5 траўня 2024, Нядзеля, 17:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Стваральнік «Навічка» нарадзіўся ў Беларусі, а загінуў пры дзіўных абставінах

20
Стваральнік «Навічка» нарадзіўся ў Беларусі, а загінуў пры дзіўных абставінах

У атручванні экс-выведніка Сяргея Скрыпаля выявіўся яшчэ адзін «беларускі след».

4 сакавіка ў гандлёвым цэнтры ангельскага горада Солсбэры выявілі былога палкоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля і ягоную дачку, якія знаходзіліся ў непрытомным стане. Яны былі атручаны рэчывам класа «Навічок» - хімічнай зброяй, якая распрацоўваецца ў СССР. Вялікабрытанія абвінавачвае ў здарэнні Расею.

Стварэннем «Навічка» займаўся генерал-лейтэнант Анатоль Кунцэвіч. Пра гэта распавёў у Ynet эксперт Ронэн Бэргман, які напісаў дысертацыю аб гісторыі «Масада» і некалькі кніг аб ізраільскіх спецслужбах (пераклад - gazetaby.com).

Анатоль Кунцэвіч нарадзіўся ў 1934 годзе ў вёсцы Свіслачы Магілёўскай вобласці. Ён быў вядомы як акадэмік, намеснік начальніка хімічных войскаў міністэрства абароны СССР і меў мянушку «Генерал-газ».

Яшчэ ў 70-я ізраільская выведка атрымала інфармацыю аб праекце «Навічок», за якім стаяў Кунцэвіч, што ўжо тады ўважаўся за аднаго з вядучых савецкіх спецыялістаў у гэтай галіне. На пачатку 80-х ён стаў лаўрэатам ордэна Леніна і Героем сацыялістычнай працы (Прэзідыюм Вярхоўнага Савета СССР узнагародзіў навукоўца за «вялікія заслугі ў развіцці ўзбраенняў»), у канцы - кіраваў савецкімі дэлегацыямі на перамовах аб хімічным раззбраенні.

Таксама Кунцэвіч адыграў значную ролю падчас ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС. Артыкул «Независимого военного обозрения», прысвечаны генералу, называецца «Утаймавальнік Чарнобыля». Пасля дакладу аператыўнай групе Палітбюро ЦК КПСС аб магчымых захадах для ліквідацыі наступстваў аварыі навуковец быў прызначаны галоўным спецыялістам у дэзактывацыі і на працягу наступных трох гадоў шмат часу правёў у раёне Чарнобыля.

А ў 90-я генерал у якасці дарадцы Ельцына ажыццяўляў дырэктыўныя кантакты з Захадам з нагоды ліквідацыі хімічных арсеналаў. Тады ж, паводле інфармацыі Бэргмана, у Ізраіль пачалі паступаць трывожныя звесткі аб тым, што Сірыя таемна спрабуе наладзіць выраб найноўшай хімічнай зброі, а кіруе «праграмай дапамогі братняму народу» ўсё той жа Кунцэвіч. Дагэтуль няясна, ці быў генерал выпраўлены ў Сірыю ўрадам, прыехаў туды з асабовай ініцыятывы, каб, як і шмат хто з ягоных калег у той час, наладзіць «уласны бізнэс», або праз «партыйную лінію» - на той момант акадэмік стаў членам ЛДПР.

«Масад» упэўнены, што ў рамках супрацоўніцтва спецыяліст атрымаў у Дамаску велізарныя сумы грошай - пераважна за дапамогу ў стварэнні тэхналогій вырабу хімічнай зброі. Тагачасны прэм'ер Эхуд Барак перадаў у Маскву звесткі, чым займаецца ў Сірыі іхні генерал.

У 1995 годзе прэс-служба УФСБ Масквы і Маскоўскай вобласці распаўсюдзіла інфармацыю, што «група асоб, у складзе якой быў акадэмік Анатоль Кунцэвіч, перамясціла ў адну з краін Блізкага Усходу 800 кг кампанента, які пры наяўнасці пэўнай тэхналогіі мог бы быць выкарыстаны для вырабу атрутных рэчываў». Яшчэ адна спроба незаконнага вывазу 5 тон хімічнага рэчыва падвойнага прызначэння была папярэджаная. У выніку Кунцэвіча выставілі абвінавачанне ў кантрабандзе.

Як адзначаў «Коммерсант», «расейскія спецслужбы ўскосна прызналі магчымасць незаконнага вывазу з Расеі баявых атрутных рэчываў і высокаактыўных рэагентаў падвойнага прызначэння. Паводле магчымых наступстваў гэтая падзея цалкам параўнальная з прызнаннем Расеяй кантрабанды ядзерных матэрыялаў».

Зрэшты, Кунцэвіч здалеў выйсці сухім з вады: абвінавачванні былі знятыя. Больш за тое, ён працягнуў кантакты з Сірыяй. І гэта скончылася для генерала фатальна.

29 красавіка 2002 года Анатоль Кунцэвіч быў знойдзены мёртвым у крэсле самалёта, які накіроўваўся з Алепа ў Маскву. Афіцыйная прычына смерці - інфаркт. Аднак у Сірыі тады выказалі здагадку, што генерала зліквідаваў «Масад». Але гэтым разам ужо ў Ерусаліме захоўвалі маўчанне.

А праз паўгода пасля смерці Кунцэвіча здарыўся захоп закладнікаў у Маскве на мюзікле «Норд-Ост». Для нейтралізацыі тэрарыстаў быў ужыты газ, да стварэння якога прычыніўся акадэмік. Атрутнае рэчыва «зваротнага дзеянні» забрала жыццё не менш чым 130 закладнікаў. Агулам іх было больш за 900. У Расеі дагэтуль трываюць спрэчкі: адны ўважаюць гэтую аперацыю за ўдалай, іншыя – за няўдалую.

Нагадаем, што раней Віл Мірзаянаў, удзельнік стварэння атрутнага рэчыва «Навічок», распавёў ВПС, што ракеты з атрутай пэўны час знаходзіліся на паўночным захадзе Беларусі.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках