28 сакавiка 2024, Чацвер, 13:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маці Коржыча: Пра сыстэму сапраўднага рэкету ў Печах усе ведалі

30
Маці Коржыча: Пра сыстэму сапраўднага рэкету ў Печах усе ведалі
Фота: «Радыё Свабода»

У маці салдата Коржыча свая вэрсія сьмерці сына

Абвінавачаныя ў справе сьмерці салдата Аляксандра Коржыча завяршаюць азнаямленьне зь яе матэрыяламі. Справу могуць перадаць у суд пасьля 4 чэрвеня, паведамляе «Радыё Свабода».

Аляксандар Коржыч пайшоў у войска 18 траўня 2017 году. Роўна праз год ягоная маці Сьвятлана ў тым самым пакоі, дзе адзначалі праводзіны, расказвае Свабодзе пра ўласную вэрсію сьмерці сына, хаду сьледзтва і пра свой намер зьмяніць беларускую армію.

Вэрсія маці: «Яго забілі»

У сярэдзіне красавіка Сьледчы камітэт афіцыйна паведаміў, што асноўная вэрсія прычыны сьмерці Аляксандра Коржыча — давядзеньне да самагубства.

Абвінавачаныя (сярод іх застаўся адзін афіцэр, другога вызвалілі праз тыдзень пасьля затрыманьня) пачалі знаёміцца з матэрыяламі справы. У якасьці вынятку гэта дазволілі і Сьвятлане Коржыч. Яна штотыдзень на 2-3 дні прыяжджае ў Менск зь Пінску, ідзе ў цэнтральны апарат і гартае сабраныя сьледчай групай дакумэнты. У справе больш за 30 тамоў, пасьпець трэба да 4 чэрвеня. З агучанай СК вэрсіяй аб давядзеньні да самагубства Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная.

«Як я разумею, яго трымалі ў закладніках пасьля таго, як пачаў плаціць менш, — расказвае маці загінулага салдата. — Вынікі судова-мэдычнай экспэртызы рэзка адрозьніваюцца ад тых рэаліяў, якія мы пабачылі, калі нам у Пінск „груз 200“ даставілі. Вайскоўцы вельмі сьпяшаліся пахаваць сына. Яны ня думалі, што мы Сашу пачнем пераадзяваць. Тое, што мы там пабачылі, было страшна. Я асабіста агледзела яго. Сястра мая доктар, наш родзіч быў, хірург-траўматоляг... Дзіркі-праколы на галаве. Я ў Сьледчым камітэце пытаю пра гэта, мне ніхто нічога сказаць ня можа. Навошта шматлікія праколы на галаве рабіліся? На шыі тры дзіркі. Навошта яны? Калі б гэта было самагубства, то ніхто сабе перад павешаньнем дзірак ня робіць».

Сьвятлана Коржыч настойвае: яе сына забілі. Паводле вэрсіі маці, ён адмовіўся плаціць «даніну» сяржантам, тыя паставілі яго «на лічыльнік», а калі Коржыч не паддаўся, то яго зачынілі ў падвальным памяшканьні мэдпункту, дзе зьдзекаваліся і фактычна трымалі ў закладніках. Калі зразумелі, што перагнулі палку, некалькі дзён вырашалі, што рабіць далей. Менавіта таму, лічыць маці, месца знаходжаньня яе сына амаль тыдзень заставалася невядомым.

«Праблемы пачаліся пасьля таго, як сын адмовіўся плаціць, — дадае Сьвятлана Коржыч. — Ён мне сказаў, што надакучыла аддаваць грошы, што разьбярэцца сам. І вось пасьля гэтага пачаліся ўсе прыгоды. Я лічу, што афіцэр, якому паскардзіўся Саша, пераклаў справу на сяржантаў... Так там і было: салдат пачынаў абурацца, пераставаў плаціць грошы — і яго, як гавораць, пускалі ў расход. У мяне склалася такое ўражаньне».

«Калі пабачыла Сашу, плакаць ужо не хацелася»

Пасьля падзеяў кастрычніка 2017 году СК пачаў пераглядаць справы аб гібелі і траўмаваньні салдатаў у войску за апошнія шэсьць гадоў. Некаторыя зь іх былі паўторна закрытыя (як справа аб гібелі Арцёма Басьцюка), расьсьледаваньне іншых працягваецца. Сьвятлана Коржыч гаворыць, што калі б ня справа ейнага сына, то ані перагляду справаў, ані судоў «за дзедаўшчыну» не было б.

«Год таму я не магла падумаць, што ў беларускай арміі такое адбываецца, — кажа Сьвятлана Коржыч. — У нас у сям’і неяк не было людзей, зьвязаных з войскам. У мяне няма братоў, якія б служылі. Аднаклясьнікі толькі... Але ўжо падчас прысягі сам камандзір сказаў, што трэба салдатам завесьці плястыкавыя карткі. Ніякіх прадуктаў ня трэба перадаваць, а толькі пералічваць грошы... Там склалася сапраўдная сыстэма рэкету... Вы думаеце, кіраўніцтва часткі ня ведала? Усе ўсё ведалі».

Адносіны з вайскоўцамі — для Сьвятланы Коржыч асаблівая тэма. Расказвае, што падчас аднаго зь візытаў у вайсковы камісарыят ёй там выказалі незадаволенасьць. Маўляў, трэба менш раздаваць інтэрвію. І лепш не пісаць у адміністрацыю кіраўніка краіны.

«Мяне асабліва раззлавалі словы міністра абароны пра тое, што ўва ўсім вінаватыя школа і выхаваньне ў сям’і, — гаворыць Сьвятлана. — Маўляў, ідуць салдаты ў армію непадрыхтаваныя, псыхалягічна не гатовыя. Прабачце мне, хочацца задаць пытаньне — у іх саміх ёсьць дзеці альбо не? Давайце сустрэнемся. Міністар абароны і генэралы з аднаго боку, маці загінулых салдатаў зь іншага. І мы ўсе факты раскажам, агучым усе свае прэтэнзіі».

Сустрэча кіраўніцтва беларускага войска з маці загінулых у арміі салдатаў — адна з мэтаў Сьвятланы Коржыч. Яна расказвае, што пасьля сьмерці сына атрымала дзясяткі званкоў ад родных загінулых салдатаў. Некаторыя выпадкі здарыліся яшчэ ў сярэдзіне 90-х, але родныя ўсё ж спадзяюцца дамагчыся справядлівасьці. Калі не справядлівасьці, то прынамсі пераменаў у войску.

«Чаму ў нас маладыя хлопцы ідуць у армію і там становяцца самагубцамі? Ніхто пра гэта не задумваўся раней, — гаворыць Сьвятлана Коржыч. — Чаму так адбываецца? Суіцыд і ўсё. Ніхто ня будзе суіцыд расьсьледаваць, ніхто ня будзе прычынаў высьвятляць... Ім было б выгадней, каб я маўчала і плакала. А я вам шчыра скажу: калі пабачыла Сашу, то мне плакаць ужо не хацелася».

Некалькі месяцаў таму да маці Аляксандра Коржыча проста на рынак, дзе яна гандлюе, прыйшла цэлая дэлегацыя пінскіх жанчын. Выказвалі падзяку за тое, што цяпер стала ня так страшна аддаваць дзяцей у армію. Прапаноўвалі абвясьціць збор сродкаў на помнік яе сыну. Сьвятлана адмовілася. Сказала, што ня будзе хадзіць па горадзе з працягнутай рукой.

«Цяпер у Печах новы камандзір. Уначы ходзіць, правярае, ці ўсё добра, — гаворыць Сьвятлана Коржыч. — Калыханкі салдатам сьпявае. Глядзіць, як яны ядуць, чым хто займаецца. Ці ня чысьцяць раптам унітазы зубной шчоткай».

Ці будуць у арміі новыя падазроныя выпадкі суіцыдаў, Сьвятлана Коржыч ня ведае. Пасьля гэтага пытаньня адразу згадвае нядаўняе паведамленьне аб гібелі салдата пад Менскам. Ён служыў разам зь яе сынам і нават праходзіў сьведкам у справе. Паводле афіцыйнай вэрсіі, загінуў ад выпадковых стрэлаў з танкавага кулямёта.

«У мяне забралі будучыню — у мяне ня будзе ні дзяцей, ні ўнукаў»

«Гавораць, што я ўсё выдумала. Пра хамуты з шыпамі, пра зьдзекі, — абураецца Сьвятлана Коржыч. — У СМІ пішуць, што гэта мае фантазіі. Маўляў, не знайшлі рэчавых доказаў, не знайшлі гэтых хамутоў. Але яны былі. І іншыя мэтады запалохваньня салдатаў былі. Усё было аддадзена ў рукі сяржантаў».

Як кажа Сьвятлана Коржыч, у матэрыялах справы няма некалькіх ключавых, на яе думку, момантаў. Па-першае, вынікі мэдычнай экспэртызы адмаўляюць наяўнасьць сьлядоў гвалтоўнай сьмерці на целе загінулага салдата. Па-другое, сярод абвінавачаных толькі адзін афіцэр. У справе аб сьмерці Коржыча былы кіраўнік часткі разам з падначаленымі праходзіць толькі ў якасьці сьведкі. Сьвятлана Коржыч гаворыць, што неаднаразова зьвяртала на гэта ўвагу сьледчых, спрабавала нават асабіста сустрэцца з былымі камандзірамі сына, аднак атрымала папярэджаньне ад супрацоўнікаў СК. Маўляў, гэта недапушчальна і можа быць расцэнена як ціск на сьведак.

«Мне цяпер гавораць (у Сьледчым камітэце. — РС), што Саша мог сам сабе нацягнуць мяшок на галаву і задушыцца, расказвае Сьвятлана Коржыч. — Сам сабе ногі зьвязаць перад гэтым. Пра сьляды вяровак на запясьцях у матэрыялах справы няма ні слова. Няма там фатаздымкаў цела, якія мы рабілі перад пахаваньнем (фота ёсьць у рэдакцыі Свабоды. — РС). Як так — сьлядоў пабояў няма? Гавораць, што гэта ўсё трупныя плямы».

Сьвятлана Коржыч разам з сынавымі сябрамі спрабавала дамагчыся эксгумацыі цела, паўторнай мэдычнай экспэртызы. У СК адмовілі. Фатаздымкі, амаль выпадкова зробленыя падчас пераадзяваньня цела з вайсковай формы ў цывільнае, — цяпер галоўныя аргумэнты блізкіх загінулага салдата. Частку зь іх Сьвятлана дазволіла выкласьці ў агульны доступ у сацыяльных сетках пасьля словаў старшыні Сьледчага камітэту пра адсутнасьць сьлядоў гвалту на целе Аляксандра. Іншыя зьбіраецца паказаць на судзе.

«Чаму пасьля сьмерці Сашы пачалі расьсьледаваць іншыя выпадкі, атрымаўся такі рэзананс? Прычына і ў сродках масавай інфармацыі, якія пра нас напісалі, — гаворыць Сьвятлана Коржыч. — І дзякуючы грамадзкаму водгуку. Цяпер людзі сталі больш актыўныя, не такія пэсымістычныя, як раней. „Мая хата з краю“. Выступілі за адстаўку міністра абароны. Міністэрства абароны сайт гэты заблякавала. Чаму, чаго яны баяцца?»

Сьвятлана Коржыч гаворыць, што за гэтыя пытаньні ўжо некалькі разоў атрымлівала адкрытыя і прыхаваныя пагрозы на свой адрас. Апошні раз у Генэральнай пракуратуры, дзе пасьля чарговай размовы з журналістамі яе папярэдзілі пра крымінальную адказнасьць за разгалошваньне акалічнасьцяў расьсьледаваньня справы. Прасілі маўчаць і ў пінскім СК, і нават невядомыя людзі, якія падыходзілі да яе на рынку.

«Я лічу, што трэба адкрыта аб усім гаварыць. І пытаньні задаваць... Я нічога не баюся, — гаворыць Сьвятлана Коржыч. — У мяне забралі будучыню. У мяне ня будзе ні дзяцей, ні ўнукаў... Я хачу, каб мы жылі ў праўнай дзяржаве ў цэнтры Эўропы і не баяліся аддаваць сваіх дзяцей у армію. Каб нашы дзеці ішлі ў армію так, як ішоў мой Саша. „Адслужу і буду спаць спакойна“, — як ён гаварыў».

«Тое, што адбылося з маім сынам, ужо не дзедаўшчына»

«Пасьля ўмяшаньня Лукашэнкі Сьледчы камітэт заварушыўся, — расказвае Сьвятлана Коржыч. — Датуль праца вялася вельмі пасіўна. Яны нават фатаздымкі з банкаматаў не прагледзелі, хто грошы здымаў з сынавай карткі . Называюць цікавую лічбу — 400 рублёў (такую суму нібыта забралі ў Коржыча сяржанты. — РС). Я толькі на Дзень незалежнасьці Сашу адвезла 300 рублёў... Чаму кіраўніцтва часткі праходзіць у справе ў якасьці сьведак? Чаму Чарнецкі (палкоўнік Канстанцін Чарнэцкі — на момант сьмерці Аляксандра Коржыча камандзір яго часткі. — РС) толькі сьведка, чаму маёр-псыхоляг толькі сьведка?».

Арганізаваць сустрэчу маці загінулых салдатаў з Лукашэнкам яна хоча незалежна ад канчатковых вынікаў расьсьледавання справы аб гібелі сына.

«Тое, што адбылося ў Печах з маім сынам, — гэта ўжо не дзедаўшчына, — гаворыць Сьвятлана Коржыч. — Уявіце: гэтым усім займаюцца нашыя кадравыя вайскоўцы... Такія людзі самі падрываюць аўтарытэт нашай арміі. Суды над прапаршчыкамі і сяржантамі, якія цяпер пачаліся па ўсёй краіне, — гэта ўсё дзякуючы майму сыну... Мы цяпер бачым, што робіцца ў арміі. Гэтыя людзі за грошы прададуць каго заўгодна. І нас з вамі прададуць, і дзяржаву, і Лукашэнку таксама».

Знаёмства абвінавачаных ды іхных адвакатаў з матэрыяламі справы аб сьмерці Аляксандра Коржыча павінна скончыцца да 4 чэрвеня. Паводле працэдуры, пасьля гэтага яе перададуць у суд. Працэс можа пачацца ўжо ў ліпені. На ім зьбіраюцца пастаянна прысутнічаць ня толькі родныя і сябры Аляксандра Коржыча, але і блізкія іншых загінулых у беларускім войску салдатаў.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках