9 траўня 2024, Чацвер, 0:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Жамчужны і Паліенка выкарыстоўваюць усе даступныя метады для барацьбы за свае правы»

2
«Жамчужны і Паліенка выкарыстоўваюць усе даступныя метады для барацьбы за свае правы»
МІХАІЛ ЖАМЧУЖНЫ
Фота з сайта belsat.еu

Праваабаронцы задалі нязручныя пытанні беларускім уладам.

Актывісты ініцыятывы «Праваабаронцы супраць катаванняў» працягваюць адказваць на выказванні прадстаўнікоў беларускай дэлегацыі, агучаныя на пасяджэнні Камітэта супраць катаванняў:

Сёння палітвязнямі з'яўляюцца два беларусы - Зміцер Паліенка і Міхаіл Жамчужны. Варункі ўтрымання і рэгулярны характар спагнанняў выклікаюць вялікую ўстурбаванасць у праваабаронцаў.

Камітэт супраць катаванняў не мог абысці бокам пытанне існавання палітычных зняволеных у Беларусі. На красавіцкім пасяджэнні чальцы камітэта неаднаразова задавалі пытанні прадстаўнікам беларускай дзяржавы пра лёс Змітра Паліенкі і Міхаіла Жамчужнага. Каментар пра стан палітвязняў Камітэту супраць катаванняў давала начальніца ўправы выканання прысудаў Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Батурыцкая Жанна Уладзіміраўна.

Даклад каментуе старшыня «Прававой ініцыятывы», чалец рабочай групы аб складанні альтэрнатыўнага дакладу ў Камітэт ад асобы праваабарончых арганізацый, праваабаронца Вікторыя Фёдарава.

Жанна Батурыцкая: Крымінальна-выканаўчае заканадаўства і практыка яго выкарыстання заснаваныя на прынцыпе роўнасці ўсіх асуджаных перад законам. Незалежна ад палітычных перакананняў, ад учыненага злачынства, асуджаныя адбываюць пакаранне ў роўных варунках. Спадар Жамчужны адбывае пакаранне ў 9-й калоніі г. Горкі паводле прыгавору суда. У перыяд адбыцця пакарання мае шэраг дысцыплінарных спагнанняў за парушэнне ўстаноўленага парадку адбывання пакарання. Гэтыя пакаранні асуджаны аспрэчвае ў судзе г. Горкі, у Магілёўскім абласным судзе, г.з. перашкод для накіравання скаргаў яму ніхто не чыніць. Цяпер ёсць 4 судовыя пастановы, дзе дзеянні адміністрацыі ВК №9 прызнаныя судом законнымі. Цяпер чарговая скарга Жамчужнага знаходзіцца ў судзе апеляцыйнай інстанцыі. Разгляд справы прызначаны на другога чэрвеня. У сувязі з гэтым, да разгляду справы судом мяркую, што каментаваць штосьці заўчасна.

Вікторыя Фёдарава: У нас ёсць падставы меркаваць, што прынцып роўнасці асуджаных перад законам у сістэме выканання пакаранняў рэгулярна парушаецца. Безумоўна, тут шмат што залежыць і ад дзеянняў адміністрацыі кожнай канкрэтнай калоніі. Мы можам з упэўненасцю казаць, што правы Міхаіла Жамчужнага і Змітра Паліенкі, якія маюць статус палітычных зняволеных, не выконваюцца цалкам. Так, пасля пераводу Міхаіла Жамчужнага ў ВК №9 г. Горкі варункі яго ўтрымання істотна пагоршыліся. Цяпер у Міхаіла Жамчужнага блізу 30 дысцыплінарных спагнанняў. Нядаўна ён быў змешчаны на 2 месяцы ў памяшканне камернага тыпу, якое мала адрозніваецца ад штрафнога ізалятара. Міхаіл Жамчужны рэгулярна атрымлівае пагрозы фізічнай расправы з боку іншых зняволеных, і гэтаму не перашкаджае адміністрацыя. Яго просьба аб пераводзе ў іншую калонію была адхіленая. Палітвязень вымушаны дамагацца захавання ўласных правоў, выкарыстоўваючы адзіны даступны яму механізм - суд. Аднак суды рэгулярна прымаюць бок адміністрацыі калоніі. Учора дакладчык палічыў за лепшае прамаўчаць пра тое, што падчас нядаўняга наведвання грамадска-назіральнай камісіяй ВК №9, дзе ўтрымліваецца Міхаіл Жамчужны, адміністрацыя калоніі адмовіла прадстаўнікам камісіі ў сустрэчы з Міхаілам Жамчужным. Таму пагаварыць і ацаніць варункі ўтрымання палітвязня не ўдалося.

Жанна Батурыцкая: Паліенка адбывае пакаранне ў другой калоніі г. Бабруйска. Я так разумею, цікавіць пытанне стану здароўя. У выпраўленчую калонію ён прыбыў у красавіку 2017 года, быў неадкладна агледжаны ў карантыне, яму пастаўленыя дыягназы. Цягам года ён неаднаразова аглядаўся лекарам. З 30 сакавіка 2018 года да 13 красавіка знаходзіўся на лячэнні ў Рэспубліканскай лякарні дэпартамента выканання пакаранняў. Цяпер знаходзіцца ў другой калоніі. Працаздольны. Дзякуй за ўвагу.

Вікторыя Фёдарава: Нагадаю, што яшчэ год таму праваабарончая супольнасць прызнала Змітра Паліенку палітычным зняволеным. Паводле пастановы міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International Зміцер Паліенка мае статус вязня сумлення. Цягам года, які прайшоў пасля траплення Змітра ў калонію, праваабаронцам рэгулярна паступаюць паведамленні аб тым, што яго правы ўвесь час парушаюцца. Стан здароўя Змітра выклікае асцярогі. Ён рэгулярна трапляе ў штрафны ізалятар, шэсць дзён на тыдзень па 8 гадзін на дзень працуе на пыльнай вытворчасці, пры тым, што схільны да алергіі. Падчас наведвання прадстаўнікамі грамадскай назіральнай камісіі папраўчай калоніі, дзе адбывае пакаранне Зміцер Паліенка, сустрэцца з палітвязнем ім не ўдалося. Адмова была матываваная тым, што ў момант наведвання Зміцер знаходзіўся на прамзоне, а спецыяльнага запыту ад Міністэрства юстыцыі на размову менавіта са Змітром Паліенкам не паступала.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках