19 красавiка 2024, Пятніца, 7:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яўген Афнагель: Пратэсты «дармаедаў» закончацца ў Драздах

40
Яўген Афнагель: Пратэсты «дармаедаў» закончацца ў Драздах

Часу ў Лукашэнкі застаецца ўсё менш.

Прыблізна год таму беларусы актыўна ўдзельнічалі ў масавых пратэстах супраць дэкрэта №3. Тады ўлада пайшла адступіла і замарозіла дзеянне дэкрэта. І вось дэкрэт аб «дармаедах» вяртаюць пад іншым нумарам і назвай: вызначаюць катэгорыі тых, хто будзе трапляць пад яго дзеянне, і іх павіннасці.

Да чаго можа прывесці «рэінкарнацыя» дэкрэта аб «дармаедах», у інтэрв'ю сайту Charter97.org разважае адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель.

- Народная прымаўка абвяшчае: «апёкшыся на малацэ, і на ваду дзмуць будзеш». Год таму Лукашэнка апёкся на «дармаедскіх» пратэстах. Навошта спатрэбілася «ўваскрашаць» скандальны дэкрэт?

- Сённяшняя беларуская ўлада і здаровы сэнс - наогул несумяшчальныя паняцці. Але з пункту гледжання логікі - логікі развіцця любой дыктатуры - увядзенне ў дзеянне дэкрэта №1 варта было чакаць. У рэжымаў, падобных да беларускага, ёсць два шляхі развіцця ў крытычны момант. Першы - гэта круглы стол з апазіцыяй і дамоўленасці аб правядзенні рэформаў. Так паступаюць дыктатары, якія задумваюцца і пра сваю будучыню, і пра будучыню краіны. Іх не занадта разумныя і няўпэўненыя ў сабе «калегі» ідуць іншым шляхам – заціскаюць да канца, пакуль не сарве разьбу. Нягледзячы на тое, што ў пэўны момант часу гэты выбар здаецца ім лагічным, ён заўсёды прыводзіць да сацыяльнага выбуху і хаосу.

Першы шлях, як мы бачым, улады прыняць не гатовыя. Такім чынам, рэжым будзе спрабаваць пашырыць свой кантроль на абсалютна ўсе сферы жыцця людзей. Блакаванне непажаданых сайтаў, барацьбу з незалежнымі СМІ і журналістамі, забарона дэманстрацый, міліцэйскае беззаконне, новы «дэкрэт аб дармаедах» - звёны аднаго ланцуга, разарваць які можа толькі супраціў грамадства. Калі яго няма - будуць наступныя крокі. І не варта думаць, што ўлады абмяжуюцца толькі апазіцыяй, «дармаедамі» альбо парай сайтаў. Ім патрэбны татальны кантроль над усім грамадствам.

- У Расеі вымушаныя працаваць сотні тысяч беларусаў. Многія працуюць без дакументаў і трапляюць пад дзеянне дэкрэта №1. Калісьці, у 2014 годзе, Пуцін спрабаваў згуляць на сацыяльна-эканамічныя праблемы Украіны, заявіўшы, што возьме пад абарону ўкраінскіх «зарабітчан» у Расеі, якіх на радзіме могуць заклікаць у войска. Якая імавернасць таго, што Крэмль можа выкарыстоўваць «дармаедскую карту» супраць незалежнасці Беларусь?

- У Расеі напраўду працуюць блізу мільёна беларусаў. З пачаткам будаўнічага сезону невялікія гарады, асабліва на ўсходзе краіны, становяцца паўпустымі - большасць здаровых мужчын едуць на заробкі. Дэкрэт ударыць, у першую чаргу, па іх.

Наўрад ці Крэмль будзе выкарыстоўваць «дармаедскую карту». Па-першае, Пуцін, як і Лукашэнка, баіцца абапірацца на народ, не давярае яму. Нагадаю, што захоп Крыма і часткі Данбаса правялі расейскія вайскоўцы, мясцовыя жыхары ў гэтай спецаперацыі амаль не ўдзельнічалі.

Па-другое, у Крамля ў Беларусі дастаткова «карт», якія ён з поспехам выкарыстоўвае супраць нашай краіны ўжо 20 з лішнім гадоў. Наадварот, народ, які выходзіць на сацыяльныя пратэсты пад нацыянальнымі сцягамі, як было ў мінулым годзе, можа стаць вызначальным чыннікам для таго, каб адпудзіць патэнцыйнага агрэсара.

- Многія адзначаюць, што пад выглядам дэкрэта пачынаецца масавы збор звестак пра беларусаў. Ці могуць гэтыя звесткі патрапіць не па прызначэнні?

- А «паводле прызначэння» - гэта куды? Сам збор гэтай інфармацыі нейкімі незразумелымі людзьмі - ужо незаконны. Ніхто не можа вас прымусіць даваць свае звесткі каму-небудзь. Байкоту лукашэнкаўскіх камісій, якія складаюцца з карных органаў, мясцовых адміністрацый і афіцыйных арганізацый дастаткова, каб паставіць тлусты крыж на дэкрэце №1.

- У чым самыя слабыя месцы і супярэчнасці дэкрэта? Ці атрымаецца яго рэалізаваць на практыцы?

- Слабыя месцы і супярэчнасці дэкрэта хай шукаюць тыя, хто яго прыдумаў. І раю шукаць ужо цяпер, бо «крайніх» за яго дыктатару ўсё адно давядзецца прызначыць. Часу ў яго на гэта застаецца ўсё менш і менш. А тым чыноўнікам, якія думаюць, што ім удасца абдурыць народ, раю праехаць у «гадзіну пік» у грамадскім транспарце або зайсці на прахадную завода ў перазменку і прыслухацца да размоў. Тады яны змогуць хутка спрагназаваць, які менавіта будзе рэакцыя на дэкрэт і супраць каго яна будзе накіравана найперш.

Людзі не сляпыя і не дурныя. Яны выдатна ведаюць, што галоўныя дармаеды хаваюцца за высокімі парканамі элітных закрытых пасёлкаў, якія выраслі на ўскраінах амаль кожнага горада. Відавочная і ўзаемасувязь паміж шчасным жыццём гэтых новых феадалаў і данінай, якой яны абкладваюць насельніцтва краіны. Таму я не выключаю, што вулічныя пратэсты супраць пабораў уладаў скончацца ў Драздах.

А ў тым, што новы дэкрэт не будзе працаваць, можаце не сумнявацца. Досвед скасавання такіх дакументаў у беларусаў ужо ёсць. Але для гэтага недастаткова размоў на кухнях і ў транспарце або гнеўных каментароў у сацсетках. Трэба актыўна супраціўляцца незаконным дзеянням уладаў, у першую чаргу - збіраць аднадумцаў, распаўсюджваць праўдзівую інфармацыю і ўдзельнічаць у акцыях пратэсту. Салідарнасць - наша галоўная зброя ў барацьбе з несправядлівасцю.

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках