Экспэрт: Курс даляра можа падрасці
- 23.05.2018, 16:25
- 9,221
Курс даляра ЗША на міжнароднай арэне знаходзіцца на максімальнай адзнацы з пачатку 2018 года.
За апошні месяц індэкс даляра, які адлюстроўвае курс амерыканскай валюты да карзіны з 6 іншых ліквідных валют, вырас на 3,7%. Што з гэтага вынікае і як ўмацаванне даляра паўплывае на курс беларускага рубля.
Каментуе для Myfin.by Жанна Кулакова, фінансавая кансультантка TeleTrade (ТАА «ТэлетрэйдБел»):
- У дачыненні да еўра даляр за месяц умацаваўся яшчэ больш значна - на 4%. Раніцай 23 траўня 1 еўра ацэньваўся ў 1,17 даляра, а месяцам раней - 1,22. Звязана гэта з тым, што не толькі даляр вырас, але і еўра некалькі аслабеў.
Падаражанню даляра спрыяе некалькі фактараў: добрыя паказчыкі амерыканскай эканомікі і аптымістычныя эканамічныя прагнозы, павышэнне ключавой стаўкі ФРС, рост прыбытковасці амерыканскіх аблігацый. Ёсць і геапалітычныя фактары росту, напрыклад, намецілася пацяпленне паміж ЗША і Кітаем і паляпшэнне гандлёвых дачыненняў паміж гэтымі краінамі.
У сярэднетэрміновай перспектыве еўра мае добрыя шанцы вярнуцца да росту ў дачыненні да даляра, бо ЕЦБ у агляднай перспектыве можа перайсці да ўзмацнення жорсткасці манетарнай палітыкі альбо, як мінімум, абвясціць пра такія намеры. Аднак найбліжэйшым часам даляр ЗША можа заставацца дарагім і нават прадоўжыць умацаванне. Гэта не абміне і беларускі рынак - курс даляра можа падрасці.
Стрымліваючым фактарам тут можа выступіць стабілізацыя на валютным рынку Расеі: расейскі рубель аднаўляецца на фоне дарагой нафты і зніжэння негатыўных чаканняў інвестараў.
Аб поўным вяртанні да дасанкцыйных адзнак гаварыць пакуль заўчасна - рубель цяпер на 4% слабейшы, чым у пачатку красавіка. Але ў піку падзенне даходзіла да 11,5%, так што пазітыўная дынаміка ў наяўнасці.
Гэта зніжае рызыкі «адкладзенага» паслаблення беларускага рубля ў будучыні. Наш рынак не цалкам адыграў негатыўныя наступствы ад антырасейскіх санкцый - яны згладзіліся за кошт таго, што беларускі рубель значна ўмацаваўся да расейскага.
Стабілізацыя на валютным рынку Расеі, калі яна прадоўжыцца, дазволіць і нашаму рынку паступова вярнуцца да больш камфортнага для замежнага гандлю ўзроўню без прыкметных скокаў курсу даляра. Пры гэтым геапалітычныя рызыкі для рубля, здольныя справакаваць значныя ваганні валютных курсаў, захоўваюцца.