28 сакавiка 2024, Чацвер, 11:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Далікатны «Панцыр»: як беспілотнікі знішчаюць найноўшыя расейскія сістэмы СПА

9
Далікатны «Панцыр»: як беспілотнікі знішчаюць найноўшыя расейскія сістэмы СПА

Падзеі ў Сірыі сталі сур'ёзным ударам па расейскай абароннай прамысловасці.

Сірыйскі досвед цяпер вывучаецца ва ўсіх вайсковых акадэміях свету. І, як паказвае практыка, ён можа пацвердзіць або зняпраўдзіць шляхі развіцця і нашага войска, піша для выдання dsnews.ua Міхаіл Жырохаў.

Так, на мінулым тыдні вельмі яскрава выступілі ізраільцяне, якія ў ноч на 10 траўня ў адказ на абстрэл Галанскіх вышынь нанеслі самы магутны авіяўдар па дзясятках іранскіх аб'ектаў у Сірыі. Адначасна былі знішчаныя сродкі СПА ворага, якія тэарэтычна маглі прычыніць шкоду ізраільскім ударным самалётам.

Найбольш эфектным стала знішчэнне сучаснага расейскага зенітнага ракетна-гарматнага комплексу «Панцыр С-1» у аэрапорце ў 3,8 км ад прэзідэнцкага палаца Асада. Відэа было распаўсюджанае ізраільскімі СМІ і стала сапраўдным хітом інтэрнэту.

Хоць прэс-служба ізраільскага войска і пацвердзіла сам факт знішчэння «Панцыра», аднак не ўдакладніла, чым менавіта была здабытая гэтая перамога.

Ёсць некалькі версій, і ў ліку магчымых прэтэндэнтаў на перамогу фігуруюць і крылатая ракета Delilah, ракета Spike NLOS. Аднак, на думку аўтара, значна больш праўдзівая версія з ужываннем дрона IAI Harpy. Гэты апарат спецыяльна распрацаваны для знішчэння аб'ектаў СПА, і, мяркуючы з відэа, менавіта ён да самага моманту трапляння выдаваў «карцінку» ў эфір.

Гэты беспілотны саманаводны самалёт-набой пасля выяўлення сігналаў РЛС вызначае месцазнаходжанне цэлі, пікіруе на яе і паражае аскепкава-фугаснай баявой часткай. Запускаецца з мабільнай пускавой устаноўкі кантэйнернага тыпу пры дапамозе цвёрдапаліўных стартавых паскаральнікаў.

Кадры знішчэння «Панцыра» сталі сур'ёзным ударам па расейскай абароннай прамысловасці, і мясцовыя СМІ з прыцягненнем «экспэртаў» «завялі шарманку» аб тым, што, маўляў, гэта «крыварукія арабы, якія не былі гатовыя, адключылі радар або ўсю сістэму». Маўляў, «Панцыр-С1» наогул класная сістэма СПА, «не мае аналагаў», але...у руках дасведчанага разліку, пераважна з «дарадцаў у ваенных пытаннях».

Мы, вядома, выдатна разумеем, што гэта ўсё накіраванае на ўнутранага спажыўца, а заходні чытач выдатна памятае падзеі 7 лютага, калі ў правінцыі Дэйр-эз-Зор былі разгромленыя з цяжкімі стратамі байцы так званай «ЧВК Вагнера» цалкам «дарадніцкага» паходжання. І, дарэчы, адтуль таксама ёсць кадры знішчэння высокадакладнай зброяй тэхнікі разам з разлікамі.

Якія ж высновы мы можам зрабіць? Ні для кога не сакрэт, што летам 2014 года менавіта выкарыстанне «Панцыраў С-1» прывяло да фактычнага калапсу нашых Паветраных сіл, і большасць збітых як баявых, так і транспартных самалётаў на памежных тэрыторыях — гэта менавіта праца разлікаў «Панцыра». Дарэчы, цалкам магчыма, нават тое, што прадэманстраванае на ізраільскім відэа — бо нават расейцы, пастаўляючы гэтыя комплексы, рабілі акцэнт на тым, што «да падрыхтоўкі сірыйскіх разлікаў на баявое дзяжурства будуць заступаць расейцы».

Фатаграфіі «Панцыраў» ёсць як у адкрытым доступе, так і ў распараджэнні заходніх выведак. Так, напрыклад, восенню 2014 года Федэральная выведвальная служба Нямеччыны ў адказ на запыт чальца камітэта Бундэстага ў пытаннях абароны ад Левай партыі Аляксандра Ноя падала звесткі аб тым, што, паводле іх інфармацыі, расейскія самаходныя зенітныя ракетна-гарматныя комплексы наземнага базавання «Панцыр» былі зафіксаваныя на тэрыторыі «ўсходніх рэгіёнаў Украіны» 15 і 25 жніўня.

А мяркуючы з фатаграфій з Макееўкі і Данецка, другі раз яны з'явіліся на акупаваных тэрыторыях зімой 2015 года — падчас Дэбальцаўскай кампаніі. Зразумела, што гэта былі чыста расейскія комплексы са страявых падраздзяленняў і ні аб ніякай перадачы іх пад кантроль марыянетачных «уладаў» гаворкі нават не ідзе.

Адзначым, што ні летам 2014 года, ні зімой 2015 года ніякіх сродкаў для барацьбы з імі ва Украіны проста не было. Гэтым і тлумачыцца іх высокая эфектыўнасць, якая, фактычна, згуляла дрэнны жарт з расейскімі генераламі, паверыўшымі ў «суперзброю». Інакш чым можна растлумачыць, напрыклад, заявы мінабароны РФ ад 14 красавіка, калі было адзначана, што «зенітны ракетна-гарматны комплекс «Панцыр С-1», прыняты на ўзбраенне расейскага войска ў 2012 года, паказаў амаль 100%-ю эфектыўнасць пры адбіцці авіяўдару ЗША і хаўруснікаў па аб'ектах рэжыму Асада ў Сірыі ў ноч на 14 красавіка».

Пасля пачатку рэарганізацыі войска вайскоўцы пайшлі па «ізраільскаму» шляху, прыняўшы на ўзбраенне беспілотнікі-камікадзэ ў складзе выведвальна-ўдарнага комплексу «Сокал». Яго аснову складаюць вырабленыя па ліцэнзіі ў Чарнігаве польскія дроны — выведвальны FlyEye і ўдарны Warmate.

Змантаваны на базе бронеаўтамабіляў «Казак-2М» ён можа знішчаць варожыя цэлі ў радыусе 10 км удзень і ўначы рознымі тыпамі боепрыпасаў. Трэба сказаць, што айчынныя канструктары ўнеслі сур'ёзныя змены ў наменклатуру баявой часткі польскага апарата. Цяпер там прысутнічаюць боепрыпасы не толькі фугаснага і кумулятыўнага дзеяння, але і аскепкава-фугасныя і запальныя.

Такім чынам, па выніках як красавіцкай вайны 2016 года ў Нагорным Карабаху, дзе ўжываліся азербайджанскія апараты ізраільскай вытворчасці, так і падзей вясны 2018 года ў Сірыі можна казаць аб тым, што наша вайскова-палітычнае кіраўніцтва ўзяло правільны курс і лёгкага шпацыру для расейскіх «Панцыраў» падчас магчымага буйнамаштабнага ўварвання ўжо не адбудзецца.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках