23 красавiка 2024, aўторак, 23:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віктар Рос: Пратэст у Арменіі накіраваны супраць палітыкі «жорсткіх генералаў»

2
Віктар Рос: Пратэст у Арменіі накіраваны супраць палітыкі «жорсткіх генералаў»
Віктар Рос
Фота: Сharter97.org/Іван Мяжуй

Для краіны больш выгадны еўрапейскі шлях, за які змагаецца апазіцыя.

Пра гэта ў інтэрв'ю Сharter97.org заявіў былы амбасадар Польшчы ў Арменіі, адзін з кіраўнікоў праграмы імя Каліноўскага ў Варшаўскім універсітэце Віктар Рос, каментуючы масавыя выступы супраць урада, якія праходзяць у Арменіі:

- У чым асаблівасць сённяшніх пратэстаў у Арменіі і іх прычын?

- Ужо цягам чатырох прэзідэнцкіх тэрмінаў уладу ў Арменіі ўтрымлівае адна і тая ж сіла – гэта карабахскія генералы, якія калісьці перамаглі ў вайне супраць Азербайджана і ўмацаваліся ва ўладзе ў Ерэване.

Іх улада аўтарытарная, але з некаторымі асаблівасцямі: гэта не такі жорсткі аўтарытарызм, як у некаторых краінах, бо рэальная апазіцыя прадстаўленая ў тым ліку і ў парламенце.

Аднак, кіроўная Рэспубліканская партыя Арменіі мае абсалютную перавагу ў заканадаўчым органе краіны, таму ўлада засяроджаная ў руках адной сілы.

Раней пратэсты рэгулярна праходзілі ў сувязі з фальсіфікацыямі на чарговых парламенцкіх ці прэзідэнцкіх выбарах. Цяпер з'явілася новая форма апазіцыі, якую ўзначальвае Нікол Пашынян, які стварыў блок пад назвай «Елк» («Выхад») з партыяй «Рэспубліка» Арама Саркісяна і «Светлай Арменіяй» Эдмана Марукяна.

Пашынян – даволі вядомая палітычная фігура ў Арменіі. Ён падтрымліваў у 2007 годзе апазіцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Лявона Тэр-Петрасяна, затым знаходзіўся ў падполлі, быў арыштаваны і па амністыі выйшаў у 2011 годзе. Цяпер ён узначальвае палітычны блок, пратэстуючы супраць канстытуцыйных змяненняў і зацвярджэння на пасадзе прэм'ер-міністра таго ж Сержа Саргсяна, які ўжо адбыў два прэзідэнцкія тэрміны. А змены ў канстытуцыі азначаюць, што ён трэцім разам будзе мець усе ўладныя паўнамоцтвы ў якасці прэм'ера парламенцкай рэспублікі.

Фактычны трэці тэрмін не задавальняе пратэстоўцаў на розныя прычыны. Гэта і сама асоба Сержа Саргсяна, які з'яўляецца прадаўжальнікам палітыкі поўнай залежнасці Арменіі ад Расеі. Тыя ж сілы пратэставалі, калі Арменія ўваходзіла ў ЕўрАзЭС, і мяркуюць, што значна лепшым выхадам для краіны было б падпісанне дамовы аб асацыяцыі з Еўразвязам, што адкрывае зусім іншыя эканамічныя магчымасці.

- Лідар пратэстаў Нікол Пашынян назваў падзеі ў Арменіі «аксамітнай рэвалюцыяй». Наколькі дакладнае такое вызначэнне?

- Пратэстоўцы ў самым пачатку выпрацавалі наступную канцэпцыю: з 31 сакавіка яны пачынаюць акцыю непадпарадкавання, якая будзе прадаўжацца 14 дзён у гарадах краіны плюс яшчэ чатыры дні ў самым Ерэване. Пратэстнымі маршамі павінны былі быць ахопленыя жыхары многіх гарадоў і вёсак – Гюмры, Севан і іншых. Але ў выніку лідары партый, якія ўваходзяць у «Елк», не падтрымалі Пашыняна. Падтрымаў яго толькі палітычны рух «Зрабі крок, адкінь Сержа!».

Таму адзіным інструментам для пратэстоўцаў засталася мабілізацыя прыхільнікаў і грамадскай думкі праз сацсеткі. Ім удалося блакаваць некаторыя дзяржаўныя ўстановы, але ў парламенце ўсё адно зацвердзілі прэм'ерам Сержа Сарксяна. На маю думку, цяпер гэтыя пратэстныя дзеянні ўжо не будуць мець эфекту.

- Але акцыя пратэсту прадаўжаецца. У чым тады сэнс?

- Прадэманстраваць, што трэці тэрмін Сержа Саргсяна непрымальны для многіх жыхароў Арменіі.

Так, Пашынян назваў гэтыя падзеі «аксамітнай рэвалюцыяй», але, па-мойму, гэта крыху перабольшанае. Шмат у чым тут справа ў асобе самога Пашыняна. Яго называюць Форэстам Гампам, паводле аналогіі з героем вядомага амерыканскага фільма, які зладзіў марафонскі прабег праз усе ЗША.

- Ці адкарэктуе кіроўная партыя сваю палітыку праз пратэсты?

- Думаю, што не. Пратэст як раз і накіраваны супраць нязменнасці палітыкі «жорсткіх генералаў».

Пратэстоўцы дамагаюцца большай лібералізацыі ўнутры краіны і вялікіх магчымасцяў для апазіцыі. Але дэмакратызацыі грамадства перашкаджаюць геапалітычныя фактары.

- Якім чынам геапалітыка ўплывае на сітуацыю ў краіне?

- Краіна фактычна знаходзіцца ў блакадзе: Турэччына, Азербайджан, няпростыя стасункі з Грузіяй, моцная залежнасць ад Расеі – краіны, якая мае велізарную армянскую дыяспару.

Апазіцыя хацела б, таксама абапіраючыся на армянскую дыяспару ў свеце, збліжэння з Еўразвязам, зняцця перашкод для эканамічнага развіцця. Але цяпер вялікую ролю адыгрывае расейскі фактар і краіна залежыць ад ЕўрАзЭС і сітуацыі ў РФ.

- У чым яшчэ складанасць геапалітычнай сітуацыі, якая абцяжарвае выбар еўрапейскага шляху для Арменіі?

- Праз няскончаны карабахскі канфлікт Арменія не падпарадкоўваецца ААН, якая прыняла рэзалюцыю, якая асуджае армянскую прысутнасць у Карабаху. Мірная дамова так і не была падпісаная, ёсць толькі рэжым спынення агню.

Азербайджан моцна падтрымліваецца Турэччынай. А на поўдні Арменія мяжуе з Іранам, які з'яўляецца краінай-ізгоем.

Таму Арменія знаходзіцца ў асяроддзі недружалюбных краін і адзіную надзею кіроўныя сілы ўскладаюць на Расею. А РФ гуляе на двух кірунках адначасова, падтрымліваючы то Арменію, Азербайджан, яе галоўнага ворага. Сітуацыя для Арменіі сёння – патавая. І на гэтым фоне Серж Саргсян вызначыў асацыявацца выключна з ЕўрАзЭС - досыць сумнеўнай арганізацыяй паводле сваіх перспектыў і магчымасцяў, асабліва праз слабую пазіцыі Расеі ў свеце. Арыентацыя на ЕўрАзЭС ператварае Арменію фактычна ў «нахлебніка», дробны арганізм, які не атрымлівае ад гэтага надзейнага эканамічнага развіцця.

- Еўраінтэграцыя развязала б усе гэтыя праблемы?

- Апазіцыя Арменіі змагаецца за еўрапейскі шлях развіцця. Думаю, што яны разлічылі рызыкі выхаду з ЕўрАзЭС і разумеюць, што інтэграцыя з ЕЗ больш выгадная для краіны. Упэўнены, што ЕЗ дае значна больш магчымасцяў і гарантый эканамічнага развіцця.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках