5 траўня 2024, Нядзеля, 13:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юрыст РЭП: «Я кажу міліцыянту - з каго вы надумалі здзекавацца?»

16
Юрыст РЭП: «Я кажу міліцыянту - з каго вы надумалі здзекавацца?»
АЛЯКСАНДР ХАМРАТАў

Незалежны прафзвяз выратаваў прадаўца ад штрафу на 1225 рублёў.

Аляксандр Хамратаў, юрыст прафзвязу РЭП з Магілёва, выбавіў прадавачку Таццяну Лаўрэнцьеву ад штрафу за нібыта прададзеную непаўналетняму бутэльку піва, паведамляе praca-by.info.

Таццяна Лаўрэнцьева, сябра прафзвязу РЭП з Магілёва, звярнулася па дапамогу да юрыста прафзвязу Аляксандру Хамратаву. Яна працавала прадавачкай у адной з невялікіх крам прыватнай формы ўласнасці. У пачатку красавіка ў краму прыйшоў міліцыянт і склаў на спадарыню пратакол: нібыта яна прадала піва непаўналетняму. Ёй пагражаў штраф ад 20 да 50 базавых адзінак паводле артыкула 12.17 КоАП: ад 490 да 1225 рублёў.

Прадавачка ўзгадала, што ў названы ў пратаколе дзень яна сапраўды прадала бутэльку піва «Тубарг» - але толькі не хлопчыку, а даросламу мужчыну. Па абарону сваіх правоў яна звярнулася ў прафзвяз РЭП, сябрам якога з'яўляецца.

Аляксандр Хамратаў праінструктаваў дзяўчыну перад паходам у міліцыю, куды яе выклікаў міліцыянт для апытання:

- Загадаў ёй азнаёміцца з матэрыяламі і даведацца, кім быў гэты непаўнагадовы. Як той казаў: а ці быў хлопчык? Міліцыянт не дазволіў ёй азнаёміцца з матэрыяламі справы: спаслаўся на тое, што гэтага непаўналетняга нельга нікому паказваць і яго звесткі нельга выдаваць.

Юрыст напісаў скаргу з патрабаваннем прызнаць дзеянні міліцыянта незаконнымі. Да разгляду прыступіў не суд, а адміністрацыйная камісія гарвыканкама: такая працэдура выкарыстоўваецца для разгляду парушэнняў правілаў гандлю.

Пры высвятленні абставін камісіяй міліцыянт паведаміў, што непаўналетні з'яўляецца грамадзянінам Расейскай Федэрацыі, і запрасіць яго няма ніякай магчымасці.

Аляксандр Хамратаў распавёў, як адбывалася пасяджэнне, на якім разглядаўся лёс штрафу:

- Да нас чарга рухалася вельмі хутка, як канвеер: дзве-тры хвіліны - і чалавек выходзіў са штрафам. Нашае пасяджэнне расцягнулася на сорак хвілін. Сярод дакументаў справы я заўважыў і той самы чэк за піва, купленае невядомым хлопчыкам з Расеі. Чэк як быццам пяць хвілін таму выйшаў з касавага апарата, настолькі ён гладкі! Я пасля паседжання сказаў міліцыянту: што ж вы робіце? Які яшчэ сведка з Расейскай Федэрацыі? Няўжо хлопчык прыйшоў купляць піва з тэчкай для дакументаў і беражліва паклаў туды чэк, каб перадаць у міліцыю?

Камісія прызнала, што міліцыянт незаконна забараніў Таццяне Лаўрэнцьевай азнаёміцца з матэрыяламі справы і задаволіла хадайніцтва аб спыненні адміністрацыйнага працэсу ў дачыненні да прадавачкі.

Аляксандр Хамратаў упэўнены, што Таццяна ледзь не стала ахвярай падману з боку міліцыянта:

- А ці быў хлопчык? З матэрыялаў справы даведацца пра яго нельга, на пасяджэнне камісіі ён з'явіцца не можа, бо тэрмінова з'ехаў у Расейскую Федэрацыю; чэк як новы, як быццам яго адмыслова захавалі... Разлічана на чалавека, які не разбіраецца ў заканадаўстве і не можа сам сябе абараніць.

Юрыста абурыла гэтая схема махлярства, з якой ён сутыкнуўся ўпершыню:

- Я кажу міліцыянту: з каго вы надумалі здзекавацца? У яе ж заробак - 300 рублёў, а штраф хацелі выпісаць на тысячу!

Аляксандр Хамратаў параіў усім прадаўцам, якія могуць апынуцца ў такой сітуацыі, бараніць свае правы:

- Калі вы зусім не разбіраецеся ў прававых тонкасцях, трэба або мець знаёмага юрыста, або быць у прафзвязе, які бароніць правы сваіх сябраў.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках