9 траўня 2024, Чацвер, 1:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Заводы-разыначкі Аляксандра Мураўёва камусьці спадабаліся»

22
«Заводы-разыначкі Аляксандра Мураўёва камусьці спадабаліся»
АЛЯКСАНДР МУРАЎЁЎ
ФОТА: ДАР'Я БУРАКІНА, TUT.BY

За што ўлады пераследуюць былога ўладальніка «Мотавела»?

Новая справа паводле старога артыкула набліжаецца да заканчэння. Буйны бізнесовец Аляксандр Мураўёў, выступіў у судзе з апошнім словам. Былога ўладальніка «Мотавела», якога за нявыплату падаткаў ужо пакаралі 11-цю гадамі зняволення, зноўку судзяць па тым самым артыкуле. Што новага з’явілася ў старой справе?

Гэтаму пытанню прысвечаны рэпартаж «Белсата».

За год за кратамі Аляксандр Мураўёў, прынамсі на першы погляд, амаль не змяніўся. У апошнім слове ён заявіў, што з 2002 да 2015 года праз аўстрыйскія кампаніі, уладальнікам якіх ён быў, у эканоміку Беларусі было інвеставана 100 млн долараў. Абарот усіх кампаній Мураўёва, у тым ліку заводу «Мотавела», цягам 13 гадоў перавысіў 1 млрд долараў. У 2015-ым Мураўёва затрымалі ды пакаралі 11-цю гадамі зняволення. Цяпер дзяржабвінавачанне патрабуе яшчэ 3 гады.

«Я прыйшоў падтрымаць, бо зразумеў, што гэта палітычна матываваная справа. Чалавек чымсьці не спадабаўся дзяржаве, перайшоў дарогу і яго вырашылі пакараць. І не зразумела, навошта справу так зацягваюць», – кажа наведнік судовага паседжання Ігар Кляшчук.

«Ён мяняў кіраванне і ствараў эфектыўныя генератары прыбытку, і, напэўна, гэтыя заводы-разынкі, якія ён ствараў, камусьці спадабаліся», – распавядае наведнік судовага паседжання Алег Яблонскі.

Новы прысуд у новай жа справе Мураўёва агучаць 30 траўня. Калі суд падтрымае дзяржабвінавачанне, найхутчэй, кажуць юрысты, да старога тэрміну на 11 гадоў будуць дададзеныя яшчэ 3.

«У прынцыпе, гэта даволі распаўсюджаная практыка, калі чалавека «саджаюць» паводле аднаго абвінавачання, а пасля працягваюць раскручваць гэтыя справы», – мяркуе юрыст Сяргей Балыкін.

Наведнікі суда ў размове з «Белсатам» сваё стаўленне да справы абазначылі каротка: усё, што адбылося з бізнесам Мураўёва, – рэйдарскі захоп. Ёсць і іншае тлумачэнне: асабісты канфлікт з Аляксандрам Лукашэнкам. Мураўёў не стрымаў абяцанняў, якія даваў кіраўніку краіны: наладзіць выпуск легендарных «Аистов» не менш за 500 тысяч на год.

Пяць гадоў таму, калі бізнэсоўцу яшчэ было што паказаць Аляксандру Лукашэнку на «Мотавела», завод вырабляў 200 тысяч ровараў і амаль 12 тысяч матацыклаў. Цяпер прадпрыемства прызнанае банкрутам, на ім працуе 100 чалавек, уласная вытворчая лінія згубленая. Прадукцыю тут працягваюць збіраць з кітайскіх камплектных.

«На сённяшні дзень цяжка ўбачыць будучыню для «Мотавела», як яе ў прынцыпе не было і да Мураўёва», – кажа эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

У свой час улады самыя перадалі «Мотавела» бізнэсоўцу без досведу ў профільнай дзейнасці, кажа Станіслаў Івашкевіч. Пасля крымінальнай справы антыкрызісным менеджарам за завод прыйшоў былы мэр Менску Мікалай Ладуцька, які скончыў працэдуру банкруцтва.

«Будучыня «Мотавела» вырашалася ў 2007 годзе, калі на гэты завод хацеў прыйсці італьянскі профільны вытворца скутараў «Каджыва», які меўся прынесці сюды свае тэхналогіі», – адзначае Івашкевіч.

У сваім апошнім слове Мураўёў заявіў, што яму інкрымінуюць нявыплату падаткаў на 10 тысячаў долараў, маўляў, гадзіннік на руцэ даражэйшы. А краіна згубіла сотні мільёнаў інвестыцыяў. Зрэшты, ёсць і іншы аргумент, Мураўёў наогул не быў падатковым рэзідэнтам Беларусі, а плаціў падаткі ў Аўстрыі. Ленінскі суд Менску на гэта ўвогуле не звяртае ўвагі.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках