20 красавiка 2024, Субота, 16:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Мінскі дыялог» нагадвае Калядны хакейны турнір на прызы Лукашэнкі

20
«Мінскі дыялог» нагадвае Калядны хакейны турнір на прызы Лукашэнкі
Фота: «Радыё Свабода»

Больш недарэчнай назвы і месца для міжнароднай канферэнцыі прыдумаць складана.

У сталіцы Беларусі другі дзень праходзіць міжнародная канферэнцыя «Мінскі дыялог» - з удзелам Лукашэнкі і чыноўнікаў, але без апазіцыі. Па каментар сайт Charter97.org звярнуўся да каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Дзмітрыя Бандарэнкі.

- Што гэта за акцыя? Як Вы яе ахарактарызуеце?

- У мяне некалькі асацыяцый узнікае ў сувязі з гэтай канферэнцыяй. Па-першае, гэта нагадвае акцыі Савецкага камітэта абароны міру, калі Савецкі Саюз, які быў ініцыятарам развязвання шмат якіх лакальных войнаў і дзяржаўных пераваротаў, адначасова быў галоўным «змагаром за мір».

А па-другое, гэта мне вельмі нагадвае Калядны хакейны турнір, дзе хакейная каманда Лукашэнкі ў большасці выпадкаў здабыве галоўны прыз у турніры імя Лукашэнкі. З усяго свету звозяцца хакейныя пенсіянеры для ўдзелу ў дзеі, якая з'яўляецца жадункамі адарванага ад рэчаіснасці дыктатара.

Канферэнцыя «Мінскі дыялог» арганізаваная GONGO, псэўданезалежнай арганізацыяй, адначасова відаць, што канферэнцыяй займаюцца дзяржаўныя структуры, сярод іх Міністэрства замежных спраў Беларусі. Больш недарэчнага месца і больш недарэчнай назвы для канферэнцыі прыдумаць складана.

Пра які дыялог можа ісці гаворка, калі лідары беларускай апазіцыі неаднаразова прапаноўвалі беларускім уладам дыялог, а ў адказ атрымлівалі дубінкі, аўтазакі, шматгадовыя турэмныя тэрміны, а сам дыктатар казаў, што не мерыцца ісці ні на які дыялог.

Было б дарэчы, калі б міжнародная канферэнцыя пад назвай «Дыялог» і з парадкам дня аб рэгіянальнай бяспецы праходзіла дзе-небудзь у нэйтральнай краіне, якая мае вялікі досвед правядзення міжнародных акцый і, самае галоўнае, улічвае меркаванне сваіх грамадзян, у краіне, дзе безупынна адбываецца дыялог паміж уладай і людзьмі, паміж рознымі палітычнымі і сацыяльнымі групамі. Было б дарэчы, калі б такая канферэнцыя праходзіла б у Арменіі, дзе ўлада вымушаная была пачуць меркаванне народа і сышла ў адстаўку. Ці ў Польшчы, якая мела досвед правядзення эпахальнага «круглага стала», які змяніў сітуацыю ў рэгіёне.

А правядзенне такой акцыі ў краіне дыктатарскай аналагічнае правядзенню такой канферэнцыі ў Паўночнай Карэі або ў іншых такіх жа «выдатных» краінах.

- Навошта ўладам гэтая імітацыя дыялогу? Чаму менавіта цяпер праводзіцца гэтая канферэнцыя?

- Ва ўлад адна задача — паспрабаваць знайсці партнёраў-ашуканцаў, недалужных людзей, так званых «карысных ідыётаў» на Захадзе, каб паспрабаваць змяніць вобраз дыктатарскага рэжыму, нічога фактычна не мяняючы ў Беларусі. Ну а мэта — вымантачванне грошай і крэдытаў на Захадзе. Замежная запазычанасць расце, старыя пазыкі выплачваюцца за кошт новых і за кошт рабавання насельніцтва. Таму гэта спроба падпілаваць сабе іклы, змыць кроў з рук, схаваць кайданкі ў кішэню і паспрабаваць сказаць, што мы «белыя і пухнатыя».

- А навошта заходнія палітыкі ўдзельнічаюць у гэтым цырку? Яны ж выдатна бачаць, што апазіцыю на канферэнцыю не дапусцілі, што там збольшага толькі лаяльныя ўладам людзі.

- Трэба разумець, што Валадарства Божае на зямлі не збудуеш, і нават у дэмакратычных краінах, і ў тым жа Еўразвязе, які з'яўляецца паспяховай мадэллю, шмат недасканаласцяў, шмат слабых людзей, слабых на карупцыю, не здольных рэальна ацэньваць сітуацыю і прагназаваць вынік сваіх дзеянняў.

Беларусы, пэўна, памятаюць, як Бэрлусконі цалаваў рукі лібійскаму дыктатару Кадафі, што цяпер распачатая крымінальная справа супраць былога прэзідэнта Францыі Сарказі за тое, што ён, магчыма, браў для выбарчай кампаніі грошы таго ж Кадафі. Існуе памылковая канцэпцыя «паса бяспекі» вакол Еўразвязу, калі падтрымліваюцца дыктатарскія рэжымы, абыякава ставяцца да меркавання народаў гэтых краін, культывуецца ідэя, што гэтыя краіны і народы «створаныя для дыктатуры» і грамадзяне «любяць» сваіх дыктатараў. Але потым гэта заканчваецца сацыяльнымі выбухамі, рэвалюцыямі на ўсёй працягласці мяжы Еўрапейскай Уніі, калі грамадзяне шмат якіх краін, не спадзеючыся на Захад, шукаюць паратунку ў нейкіх больш радыкальных ідэалогіях. І гэтая памылковая палітыка Еўрапейскага Звязу працягваецца.

З іншага боку, я б не выключаў моцны карупцыйны складнік. Беларусь ператварылася ў кантрабандны «вузел» для абыходу санкцый і контрсанкцый Захаду і Расеі. У гэтым працэсе замешаныя вялікія грошы.

Акрамя таго, мы ведаем, што частка чыноўнікаў Рады Еўропы цяпер абвінавачваецца ў тым, што яны лабіявалі інтарэсы рэжыму Ільхама Аліева ў Азербайджане зусім не бескарысліва. Калі-небудзь мы, магчыма, даведаемся, хто і колькі атрымаў на «Мінскім дыялогу», калі такое мела месца. Гэта стане вядома ўжо новай уладзе.

Не будзем забываць і аб брудных грошах расейскіх алігархаў і чыноўнікаў, якія выведзеныя ў афшоры заходніх краін. Частка гэтых грошай выкарыстоўваецца для лабіявання інтарэсаў Расеі і яе сатэлітаў. Мы бачым, як Брытанія спрабуе ачысціцца ад гэтай брыдоты, усё таемнае заўсёды становіцца выяўным.

- Вы згадалі аб сацыяльных выбухах і радыкалізацыі настрояў людзей у дыктатарскіх краінах. Які ваш прагноз наконт Беларусі?

- У Беларусі неўнікнёна адбудзецца змена ўлады менавіта з той прычыны, што беларускі рэжым не хоча весці дыялог з уласнымі грамадзянамі, з апазіцыяй і грамадствам. Мы бачым, што цяпер у Беларусі адраджаюцца сталінскія «тройкі», калі беспрацоўных будуць адпраўляць фактычна ў канцлагеры, якія называюцца лячэбна-працоўнымі прафілакторыямі. Мы ўжо ведаем, што хворых людзей, людзей з алкагольнай залежнасцю замест лячэння таксама адпраўляюць у гэтыя канцлагеры, дзе яны займаюцца бясплатнай рабскай працай. Такіх людзей у Беларусі блізу 20 тысяч, а пасля ўвядзення дэкрэту «аб дармаедах» іх колькасць вырасце.

Змена ўлады ў Беларусі можа насіць радыкальны характар. Да таго ж гэта нежаданне чуць галасы беларусаў як з боку дыктатарскай улады, так і з боку дэмакратычнага Захаду, вядзе да таго, што ў Беларусі растуць прарасейскія, прапуцінскія настроі. Гэты сацыяльны выбух можа быць выкарыстаны Пуціным для захопу ўлады ў Беларусі і, магчыма, нават аншлюсу Беларусі Расеяй. На жаль, гэта бачыцца так.

Не трэба надаваць вялікага значэння «Мінскаму дыялогу», за савецкім часам такіх акцый было шмат, але гэта не змяняла існасць рэжыму, гэта толькі цешыла самалюбства «карысных ідыётаў», якія ўдзельнічалі ў гульнях савецкіх членаў Палітбюро. У Беларусі гэта таксама нічога не змяняе. Мы ведаем, што вайскоўцы NATO рэальна ацэньваюць сітуацыю, ужо гаворыцца, што беларускае войска — частка расейскага, і праводзяцца пэўныя змены. А еўрапейскія чыноўнікі, няўдалыя палітыканы, таксама сыходзяць. Дэмакратычныя краіны і дэмакратычныя звязы маюць механізмы змены няўдалых, неадэкватных палітыкаў і чыноўнікаў на больш разважных.

У кожным разе апошняе слова за беларусамі. Трэба разлічваць на свае сілы і салідарнасць, і тады з'явяцца і хаўруснікі, і партнёры.

Менскі «хакейны» дыялог — яшчэ адна ганебная, смешная старонка ў рэгіянальнай гісторыі.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках