8 траўня 2024, Серада, 17:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экс-гендырэктар «Беларусьфільма»: Пра крымінальную справу прачытаў у Facebook

3
Экс-гендырэктар «Беларусьфільма»: Пра крымінальную справу прачытаў у Facebook
АЛЕГ СІЛЬВАНОВІЧ

Алега Сільвановіча абвінавачваюць у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі.

- Я ў шоку! Я прачытаў гэта цяпер на Фэйсбуку, - распавёў kp.by ўдзень у мінулую сераду былы гендырэктар «Беларусьфільма» Алег Сільвановіч, які пакінуў сваю пасаду ў 2015 годзе. - Мяне пакуль ніхто не выклікаў у Следчы камітэт. Але на працягу паўтары-двух гадоў праверка па гэтым фільме была. Мяне запрашалі ў праваахоўныя органы, я даваў тлумачэнні. Але тое, што будзе распачынанне крымінальнай справы, я нават не мог сабе ўявіць. Я не лічу сябе вінаватым. З адвакатам я ўжо дамовіўся. Буду чакаць выкліку ў следчыя органы.

Сапраўдныя страсці кіпяць за кулісамі «Беларусьфільма»! І віной таму - фільм «З 8 Сакавіка, мужчыны». Распачатая крымінальная справа за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі (ч. 3 арт. 424 КК РБ) пры выкарыстанні бюджэтных сродкаў, выдзеленых Міністэрствам культуры на вытворчасць гэтага фільма. Калі віна экс-гендырэктара кінастудыі будзе даведзеная, то яму пагражае сур'ёзны тэрмін: пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў.

Як паведамляе МУС, было ўстаноўленае, што ў 2012 годзе паміж Міністэрствам культуры і кінастудыяй «Беларусьфільм» была падпісаная дамова на сумесную вытворчасць і выкарыстанне фільма «З 8 Сакавіка, мужчыны» коштам 1,5 млн. даляраў.

Уладальнікам выключнага права на фільм выступіла Міністэрства культуры, якое выдаткавала з бюджэту на стварэнне фільма 500 тысяч даляраў. Такую ж кругленькую суму вылучыла і кінастудыя. У той жа час кіраўнік «Беларусьфільма» ў красавіку 2013 года падпісаў дамову з расейскім суб'ектам ТАА «Моск», які інвеставаў у стварэнне фільма паўмільёна даляраў.

- Пасля кіраўнік кінастудыі, злоўжываючы службовымі паўнамоцтвамі, наўмысна падпісаў у кастрычніку 2013 года дамову з трэцяй асобай (таксама расейскі суб'ект гаспадарання) на кінатэатральны паказ названага фільма на тэрыторыі ўсяго свету, а ў студзеня 2014 года падпісаў дадатковае пагадненне аб перадачы ім выключнага права на фільм , - паведамляе прэс-служба МУС.

Так, гендырэктар прычыніў шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, якая праявілася ў тым ліку ў страце міністэрствам і кінастудыяй правоў на самастойнае выкарыстанне фільма ва ўсіх краінах свету.

У выніку на фільме ўсё ж такі зарабілі, але не беларусы. МУС са спасылкай на інфармацыю з інтэрнэт-крыніц адзначае, што расейскі бок атрымаў амаль 3 мільёны даляраў ад выкарыстання фільма «З 8 Сакавіка, мужчыны». Пры гэтым Міністэрства культуры і «Беларусьфільм» прыбытку не ўбачылі.

Генпракуратура удакладняе, што гендырэктар кінастудыі перадаў расейскаму сувытворцу ўсе выключныя правы на выкарыстанне фільма... на дзесяцігадовы тэрмін! Таму беларускія арганізацыі цяпер вымушаныя набываць правы на паказ гэтага фільма ў замежных кампаній.

- Зразумейце, для таго каб фільм вывесці ў расейскі кінапракат, трэба было яго прэзентаваць за паўгода да заканчэння вытворчасці, перадаваць правы на вывад у кінапракат, - кажа Алег Сільвановіч. - А перадаваць правы - гэта ж азначае, што за гэтыя правы павінны былі заплаціць грошы... Пракат праваліўся ў Расеі, і аўтаматычна патрэбны вінаваты. Я ж быў упэўнены, што ў фільма будуць добрыя зборы.

Крымінальная справа накіраваная ў Следчы камітэт.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках