28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вячаслаў Сіўчык: Рэжым Лукашэнкі ўсё больш звярэе

7
Вячаслаў Сіўчык: Рэжым Лукашэнкі ўсё больш звярэе
Вячаслаў Сіўчык

Сённяшняя ўлада не толькі антыбеларуская, але і антыхрысціянская.

Пра гэта заявіў Сharter97.org лідар руху салідарнасць «Разам» Вячаслаў Cіўчык:

- Як вы можаце пракаментаваць вашае затрыманне і тое, што адбылося падчас акцыі на плошчы Якуба Коласа?

- Я ўдзячны ўсім тым людзям, якія выйшлі на плошчу Якуба Коласа ў Дзень Волі. Захапляе мужнасць людзей, якія выйшлі на Марш, калі ва ўсёй краіне праходзілі прэвентыўныя арышты.

Нягледзячы на тое, што арганізатары дэманстрацыі знаходзіліся ў турмах, людзі сабраліся.

Я ведаю, што некаторыя актывісты, нягледзячы на масавы «хапун», прайшлі са сцягамі маршрутам, які мы запланавалі. Вялікі дзякуй гэтым людзям за тое, што яны ёсць.

Я рады, што беларусы годна адзначылі Дзень Волі і паказалі ўсяму свету, што мы ёсць. Святочныя мерапрыемствы прайшлі ў розных гарадах і ў розных краінах свету.

Што да майго затрымання - яно адбывалася з парушэннямі, у прынцыпе, як і заўсёды. Мяне затрымалі 21 сакавіка людзі ў цывільным і пасадзілі ў звыклы для апазіцыі сіні мікрааўтобус.

Адвезлі ў РАУС. Дзяжурны афіцэр заявіў, што я павінен адбыць арышт за ўдзел у акцыі 8 верасня, у Дзень беларускай вайсковай славы.

На жаль, рэжым Лукашэнкі ўсё больш і больш звярэе. З мяне знялі нацельны крыжык. Гэта не першы раз, калі з мяне зрываюць крыжык, але першы раз, калі яго не аддаюць. Сённяшняя ўлада не толькі антыбеларуская, але і антыхрысціянская. Гэта непавага да традыцый беларускага народа.

Хацеў напісаць заяву аб тым, што я пачынаю галадоўку - не далi магчымасці. Як і ўсім палітычным вязням, мне не давалі карыстацца асадкай, не пускалі адваката.

Мае родныя хацелі перадаць пасылку, a іх падманулі і сказалі, што гэта я адмовіўся ад перадачы.

Жорсткія ўмовы, якія не ўпісваюцца ні ў беларускае, ні ў міжнароднае заканадаўства. Людзі, якія там знаходзяцца - проста пакутуюць. Жудасная антысанітарыя, у некаторых камерах былі вошы. Жорсткае абыходжанне, якое ператварыла Акрэсціна ў рэжымны аб'ект.

Вызваленне выглядала анекдатычна. Нас паклікалі ў дзяжурку і выдалі рэчы, я думаў, што мяне будуць канваяваць, але, як выявілася, вызначылі вызваліць усіх зняволеных.

Пакуль я спрабаваў звязацца з таварышамі, каб паведаміць пра сваё вызваленне - пачалі выходзіць іншыя палітвязні. Першым з'явіўся Леанід Кулакоў, якому я вельмі ўзрадаваўся, затым Яўген Афнагель, Максім Вінярскі, Мікола Статкевіч і Уладзімір Някляеў.

Я вельмі перажываў за Уладзіміра Пракопавіча, бо ведаю, якія ўмовы ўтрымання на Акрэсціна. Да мяне дайшла інфармацыя, што дзесьці побач сядзіць Афнагель. Пра астатніх нічога не ведаў.

- Як вы думаеце, чаму была прынятая пастанова вас адпусціць. Яўген Афнагель звязаў гэта з міжнародным ціскам, а як мяркуеце вы?

- Я б трошкі дапоўніў Яўгена: не толькі міжнародная грамадскасць, але і беларусы патрабавалі вызвалення палітычных зняволеных. Я не чакаў, што на мітынгу-канцэрце КХП-БНФ будзе зачытаны ліст Зянона Пазняка, які запатрабаваў вызвалення людзей, якія знаходзяцца на Акрэсціна. Уся апазіцыя патрабавала нашага вызвалення. І гэта прыклад таго, што нам усім трэба аб'яднацца, хоць бы ў пытаннях, звязаных з правамі чалавека. Захад павінен рэагаваць больш адназначна і эфектыўна, бо беларусы абсалютна пазбаўленыя правоў чалавека.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках