29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія хакеісты вярнуліся ў Менск «у шоку» і «з цяжкімі думкамі»

51
Беларускія хакеісты вярнуліся ў Менск «у шоку» і «з цяжкімі думкамі»
ФОТА: ДАР'Я БУРАКІНА/TUT.BY

Нацыянальная каманда Беларусі ў хакеі вярнулася пасля правалу на ЧС у Даніі.

Нацыянальная каманда Беларусі ў хакеі, якая вельмі няўдала выступіла на чэмпіянаце свету ў Даніі, вярнулася дадому чартэрным рэйсам з Капенгагена.

Каманда прыляцела без выконваючага абавязкі галоўнага трэнера Сяргея Пушкова і ягонага асістэнта Міхаіла Захарава. У канцы тыдня ў Капенгагене пройдзе чарговы кангрэс Міжнароднай федэрацыі хакея, піша Tut.by.

Ягор Шаранговіч быў адным з самых маладых хакеістаў нацыянальнай каманды. Ён не згодны з меркаваннем некаторых заўзятараў і спецыялістаў, што вылет можа пайсці камандзе на карысць.

— Уражанні ад чэмпіянату, вядома, не надта. Выступілі дрэнна. Ніводнай перамогі. Ніякага пазітыву ад вылету ў першы дывізіён я не бачу. Праз год трэба вяртацца. Мяркую, што нам гэта па сілах. Тым больш што нават пасля шэрагу няўдач многія заўзятары нас падтрымлівалі. Вялікі дзякуй ім за гэта!

ЯГОР ШАРАНГОВІЧ

Некалькі іншага меркавання прытрымліваецца брамнік Віталь Трус. На ягоную думку, правал на гэтым турніры можа дапамагчы беларускаму хакею ў будучыні.

— Федэрацыя цяпер будзе думаць, як зрабіць лепшым чэмпіянат, як прыцягнуць людзей да хакею. Не выключана, што гэта стане своеасаблівым штуршком у развіцці.

ВІТАЛЬ ТРУС

Капітан Аляксандр Паўловіч заявіў, што вяртаецца дадому ў дрэнным настроі, а таксама пракаментаваў крытыку шэрагу гульцоў і трэнера ў адрас атрымалага неабавязковае выдаленне ў гульні з Аўстрыяй Джэфа Плата.

— Цяжкія думкі. Абсалютна пусты. Вядома, жыццё не спыняецца, але трэба добра падумаць, як вяртацца ў эліту.

АЛЯКСАНДР ПАЎЛОВІЧ

— Пасля матчу з Аўстрыяй шмат непрыемных словаў пра сябе пачуў Джэф Плат.

— На мой погляд, каманда перамагае і саступае адначаслова. Мы павінны быць адным цэлым.

— Так, а чаму тады столькі крытыкі з боку каманды было ў адрас Плата?

— Я не ведаю.

Нападнік Арцём Дзямкоў распавёў, што напярэдадні турніру перад нацыянальнай камандай не ставілі канкрэтных задач.

— Гаворка ішла пра тое, каб змагацца ў кожнай гульні.

— То бок, не было мэты трапіць у плэй-оф або пазбегнуць вылету?

— Не, такіх канкрэтных задач не было. Проста гуляць на перамогу ў кожным матчы.

— Як на вас паўплывала звальненне Льюіса?

— Быў крыху ў шоку, але часу абдумаць гэтага не было. Трэба прывыкаць да кожнага трэнера.

АРЦЁМ ДЗЯМКОЎ

— Успомніце ноч пасля гульні з Аўстрыяй.

— Доўга не мог заснуць. Гадзін да трох глядзеў тэлевізар.

— Як рыхтаваліся да гульні са Славаччынай?

— Хацелі паказаць, што ўмеем гуляць у хакей. Трохі пляснулі дзвярыма, закінуўшы чатыры шайбы, але канцоўка не ўдалася.

— Былі канфлікты ўнутры калектыву?

— Наадварот, атмасфера была нармальнай. Мы часта збіраліся разам, абмяркоўвалі сітуацыю, падымалі камандны дух.

Аляксандр Кітараў пры гэтым заявіў, што ў камандзе, дзе «сабраныя 20 дарослых мужчын з рознымі характарамі, заўсёды цяжка», але агулам атмасфера была рабочай.

АЛЯКСАНДР КІТАРАЎ

Што тычыцца паўночнаамерыканскіх легіянераў, то Джэф Плат паляцеў у Фінляндыю, а Шарль Лінгле прыляцеў у Менск разам з камандай. Вядома, адной з галоўных падзей для яго было звальненне суайчынніка Дэйва Льюіса падчас турніру.

— Ці быў я шакаваны? Вядома! Не памятаю ніводнага выпадку, каб трэнера звальнялі проста падчас турніру. Але гэта не мая пастанова. Федэрацыя палічыла, што камандзе патрэбныя змены. Складана гэта пракаментаваць, бо я ўсяго толькі гулец. Сяргей Пушкоў, на мой погляд, добра выканаў сваю працу.

— Прадоўжыш кар'еру ў нацыянальнай камандзе?

— Без паняцця. У мяне няма кантракту на наступны сезон, трэба заняцца пошукамі каманды. Да таго ж я даўно не бачыўся з сям'ёй. Увогуле, аб нацыянальнай камандзе пакуль ніякай пастановы.

— Для цябе большым расчараваннем стала параза ў алімпійскай кваліфікацыі або гэты турнір?

— Усё ж кваліфікацыя ў Менску. Усе былі прыгнечаныя пасля таго турніру. Алімпіяда праходзіць раз на чатыры гады, а чэмпіянат свету — кожны сезон.

На ЧС-2018 Беларусь саступіла Швэцыі (0:5), Францыі (2:6), Расеі (0:6), Швэйцарыі (2:5), Чэхіі (0:3), Аўстрыі (0:4) і Славаччыне (4:7). Падчас турніру каманда апусцілася ў першы дывізіён, дзе згуляе ўпершыню з 2004 года.

Беларусь упершыню не перамагла на ЧС у аніводным матчы, розніца шайбаў «мінус 28» — найгоршая ў гісторыі.

Трыма найлепшымі гульцамі нацыянальнай каманды на чэмпіянаце названыя Павел Развадоўскі, Уладзімір Дзянісаў і Джэф Плат.

Напісаць каментар 51

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках