29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Асабістыя звесткі «дармаедаў» стануць вядомыя ўсёй краіне

60
Асабістыя звесткі «дармаедаў» стануць вядомыя ўсёй краіне

Дылетантам даручылі непасільную для іх задачу.

6 красавіка намеснік міністра працы Андрэй Лабовіч агучыў план ураду для пошуку «дармаедаў» у адпаведнасці з дэкрэтам №1.

Пастановы пра тое, каго ўважаць за «дармаеда» будуць прымаць рэгіянальныя камісіі. Іх вердыкт будзе насіць канчатковы характар, без магчымасці абскарджання.

Да 10 красавіка меркавалася, што беспрацоўныя будуць аплачваць «поўным тарыфам» паслугі ЖКГ, але ўчора, выступаючы перад прапагандыстамі з дзяржаўных СМІ, Лукашэнка дадаў да гэтага яшчэ і аплату за медыцыну.

Што ўсё гэта можа азначаць на практыцы? На пытанні Charter97.org адказвае экс-міністр працы Аляксандр Сасноў.

- Вы ведаеце, абмяркоўваць канкрэтныя дэталі рэалізацыі гэтага дэкрэта нават неяк няёмка перад людзьмі, якія маюць цвярозы розум. Таму што і сам дэкрэт, і яго ідэя - гэта нешта з галіны псіхіятрыі. Я б прапанаваў абмеркаваць дэталі дэкрэта №1 больш вузкаму дыпламаванаму спецыялісту. Вы разумееце, якіх спецыялістаў я маю на ўвазе.

Як будуць спаганяць поўную аплату за паслугі ЖКГ, а тым больш за медыцыну - цікавае пытанне для чалавека, які даследуе разлады мыслення і логікі. Таму што я ў гэтым не бачу ніякіх заканамернасцяў. Але, будзьце спакойныя, нашы ўлады прыдумаюць схему, як збіраць грошы з беспрацоўных. І з якой нагоды.

- Тады не паглыбляючыся ў дэталі: у чым самае вялікае адрозненне «антыдармаедскага» дэкрэта №1 ад папярэдняга?

- У практычна неабмежаваных паўнамоцтвах камісій на месцах, якія будуць вызначаць, каго залічаць у «дармаеды». І нават не самі камісіі, а тое, што іх пастанову ўжо ніхто не зможа абскардзіць.

- І як вы гэта пракаментуеце?

- У рэаліях 21-га стагоддзя - гэта поўны маразм. Пазасудоваы пераслед людзей, як у 1937 годзе. Я разумею, што ў Беларусі існуе толькі бутафорская судовая сістэма, форма без зместу. Але гэтыя камісіі - здзек нават з такога разумення прынцыпаў юрысдыкцыі. Гэта як сталінская «тройка», якая прымала пастанову аб «ворагах народа». Толькі ў нас не «тройка», а крыху больш. Колькі іх там, «дэпутатаў» у камісіі? Блізу дзесяці? Атрымліваецца: замест «сталінскай тройкі» лукашэнкаўская «дзясятка».

Калі дэкрэт №3 хоць неяк спрабаваў «абгрунтаваць» сябе, адсылаючы да тэмы нявыплаты падаткаў і фармальнага закона, то цяпер аўтар дэкрэта ўжо не саромеецца. Бо Лукашэнка так і заявіў учора, выступаючы перад журналістамі на БТ: проста хачу прымусіць усіх працаваць. І пляваць, што ў Канстытуцыі выразна напісана: ніякіх прымусаў да працы быць не павінна.

Але самы галоўны чыноўнік раптам убачыў, што ёсць праблема №1 - «дармаедства». І нават прыклады падаў: такая ж праблема ёсць у Расеі. Вось дык узяў прыклад! А чаму не ў ЗША? Але не, трэба спаслацца на Расею - такую ж адсталую краіну, як Беларусь.

- Лукашэнка таксама падкрэсліў учора, што дэкрэт №1 - толькі ягоная ідэя...

- Тут ён схітраваў, як звычайна. Выдаў плагіят за сваю ідэю. Гэта наогул характэрна для яго: хто-небудзь штосьці недарэчнае скажа, а Лукашэнка тут жа падхопіць. А каб самому нешта прыдумаць - я ў гэтым моцна сумняваюся. Ёсць ужо аўтар у гэтай «ідэі» - і гэта не хто іншы, як «непатапляльны» Мясніковіч.

- Вы звярнулі ўвагу на выключныя паўнамоцтвы рэгіянальных камісій. Той жа Мясніковіч запатрабаваў ад іх чальцоў «падысці індывідуальна» і падрабязна вывучыць асобу кожнага. Атрымліваецца, камісіі атрымаюць неабмежаваны доступ да вялізнага масіву звестак?

- Гэта адназначна. І гэтыя звесткі могуць потым патрапіць не паводле прызначэння. Такі велізарны аб'ём працы для збору і захоўвання процьмы звестак даручаюць дылетантам, ды яшчэ, як яны самі кажуць - на бясплатнай аснове.

Як выпадковыя людзі будуць захоўваць таямніцу гэтых звестак? Усё гэта небяспечна самаўпраўнасцю ў іх выкарыстанні. Штосьці комусьці паведаміў «па-сяброўску». А другі вырашыў: «ты мне не сябар» і выкарыстаў інфармацыю на шкоду. Тэарэтычна, асабістыя звесткі «дармаедаў» стануць вядомыя ўсім, пачнуць «падарожнічаць» па краіне.

Гэта ўсё - горш, чым 1937 год. Толькі без расстрэлаў. Немагчыма захаваць таямніцу асабістых звестак, калі іх захаваннем і вывучэннем будзе займацца мноства непрафесійных людзей на грамадскіх пачатках. Што вы хочаце ад такой дзяржавы і такога кіраўніцтва? Я ўжо сказаў: трэба звярнуцца да спецыялістаў з «Навінак». Напэўна, яны змогуць растлумачыць, што адбываецца ў краіне.

- Але дэкрэт закранае не толькі тых, хто жыве ў краіне. Блізу 1 мільёна беларусаў вымушаныя працаваць за мяжой. Якія наступствы для іх будзе мець новая кампанія пошуку «дармаедаў»?

- Ім проста давядзецца легалізавацца ў той краіне, дзе яны працуюць. І стаць падатковымі рэзідэнтамі тых краін. Тады, калі іх схопяць па прыездзе ў Беларусь, у іх будуць дакументы, якія дазваляюць не патрапіць у кагорту «дармаедаў».

- Але тады Беларусь страціць не толькі мільён пар рабочых рук, але і мільён падаткаплатнікаў. Які тады сэнс у гэтым дэкрэце?

- Дурасць чыноўнікаў у нас неабмежаваная й непрадказальная. Так, Беларусь ад гэтага дэкрэта толькі страціць. Усё да гэтага і ідзе. У мяне такое адчуванне, што ўсё пытанне з «дармаедамі» прыдумалі «ад балды» - каб падняць інфармацыйную хвалю вакол чыноўніцкай валтузні. Вось яны ў поце твару працуюць. Вось яны ловяць нейкіх «дармаедаў», якія потым высвятляецца зусім і не дармаеды. Імітуюць шалёную дзейнасць. Прычым усе - пачынаючы ад галоўнага чыноўніка.

А на практыцы гэта выглядае як капанне траншэі: з раніцы выкапаў, вечарам засыпаў. І так - штодня.

Напісаць каментар 60

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках