23 красавiка 2024, aўторак, 16:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эксперты: «Водатрывалы» сонцаахоўны крэм – маркетынгавы хітрык

1
Эксперты: «Водатрывалы» сонцаахоўны крэм – маркетынгавы хітрык

Не варта залішне спадзявацца на ахоўныя ўласцівасці крэму ад загару, папярэджваюць спецыялісты.

Водатрывалы сонцаахоўны крэм абараняе скуру значна горш пасля купання, паведаміла брытанскае выданне Which?, якое займаецца тэставаннем розных тавараў масавага карыстання.

Эксперты выдання пратэставалі два крэмы, якія прэтэндуюць на водаўстойлівасць, і выявілі, што пасля 40 хвілінаў знаходжання ў салёнай вадзе ступень абароны ад сонечнага выпраменьвання (сонцаахоўны чыннік SPF) гэтых крэмаў упала на 59%, паведамляе BBC.

Дабрачынная медыцынская арганізацыя Cancer Research UK, якая займаецца даследаваннямі раку, вітала гэтае даследаванне і падкрэсліла, што стоадсоткава надзейных сонцаахоўных крэмаў не існуе.

Аднак група, якая прадстаўляе вытворцаў такіх крэмаў, назвала вынікі даследавання трывожнымі.

У Брытаніі вытворцам дазваляецца называць крэмы ад загару водатрывалымі, калі сонцаахоўны чыннік падае пасля 20-хвіліннага знаходжання ў вадзе не больш чым на 50%.

Для правядзення такіх тэстаў выкарыстоўваецца водаправодная вада.

Аднак прадстаўнік Which? заявіў, што больш строгія выпрабаванні ў салёнай, хлараванай, а таксама праточнай вадзе (менавіта такія ўмовы часцей за ўсё сустракаюцца на адпачынку) выявілі сур'ёзныя недахопы звычных тэстаў.

Паводле ягоных словаў, сонцаахоўны чыннік крэму аднаго вядомага вытворцы пасля 40 хвілінаў знаходжання ў вадзе ўпаў на 59%.

"У рэальнасці абарона ад сонца, хутчэй за ўсё, упадзе яшчэ больш. Такія чыннікі, як адлюстраванне сонечных прамянёў ад вады, спякота, пот, выкарыстанне ручнікоў – усё гэта зніжае эфектыўнасць сонцаахоўнага крэму", – заявіў прадстаўнік Which?.

Арганізацыя Cancer Research UK мяркуе, што залішняе ўздзеянне сонечных ультрафіялетавых прамянёў – самая галоўная з усіх прычынаў раку, якіх можна пазбегнуць.

Аднак брытанская Асацыяцыя вытворцаў касметыкі, парфумерыі і туалетных прыладаў (CTPA) заявіла, што вынікі тэстаў Which? памылковыя і пакупнікі могуць быць упэўненыя ў якасцях водатрывалых сонцаахоўных крэмаў.

Генеральны дырэктар асацыяцыі Крыс Флаўэр, прафесійны біёлаг, сцвярджае, што існая сістэма тэстаў цалкам адэкватная.

"На самай справе крэм з SPF 30 спыніць прыкладна 96% ультрафіялетавых прамянёў, а пасля дбайнага тэставання яго вадой ён абароніць скуру прынамсі ад 93% ультрафіялету", – кажа ён.

"Гэта відавочна не такое моцнае падзенне эфектыўнасці, як заяўляе Which?", – дадае Флаўэр.

Which? заклікаў да ўвядзення больш жорсткіх стандартаў на прыклад ЗША і Аўстраліі, дзе пазначаны на ўпакоўцы крэму ўзровень абароны ад сонца – гэта SPF, гарантаваны ўжо пасля знаходжання ў вадзе.

Тэсты на водаўстойлівасць, якія праводзяцца ў Брытаніі, заявіў прадстаўнік Which?, "нерэалістычныя настолькі, што становяцца бессэнсоўнымі".

Cancer Research UK раіць не шкадаваць сонцаахоўнага крэму, наносячы яго на цела, "каб забяспечыць узровень абароны, паказаны на бутэльцы".

Эксперты гэтай арганізацыі таксама раяць аматарам пазагараць на пляжы:

– рэгулярна наносіць крэм, у тым ліку пасля купання, аднаўляючы яго;

– больш часу праводзіць у цені і не спадзявацца цалкам на сонцаахоўны крэм;

– абараняць скуру ад сонечных прамянёў старым правераным спосабам – насіць футболкі і шапкі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках