29 красавiка 2024, панядзелак, 9:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сведчанні праваабаронцы, затрыманай на Дзень Волі: Хапалі за валасы, выламвалі пальцы

27
Сведчанні праваабаронцы, затрыманай на Дзень Волі: Хапалі за валасы, выламвалі пальцы

Таццяна Самнікава распавяла падрабязнасці аб знаходжанні ў Савецкім РАУС 25 сакавіка.

– Першы раз мяне павялі здымаць адбіткі пальцаў пасля 1-1,5 гадзін затрымання, – піша ў «Фэйсбуку» праваабаронца «Вясны» Таццяна Самнікава, якую з калегамі затрымалі напярэдадні апоўдні ля плошчы Якуба Коласа. – Апынуўшыся першы раз у гэтым кабінеце, стала зразумела, што са мной збіраюцца зрабіць – я адмовілася. Узгадала штось з разраду таго, што дактыласкапію ў абавязковым парадку могуць праходзіць толькі вайсковаабавязаныя і падазраваныя ў крымінальных справах.

Я, відавочна, ні там, ні там, таму адмовілася катэгарычна. Мяне зноў вывелі ва ўнутраны двор Савецкага РАУС да іншых затрыманых. Усяго іх было каля пяцідзесяці. Яшчэ 3-3,5 гадзіны ля сценкі. Цягам гэтага часу мне так і не сказалі, на якой падставе я затрыманая.

Калі ў двары засталося чатыры чалавекі, мяне папрасілі зноў прайсці ў будынак РАУС. Прайшла.

Мяне зноў падвялі да гэтага кабінету. Вакол не было нікога з затрыманых. Толькі супрацоўнікі праваахоўных органаў, каля дзесяці чалавек. Амаль усе былі ў форме, без жэтонаў. У цывільным знаходзіліся супрацоўнікі, якія фатаграфавалі і яшчэ адзін, якога ўсе слухаліся. Асноўную гутарку са мной вёў менавіта ён:

– Цяпер будзем браць у вас адбіткі пальцаў.

– Я не буду здаваць. Я супраць.

– Альбо добраахвотна, альбо мы самі возьмем.

– Гэта незаконна.

– Назавіце артыкул, паводле якога незаконна.

– Я не вайсковаабавязаны мужчына, таму маю права адмовіцца.

– Артыкул мне назавіце.

Вядома ж, артыкул і дакумент я не трымаю ў памяці, у сувязі з гэтым і сказаць не было чаго. Таму я пачала спачатку, звяртаючыся да ўсіх супрацоўнікам праваахоўных органаў, якія перада мной стаялі:

– Назавіцеся, калі ласка. Вашае прозвішча, імя і ранг.

Вось тут ужо ім не было што мне адказаць. Я прадаўжала:

– Вы дзейнічаеце не паводле працэдуры!

На што яны толькі пераглянуліся і заўсміхаліся. Стала зразумела, што ўсё вызначана, у мяне не пытаюцца дазволу, ігнаруюць закон, працэдуру... Мне не казалі, за што я затрыманая, мне не прадстаўляліся, мне не тлумачылі мае правы. Было яшчэ некалькі спроб з іх боку ўгаварыць мяне здаць адбіткі добраахвотна. Адмовілася прынцыпова.

Калі яны зразумелі, што добраахвотна я не выдам адбіткі, супрацоўнік у цывільным даў каманду мяне трымаць. Я села на кукішкі, заціснула свае рукі паміж ног, учапілася пальцамі ў свае цыбалкі. Мяне спачатку спрабавалі падняць, але атрымлівалася толькі цалкам – згрупаваную.

Пачалі са мной важдацца. Далей супрацоўнік у цывільным, чые каманды ўсё беспярэчна выконвалі, сказаў трымаць мацней. Сам жа ўзяўся за мае рукі ля плячэй, абапёрся ступнёй сваёй нагі мне на калені, і пачаў мяне разгінаць, выцягваючы мае рукі. Калі з гэтай задачай ён справіўся, то іншы супрацоўнік, што стаяў ззаду, мяне заламаў і трымаў маю руку за спінай. Двое іншых блакавалі і трымалі маю іншую руку. Кулак я старалася не расціскаць з усіх сіл. Спачатку мне ламалі пальцы, я крычала, на што атрымлівала адказы тыпу:

– Сама вінаватая.

– Трэба было адразу – адпусцілі б ужо даўно.

– Можа, далей добраахвотна здасі?

Я крычала, што гэта незаконна, не паводле працэдуры, яны чыняць злачынства. Яны працягвалі са мной важдацца. Адбіткі здымаў усё той жа супрацоўнік у цывільным, яшчэ двое дапамагалі яму выкручваць мне пальцы.

Потым яны адкрылі для сябе новы прыём: каб не выломліваць мае пальцы, яны намацвалі пазногаць і за яго расціскалі кожны палец паасобку. Было балюча. Вельмі. Усё, што я магла рабіць у гэтай сітуацыі, гэта тузаць пальцамі, каб адбіткі змазваліся. Вядома, гэта прыводзіла да таго, што яны перараблялі пэўныя пальцы па два разы. Але гэта быў мой адзіны спосаб далей выказваць нязгоду. Усё гэта суправаджалася усмешкай, здзекамі, абразамі на мой адрас:

– Мабыць, штосьці нарабіла, раз так не хоча праходзіць дактыласкапію.

– Ну вось, цяпер і адкатаем можна ў войска забіраць.

– Табе мазгі прамылі.

– Дурніца.

– Сядзець дома трэба было.

І г.д.

Гэта найжахлівейшая сітуацыя, калі ты нічога не можаш зрабіць, дзе закон табе не дапамагае, бо не выконваецца тымі, хто павінен ахоўваць яго і абараняць. А ў паветры амаль няма кіслароду, бо ўсё прасякнутае іх упэўненасцю ва ўласнай беспакаранасці. І ты задыхаешся, задыхаешся ад таго, што цябе скруцілі, прыціснулі, заціснулі і незаконна катаюць твае пальцы, не зважаючы на тваё права на асабістую недатыкальнасць.

Ты крычыш, абураешся, глядзіш на людзей, што трымаюць цябе, а яны табе ў вочы не глядзяць. Трымаюць, круцяць, выломваюць, выконваюць загад, але ў вочы не глядзяць. Тым часам, супрацоўнік у цывільным з апантаным азартам дактыласкапіюе палец за пальцам, палец за пальцам. Што застаецца? Крычаць? Крычала! Але я ж у \... РАУС!!! Хто ў такой сітуацыі прыйдзе на дапамогу?

Пасля зняцця адбіткаў пальцаў, мяне паставілі перад фактам, што будуць фатаграфаваць. Я адмовілася. Усё той жа супрацоўнік у цывільным загадаў весці мяне фатаграфавацца сілком. Мяне зноў схапілі. Спачатку за валасы на патыліцы, потым блакавалі рукі і ногі. Я ўхілялася ад камеры. Была мітусня. У ёй сфатаграфавалі мой фас, профіль – усё гвалтоўна фіксуючы маю галаву за валасы.

Паколькі я ўхілялася, супраціўлялася і мурыжылася, я не магу сказаць, у якім становішчы мяне фатаграфавалі, але сумняваюся, што ў вертыкальным. Калі ўсё скончылася, нехта з супрацоўнікаў кінуў жарт, маўляў, давайце яшчэ сліну возьмем.

Агулам мяне трымалі 4-5 чалавек, у залежнасці ад пэўнага інтэрвалу часу. Астатнія глядзелі. Акрамя іншага, цягам усяго гэтага часу я была адзетая ў камізэльку незалежнага назіральніка. Супраціў я аказвала шляхам сціскання далоняў у кулак, групоўкай цела і ўхіляючыся ад фотакамеры; таму што супрацоўнікаў праваахоўных органаў біць, кусаць, хапаць за форму і іншае па законе нельга...

Калі дзесьці праз 1-1,5 я ўбачыла пратакол, то ў ім мне інкрымінавалі супраціў пры затрыманні, а не пры дактыласкапіі. Як быццам гэтага ўсяго і не было зусім: ні выломліванне пальцаў, ні цягання за валасы, НІ-ЧО-ГА! Толькі пры афармленні пратаколу нейкі міліцыянт, які праходзіць міма, праінфармаваў мяне, што мае фота (ці відэа, я не ведаю, што яны здымалі) карыстаюцца поспехам сярод супрацоўнікаў Савецкага РАУС.

Заслона.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках