развязанню.

Напісаць каментар 59

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках