23 красавiка 2024, aўторак, 21:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: Лукашэнка аддае беларускую медыяпрастору пад «расейскі свет»

17
Наталля Радзіна: Лукашэнка аддае беларускую медыяпрастору пад «расейскі свет»
НАТАЛЛЯ РАДЗІНА
ФОТА АНДРЭЯ ДУБЧАКА

Чым небяспечныя прынятыя папраўкі ў Закон аб СМІ?

Сёння ў «палаце прадстаўнікоў» прынятыя ў першым чытанні папраўкі ў закон аб сродках масавай інфармацыі.

Прааналізаваўшы дакумент, становіцца зразумела, што для дзяржаўных СМІ мала што зменіцца, а вось шэраг незалежных медый трапляюць пад удар. Усё гэта абмеркавалі ў студыі «Белсату» з галоўнай рэдактаркай сайта «Хартыя'97» Наталляй Радзінай.

- З моманту, як мы даведаліся пра гэтыя папраўкі, да моманту іх прыняцця не прайшло нават і месяца. Навошта беларускія ўлады так спяшаюцца?

- А навошта беларускія ўлады заблакавалі сайт «Хартыя'97» тры месяцы таму? Відавочна, што могуць быць розныя прычыны. Найперш, Лукашэнка баіцца страціць уладу, бо абсалютна не папулярны ў краіне. Таму дыктатар сёння знішчае канчаткова свабоду слова ў Беларусі.

Пачалося гэта тры месяцы таму, калі быў заблакаваны самы папулярны незалежны медыя-рэсурс, з велізарнай аўдыторыяй, і якога беларускія ўлады вельмі спалохаліся. Папраўкі, якія, прынятыя маўклівай большасцю ў так званым «парламенце», будуць накіраваныя ўжо непасрэдна на тыя медыі, якія засталіся ўнутры краіны. Яны будуць канчаткова заціснутыя. Увогуле, сёння рэдактарам незалежных медый, што засталіся ў Беларусі, прапануецца роля афіцыйных інфарматараў спецслужбаў, папросту «стукачоў». Бо рэдактары зарэгістраваных сайтаў будуць абавязаныя даваць звесткі пра чытачоў, якія каментуюць артыкулы на гэтых сайтах, а таксама пра журналістаў, якія публікуюць артыкулы. То бок, усе гэтыя людзі апынуцца пад ударам.

Але што яшчэ небяспечна. Пасля знішчэння беларускіх незалежных медый уся інфармацыйная прастора Беларусі будзе аддадзена пад «расейскі свет», пад уплыў пуцінскай прапаганды.

- «Хартыю'97» і «Беларускі партызан» блакуюць ужо тры месяцы. Вы можаце сказаць, як змянілася аўдыторыя «Хартыі» за гэты час?

- Мы ўсё адно застаёмся сёння самым папулярным незалежным сайтам. Для прыкладу скажу, што нават у заблакаваным выглядзе мы ў 10-15 разоў больш папулярныя, чым сайт «Радыё Свабода». Безумоўна, мы змагаемся з блакаваннем. Змагаемся прыкладна таксама, як змагаецца сёння ў Расеі Тэлеграм, прапануем нашым чытачам розныя спосабы абыходу блакавання, увесь час пішам пра гэта, нагадваем, распаўсюджваем інфармацыю. І аўдыторыю мы сёння захавалі - блізу 800 тысяч унікальных наведвальнікаў і 20 мільёнаў праглядаў на месяц. Гэта ўсё адно даволі вялікая аўдыторыя. Заблакаваць цалкам, вядома ж, інтэрнэт немагчыма, як сёння гэта паказвае выпадак з Тэлеграмам, але тэндэнцыя вельмі небяспечная, і сёння вельмі важная салідарнасць. Салідарнасць беларусаў, салідарнасць журналістаў адзін з адным і рэакцыя міжнароднай супольнасці на тое, што адбываецца.

Таму што заблакавалі «Хартыю» ў Беларусі, а потым заблакавалі ў Расеі Тэлеграм. Гэта з'явы аднаго гатунку, адно вынікае з другога. Паколькі Беларусь была заўсёды палігонам для Расеі для выпрабоўвання тэхналогій, рэпрэсій, калі назіралася як будзе рэагаваць міжнародная супольнасць. І таму ў гэтай сітуацыі, вядома ж, вельмі важна сёння нам усім аб'ядноўваць намаганні, у тым ліку з нашымі расейскімі калегамі. Я захапляюся Паўлам Дуравым, які кінуў выклік усёй расейскай сістэме.

- Менавіта. Мяне таксама цікавіць як гэта тэхнічна магчыма ў наш час, бо наколькі я ведаю гэтыя новыя папраўкі прадугледжваюць блакаванне старонак, якія не атрымаюць рэгістрацыю. Усе замежныя СМІ, згодна з новымі папраўкамі ў закон аб СМІ, будуць вымушаныя рэгістравацца і атрымліваць дазвол на распаўсюд інфармацыі ў Беларусі. Я не магу зразумець як гэта тэхнічна ў іх атрымаецца. Калі, напрыклад, «Белсат» ці яшчэ хто не атрымае такі дазвол то што? Тэхнічна інтэрнэт не перацяць.

- Тэхнічна ўвесь інтэрнэт сапраўды не перацяць. Сёння мы бачым гэта на прыкладзе дзеянняў Роскомнадзора. Тое, што яны робяць, прымае ўжо камічны характар. Кажуць, што Роскомнадзор хутка сам можа адключыць Расею ад сістэмы SWIFT. Цэнзары нагадваюць сёння пітэкантрапа, што спрабуе здагнаць звышгукавы самалёт. Але я б не радавалася сёння, бо напраўду вельмі небяспечная тэндэнцыя адбываецца. Відавочна, што дыктатары надумалі ператвараць свае краіны ў такія Паўночнай Карэі. Раней мы думалі, што Паўночная Карэя - гэта недзе далёка, а ў нас яшчэ неяк можна жыць, нешта можна рабіць. Дык вось усе дыктатуры цяпер карыстаюцца досведам Паўночнай Карэі.

Калі мы цяпер уявім карту Еўразіі, то ўбачым: у Беларусі Лукашэнка - вораг Інтэрнэту, у Расеі блакуюць незалежныя сайты, блакуюць сацыяльныя сеткі, у Азербайджане блакуюць незалежныя сайты, у тым ліку тэлевізію, якая працуе з-за мяжы (гэта як да пытання «Белсату»), блакуецца інтэрнэт ва Узбекістане, Таджыкістане, Туркменістане, у Турцыі блакуюць незалежныя сайты, у Казахстане сталі блакаваць незалежныя сайты, у тым ліку замежныя, у тым ліку «Форбс», у Кітаі - файрвол. Большая частка Еўразіі сёння без свабоднага інтэрнэту. А што такое краіны без свабоднага інтэрнэту? Гэта дыктатуры, гэта вайна. Сёння мы назіраем гэтую кібервайну, якую вядуць і Пуцін, і Лукашэнка.

- На апошнім круглым стале, дзе Лукашэнка сабраў прэсу, толькі дзяржаўную, гаварылася, што беларускага кантэнту павінна быць больш, што беларускія дзяржаўныя СМІ павінны захопліваць большую прастору, выцясняючы незалежныя СМІ. Ці не з'яўляецца гэта спробай ачысціць поле, каб туды ўвайшло больш дзяржаўных СМІ, і яны б мелі большы ўплыў на беларусаў?

- Па-першае, лукашэнкаўская прапаганда з трэскам саступае беларускім незалежным медыям, нагадаю, што да блакавання аўдыторыя сайта «Хартыя'97» была большая, чым аўдыторыя дзяржаўных медый у інтэрнэце разам узятых. Людзі проста не глядзяць лукашэнкаўскую прапаганду. І што б Лукашэнка ні казаў, ён сёння проста аддае інфармацыйнае поле Беларусі пад уплыў расейскай прапаганды. Ці мы сёння гэтага не назіраем?

- Наадварот, ён кажа, што хоча больш беларускага кантэнту і менш расейскага.

- Каму вы верыце і каго вы слухаеце? Тое, што кажа Лукашэнка, раяць разумным людзям інтэрпрэтаваць наадварот. Што мы сёння бачым? Беларусы глядзяць расейскую тэлевізію, яны не глядзяць беларускія каналы. Беларусы чытаюць расейскія, у асноўным, газеты з вялізнымі накладамі («Комсомольская правда», «Аргументы и факты»), яны слухаюць расейскія радыёстанцыі ў FM-дыяпазоне або не інфармацыйныя, але з рускай папсой беларускія станцыі. І пасля блакавання сайта Charter97.org мы ўбачылі проста страшную тэндэнцыю. Ідзе перацяканне беларусаў з беларускага сегмента інтэрнэту ў расейскі сегмент. За апошнія тры месяцы, з часу блакавання «Хартыі», колькасць праглядаў беларусамі інфармацыйных сайтаў у расейскім сэгменце значна вырасла. Далей - будзе больш. Мы бачым, што сёння Беларусь, увогуле, падрыхтаваная для акупацыі Расеяй, бо абсалютна ўся яе інфармацыйная прастора акупаваная пуцінскай прапагандысцкай машынай. Лукашэнка сёння ў цалкам здраджвае інтарэсам радзімы і здае Беларусь Пуціну. Вось што сёння робіць дыктатар.

- Ці страшна канкураваць з дзяржаўнымі медыямі? Ці баіцеся вы гэтай новай канкурэнцыі, бо туды нават грошы збіраюцца ўкласці?

- Я не баюся. Чаму Лукашэнка звольніў усіх сваіх галоўных прапагандыстаў адразу пасля блакавання сайта «Хартыя-97»? Бо яму на стол паклалі нашыя лічбы. І ён убачыў, што ўкладвае мільёны дзяржаўных сродкаў у сваю прапаганду, а беларусы чытаюць «Хартыю», якая існуе на вельмі невялікія грошы, бо яна піша праўду. Беларусы не глядзяць лукашэнкаўскую грубую, хлуслівую прапаганду. Бо калі чалавек бачыць, як ён жыве, ён ніколі не паверыць БТ.

Але паўтару, цяпер небяспека ў тым, што з блакаваннем, са знішчэннем беларускіх незалежных медый Беларусь аддаецца пад акупацыю Расеі. Паколькі беларусы вераць расейскай тэлевізіі. Яны ж не бачаць як людзі жывуць у Расеі, і яны не бачаць, што там адбываецца ў рэгіёнах, якая там галеча. І яны вераць у гэтую казку на расейскай тэлевізіі, якая дарагая, таленавітая, у якую ўкладваюцца вялікія рэсурсы.

- А мне здаецца, што задачу сваім журналістам Аляксандр Лукашэнка паставіў менавіта такую: больш паказваць Беларусь, якасна, каб канкураваць.

- Калі ён будзе паказваць праўду, даваць інтэрв'ю простым людзям, як гэта робіць напрыклад «Белсат» у рэгіёнах, калі гэта боль людзей... Мы самі робім вялікую колькасць інтэрв'ю з людзьмі з рэгіёнаў, простымі людзьмі. Яны распавядаюць як яны жывуць. Гэта галеча, гэта безвыходнасць. І калі гэта будзе паказана на беларускай дзяржаўнай тэлевізіі, калі туды будзе дапушчаная апазіцыя, калі там будзе рэальная дыскусія і палеміка, тады аўдыторыя вырасце. Але пакуль гэтага не будзе, уся гэтая хлусня, фальш і прапаганда заўсёды будзе саступаць незалежным медыям.

- Апазіцыю ніколі не дапусцяць да беларускай дзяржаўнай тэлевізіі і такога проста не адбудзецца, інакш ён страціць кантроль над інфармацыйным полем.

- Будзем дамагацца.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках