Яцэк Чапутовіч адправіўся на перамовы з Майкам Пампэа
- 21.05.2018, 10:44
- 5,388
Кіраўнік МЗС Польшчы абмяркуе ў ЗША пытанні энэргетычнай бяспекі Еўропы.
Міністр замежных спраў Польшчы Яцэк Чапутовіч у панядзелак 21 траўня пачынае свой візіт у Злучаныя Штаты. Кіраўнік польскай дыпламатыі наведае Вашынгтон і Нью-Ёрк, паведамляе «Радыё Польшча».
Падчас візіту польскі міністр другім разам сустрэнецца з дзяржсакратаром Майкам Пампэа, які заступіў на пасаду ў красавіку гэтага года. Папярэдняя сустрэча палітыкаў адбылася ў мінулым месяцы на саміце NАТО ў Брусэлі.
Асноўнымі тэмамі сённяшніх перамоў будуць двухбаковыя польска-амерыканскія і трансатлантычныя стасункі, вайсковае супрацоўніцтва і пытанні энэргетычнай бяспекі, асабліва ў кантэксце газаправода Nord Stream 2.
У аўторак Яцэк Чапутовіч бярэ ўдзел у пасяджэнні Рады Бяспекі ААН. Кіраўнік польскай дыпламатыі будзе старшынстваваць на адкрытых дэбатах у пытанні абароны грамадзянскіх асоб ва ўзброеных канфліктах. Дэбаты будуць другімі ў рамках пасяджэння Рады бяспекі падчас польскага старшынства.
На мінулым тыдні ў ААН праходзіла дыскусія пра ролю міжнароднага права ў падтрыманні міру і бяспекі, якую правёў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.