5 траўня 2024, Нядзеля, 23:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лідская «Маці 328»: Я хачу ўбачыць довады віны майго сына

20
Лідская «Маці 328»: Я хачу ўбачыць довады віны майго сына
ЛЮДМІЛА ЛАПКО

Людміла Лапко з Ліды галадае ўжо восьмы дзень.

У Лідзе ўжо восьмы дзень галадае Людміла Лапко, маці асуджанага за збыт наркатычных рэчываў, паведамляе «Белсат». Жанчына звярнулася ў адміністрацыю дыктатара з просьбай арганізаваць ёй сустрэчу з Лукашэнкам, каб расказаць яму пра «белыя плямы» ў крымінальнай справе свайго сына.

У красавіку 2015 года 19-гадовы жыхар Ліды Яўген разам з сябрам патрапілі ў лякарню пасля ўжывання наркотыкаў. Са слоў маці, хлопцаў пратрымалі пад кропельніцай усяго дзве гадзіны пры належных васьмі, а пасля адвезлі ў ізалятар проста з лякарні. Хлопцам давялося выклікаць туды «хуткую», бо ў абодвух была высокая тэмпература.

«Калі яны былі ў шпіталі, у пакоі інтэрната, дзе яны жылі, прайшоў ператрус і знайшлі спайс. Аператыўнік сказаў адразу, што гэта «з мэтай збыту», на судзе таксама ён сведчыў. У выніку дзеці пайшлі паводле трэцяй часткі 328 артыкула, ім далі 11 гадоў», - распавядае Людміла.

Разам з ёй галадае і маці сябра Яўгена, які адбывае пакаранне - Алена Нікалаюк. Жанчыны ўпэўненыя: толькі галадоўкай можна прыцягнуць увагу высокапастаўленых чыноўнікаў і дыктатара да праблемы.

«У справе вельмі шмат недастасаванняў. Па-першае, у пратаколе было напісана, што хлопцаў затрымалі а 18-й, але яны былі ў ізалятары ўжо а 15. Чаму такое разыходжанне ў часе? Ведаеце, ім адваката доўга не давалі...Па-другое, у інтэрнаце знайшлі не тое рэчыва, якое было ў крыві ў хлопцаў на момант затрымання. Да таго ж, адбіткі пальцаў на знойдзеных пакеціках - не іх, а неўсталяванай асобы. Я хачу ўбачыць довады ягонай віны. Прайшло тры гады, але я іх так і не атрымала», - кажа маці Яўгена.

Жанчына сцвярджае, што ў абвінавачванні не было доваднай базы, каб пасадзіць яе сына на такі тэрмін. Яна мае намер дамагацца сустрэчы з Лукашэнкам, каб расказаць яму аб парушэннях падчас следства.

«Адвакаты спрабавалі абараніць сына, знайшлі ў матэрыялах справы 15 парушэнняў, але ўсё марна. Свой зварот у адміністрацыю я даслала 10 траўня, чакаю адказу. Заўтра пайду ў мясцовы выканкам. Можа, мясцовыя чыноўнікі могуць паскорыць адказ з Менска?»

Адчувае сябе Людміла Лапко, з яе слоў, добра. Яна рэгулярна прыходзіць у дзённы стацыянар у лякарню, каб праверыць ціск і кардыяграму. Кажа, што гатовая спыніць галадоўку, калі ўбачыць вынік ад сваіх намаганняў.

Раней у Калінкавічах і Пухавіцкім раёне «Маці-328» галадалі 14 дзён - з 27 красавіка да 11 траўня. Яны двойчы хадзілі ў адміністрацыю дыктатара і на 14-ы дзень спынілі галадоўку, атрымаўшы ад чыноўнікаў абяцанне, што законапраект аб змякчэнні пакарання «за наркотыкі» будзе хутка перададзены на разгляд «дэпутатам». У сустрэчы з Лукашэнкам жанчынам адмовілі.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках