8 траўня 2024, Серада, 12:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У цэнтры Горадні гарэў стогадовы дуб

6
У цэнтры Горадні гарэў стогадовы дуб

Дуб перажыў дзве вайны, а загінуў ад недакурка.

Велізарны дуб у двары дома ў Горадні на вуліцы Захарава перажыў дзве сусветныя вайны, але загіне, хутчэй за ўсё, праз недакурак. Раніцай 22 траўня нешта падпаленае кінулі ў дупло. Кара задымілася і прагарэла да асяродку. Жыхары выклікалі ратавальнікаў. Патушылі ачаг узгарання хутка, але ўнутры ствала ўтварылася пустэча. Хутчэй за ўсё, старое дрэва ратаваць не будуць, паведамляе Гарадзенскі зялёны партал.

Гэтаму дубу прыкладна 150 гадоў. Вызначаць, якую шкоду нанёс ствалу волата пажар, не будуць. Для гэтага патрабуецца час, трэба пачакаць, ці будуць сохнуць лісце і ці перажыве дрэва зіму.

Начальнік участка лясной гаспадаркі гарадзенскага «Зелянбуда» Андрэй Лубін прызнаў дуб аварыйным: «Апора яго мёртвая, думаю, згніла яшчэ да пажару». Гэта значыць, што абследаваць і захоўваць гарадскога старажылу не абавязкова. Для высечкі досыць акта аб аварыйнасці.

- Пастанова ўжо прынятая, - кажа Андрэй Лубін, - гэты дуб будуць прыбіраць, але ўжо сіламі ЖЭСу.

- Вось нарэшце пісьменны мужык прыйшоў, які кажа тое, што ёсць. Не трэба лётаць дзесьці, паветраныя замкі будаваць. Яго [дуб] знішчыць трэба, - кажа адна з жыхарак дома, побач з якім і расце дрэва. Жыхары баяцца, што ён можа абрынуцца на дом або тэрыторыю дзіцячага садка, які знаходзіцца побач.

У той жа час ёсць практыка захавання такіх дрэў: можна запоўніць пустэчы ў ствале, паставіць рыштаванні для ўмацавання. У Польшчы такіх старажылаў спецыяльна агароджваюць, ставяць таблічкі, даюць імёны. У нас для гэтага неабходны статус мемарыяльнага аб'екта. Аднак стары дуб у двары не лічыцца помнікам прыроды.

- З пункту гледжання біямеханікі, дуб відавочна аварыйны. Але кансервацыяй наўрад ці будуць займацца. Для гэтага прынамсі трэба, каб Напалеон тут жалуды збіраў, - кажа дацэнт кафедры батанікі ГрДУ ім. Янкі Купалы Алег Созінаў.

Некалькі гадоў таму гарадзенскі краязнаўца, біёлаг Ігар Лапеха палічыў векавыя дрэвы Горадні. У спісе ёсць і дуб на вуліцы Захарава. А самыя старыя ў горадзе дубы растуць каля Францішканскага і Бернардынскага касцёлаў.

- Гэтыя дрэвы маглі пасадзіць у канцы XVII стагоддзя вайскоўцы, калі прыкладна на гэтым месцы ладзілі парахавыя склады ці калі азелянялі ў XIX-м стагоддзі Новаірусалімскую вуліцу (сёння - вул. Антонава), - мяркуе гісторык Андрэй Чарнякевіч.

Дом на Захарава, 3, быў пабудаваны больш за 20 гадоў таму на месцы прыватнага сектара. Старажылы памятаюць, што падчас будаўніцтва рабочыя спілавалі яшчэ больш стары велізарны дуб і атрымалі за гэта вялікі штраф.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках