27 красавiка 2024, Субота, 19:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З'явіліся новыя падрабязнасці ў справе гібелі жаўнера Коржыча

38
З'явіліся новыя падрабязнасці ў справе гібелі жаўнера Коржыча
АЛЯКСАНДР КОРЖЫЧ

Кіраўнік следчай групы распавёў, на якой стадыі знаходзіцца расследаванне.

Кіраўнік следчай групы Міхаіл Уладзіміравіч, які расследуе справу гібелі жаўнера Аляксандра Коржыча ў Печах, даў інтэрв'ю парталу tut.by. Следчы расказаў, на якой цяпер стадыі знаходзіцца расследаванне.

З ягоных слоў, сляды, выяўленыя на целе загінулага жаўнера, - гэта трупныя плямы, а не сляды збіцця, паведамляе euroradio.fm.

- Ці можна на сённяшні дзень з упэўненасцю сказаць, што на целе Коржыча былі менавіта трупныя плямы, а не сляды збіцця?

- Так, гэта следствам устаноўлена дакладна.

Кіраўнік следчай групы заявіў, што па-ранейшаму разглядаюцца тры версіі смерці Коржыча - забойства, давядзенне да самагубства і самагубства.

З ягоных слоў, завязаныя шнуркі на абутку павешанага салдата і нацягнутая на галаву майка не выключаюць версіі самагубства: «Справа ў тым, што ў практыцы сустракаюцца такія выпадкі, калі чалавек звязвае сябе перад суіцыдам. Акрамя таго, існуюць прыклады калі перад суіцыдам чалавек адзяваў сабе на галаву пакет, ці абгортваў яе кашуляй, курткай і т.п. Некаторыя псіхолагі заяўляюць, што гэта як «заплюшчыць вочы» перад тварам смерці. Але ёсць яшчэ і фізіялагічны фактар. З этычных меркаванняў я не буду больш падрабязна расказваць, але хто бачыў на месцах здарэнняў загінулых ад механічнай асфіксіі, думаю, разумеюць, пра што я кажу. Адзначу, з улікам многіх артыкулаў у інтэрнэце паводле гэтай справы і каментароў да іх, дзе сцвярджаецца пра немагчымасць павешання пры ўмове звязаных ног і надзетай на галаву майкі, мы правялі шэраг следчых эксперыментаў. Яны паказалі: чалавек з такой жа камплекцыяй і ростам, як Коржыч, мог звязаць сабе ногі павязкай, адзець майку на галаву і ўчыніць суіцыд ва ўмовах таго склепа».

Следчы паведаміў, што расследуюцца ўсе эпізоды нестатутных дачыненняў або эпізоды перавышэння ўлады сяржантаў у дачыненні да шарагоўцаў у 72-м навучальным цэнтры ў Печах.

«У нас калі не кожны дзень, то праз дзень з'яўляюцца новыя эпізоды. Напрыклад, цяпер па аднаму абвінавачанаму праходзіць 40 пацярпелых, у тым ліку загінулы Аляксандр Коржыч. У іншых - па 25-30 пацярпелых. Можаце ўявіць сабе, якія гэта аб'ёмы працы, бо з кожным трэба пагаварыць, пераканаць даць праўдзівыя паказанні, дапытаць, бо не сакрэт, што кругавая парука сярод жаўнераў ёсць, яны не хочуць распавядаць пра сяржанта, таму што гэта лічыцца ганебным у іх асяроддзі», - кажа Міхаіл Уладзіміравіч.

Дарэчы, ніводны жаўнер на сваю ініцыятыву не звязаўся са следствам, каб паведаміць пра факты дзедаўшчыны. На сёння следчая група дапытала не менш за 400 чалавек.

У справе Коржыча ёсць абвінавачаныя і падазраваныя: «З гэтай справы распачата 13 крымінальных спраў. Цяпер у справе праходзіць дзевяць абвінавачаных (афіцэр, прапаршчык і малодшыя камандзіры) і тры падазраваныя. Мы мяркуем, расследаванне паводле факта смерці Коржыча будзе завершанае ў канцы сакавіка».

У справе фігуруе шматдзетная маці, якая стварыла дзве старонкі ў сацсетках і назвалася дзяўчынай загінулага жаўнера.

«У першыя дні пасля трагедыі ў сацыяльных сетках Кацярына стала сябе пазіцыянаваць як дзяўчына памерлага Коржыча, а на іншай старонцы - як яго калега. Гэта значыць, паралельна вяла дзве старонкі, пры гэтым Аляксандра Коржыча ніколі не бачыла і не была з ім знаёмая. Інфармацыю сама прыдумляла, многія факты, пра якія даведвалася ад саміх вайскоўцаў, скажала, заяўляла пра такія выпадкі збіцця Коржыча, якіх на самой справе не было. Запісы Кацярыны выклікалі грамадскі рэзананс, дайшлі да блізкіх жаўнера, яна нават спрабавала перапісвацца з сябрамі Коржыча з Пінска, але хлопцы яе хутка «раскусілі», - распавёў следчы.

Жанчына, са слоў следчых, вельмі таленавіта вяла гэтыя старонкі: «Мы вывучалі сацыяльныя сеткі і ўбачылі, што ў сваіх запісах яна заяўляе сябе відавочцам збіцця Коржыча. Пры гэтым у запісе, дзе Кацярына прадстаўлялася дзяўчынай загінулага, яна спрабавала быць выхаванай, інтэлігентнай. А ўжо ў запісах ад імя вайскоўца ў Печах выстаўляла сябе малаадукаваным чалавекам, не саромелася ў выразах, чым падкупляла людзей. Першапачаткова мы нават выказаць здагадку не маглі, што гэта адзін чалавек. Выявілі, знайшлі, дзяўчына была здзіўленая».

На думку следства, такім чынам яна хацела прапіярыцца і дапамагчы аднаму з таварышаў па службе Коржыча. Ад яго яна атрымлівала звесткі аб справе. «Дарэчы, пазней гэты сяржант быў затрыманы, цяпер знаходзіцца пад вартай, у статусе абвінавачанага», - дадаў следчы.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках