29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яўген Афнагель: Суўдзельнікам Лукашэнкі ўцякаць не будзе куды

25
Яўген Афнагель: Суўдзельнікам Лукашэнкі ўцякаць не будзе куды
ЯЎГЕН АФНАГЕЛЬ
ФОТА: «БЕЛСАТ»

Сілавікі трымаюць гэты варыянт у розуме.

Учора Лукашэнка прызначыў новага намесніка камандуючага ўнутранымі войскамі. Намеснікам камандуючага ўнутранымі войскамі МУС стаў палкоўнік Хазалбек Атабекаў. Атабекаў удзельнічаў у разгоне «Плошчы-2010» - тады байцы ўнутраных войскаў паводзілі сябе з пратэстоўцамі найбольш жорстка.

У сакавіку 2012 года Хазалбека Атабекава ўнеслі ў санкцыйны спіс ЕЗ, але ў 2015 годзе еўрапейскія санкцыі былі спачатку замарожаныя, а потым і зусім скасаваныя. Навошта Лукашэнка атачае сябе людзьмі з сумнеўнай рэпутацыяй? Сайт Сharter97.org звярнуўся па каментар да каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўгена Афнагеля:

- Гэта ўжо не першы раз, калі Лукашэнка на кіроўныя пасады прызначае людзей, якія не проста асабіста адданыя, а з'яўляюцца суўдзельнікамі ягоных злачынстваў. Людзі, якія выконваюць незаконныя загады, збіваюць дэманстрантаў, ужываюць неапраўданую сілу да мітынгоўцаў. Дыктатар разумее, што такія асобы будуць абараняць яго да самага канца.

Такіх людзей не так шмат, нават сярод сілавікоў. Большасць выконваюць загад, але не перагібаюць палку, бо разумеюць, што за злачынствы давядзецца адказваць.

- Жорсткі разгон мірных акцый пратэсту і затрыманні актывістаў апазіцыі не спыніліся, нават наадварот. Як павінна рэагаваць міжнародная грамадскасць на такія дзеянні?

- Даслоўна сёння вярхоўная прадстаўніца ЕЗ у пытаннях замежнай палітыкі і палітыкі бяспекі Фрэдэрыка Магерыні заявіла, што фальсіфікацыя выбараў у Венесуэле - дастатковы аргумент для ўвядзення санкцый Еўразвязу.

Еўропа выдатна ведае, што «выбары» ў Беларусі праходзяць з парушэннямі ўсіх агульнапрынятых нормаў. Еўрапейскія палітыкі выдатна дасведчаныя аб тым, як беларускія ўлады парушаюць свабоду слова і свабоду мірных сходаў. ЕЗ ведае пра выкраданні лідараў апазіцыі і прэвентыўных арыштах перад акцыямі пратэсту. Усе пералічаныя вышэй парушэнні закона з'яўляюцца дастатковымі для ўвядзення санкцый Еўразвязу.

Калі прытрымлівацца маралі і еўрапейскіх прынцыпаў, то санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі трэба было ўводзіць яшчэ ўчора.

- Пасля Рэвалюцыі годнасці ва Украіне «беркутаўцам», якія выконвалі злачынныя загады Януковіча, давялося ратавацца за мяжой. Хтосьці збег у Расею, хтосьці ў Беларусь. Як вы думаеце, цi трымаюць беларускія сілавікі ў розуме такі варыянт, што сітуацыя ў краіне зменіцца, а за свае злачынствы давядзецца адказваць?

- Думаю, што яны ўсё выдатна ўсведамляюць і трымаюць у розуме, асабліва тыя, хто ўжо знаходзіўся пад санкцыямі Еўразвязу. Калі ўкраінскія «беркутаўцы» змаглі ўцячы ў Расею і Беларусь, то беларускім сілавікам варта задумацца пра сваю будучыню.

Ва Украіну для іх уезд закрыты, а ў Расеі дастаткова сваіх праблем. Памагатым Лукашэнкі ўцякаць не будзе куды. Праваабарончыя арганізацыі і СМІ сістэматычна фіксуюць парушэнні правоў чалавека. У свабоднай Беларусі гэта стане базай для люстрацыі сілавых структур.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках