27 красавiка 2024, Субота, 17:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Афганец» са Слуцка: Ляцелі дадому разам з «грузам 200»

15
«Афганец» са Слуцка: Ляцелі дадому разам з «грузам 200»

Сёння — гадавіна вываду савецкіх войскаў з Афганістана.

Напярэдадні гадавіны вываду савецкіх войскаў з Афганістана слуцкія ветэраны Сяргей Мірончык, Надзея Яркіна і Мікалай Яўсеенка распавялі «Кур'еру», што пабачылі на вайне і чым запомніўся ім Афганістан.

Ура! Мы жывыя

«Калі нас толькі заклікалі і везлі ў цягніку, нам сказалі, што пасля «вучэбкі» ўсе патрапяць у Афганістан. Нас было 150 чалавек беларусаў, - распавядае былы дэсантнік Сяргей Мірончык. - У Афганістане служыў год і 9 месяцаў (з 1983 да 1985-а), у 66-й мотастралковай брыгадзе, у дэсантна-штурмавым батальёне.

Амаль кожны тыдзень мы выходзілі на баявыя дзеянні. Вярталіся на дзень-два, атрымлівалі сухі паёк і верталётам назад. На Панджшэрскай аперацыі мы былі месяц з лішнім. Саму брыгаду душманы абстрэльвалі рэдка: толькі ў савецкія святы.

Медаль «За адвагу» я атрымаў у Чорных гарах. Мы разграмілі шмат «духаў» і знайшлі склады боепрыпасаў.

Медаль «За баявыя заслугі» атрымаў, калі мы хадзілі ў логава душманаў і мянялі іх забітых на нашых забітых мотастралкоў. На абмен мы ішлі без зброі. Яны нас і нагамі, і рукамі штурхалі. Правакавалі так.

Самыя добрыя ўспаміны — як мы падымаліся ў бронекамізэльках на вышыні, дзе ляжыць снег. Успаміналі сваё дзяцінства: на бронекамізэльках, як на санках, спускаліся з горак.

Самыя дрэнныя — калі гублялі сваіх сяброў. За маю службу з нашага батальёна загінулі чатыры чалавекі. З адным з іх мы разам вучыліся ў тэхнікуме фізічнай культуры. Яго звалі Стас Куніс. Ён загінуў 22 красавіка 1985 года. Яны як раз прыехалі з Мар'інагорскай брыгады спецназа, яшчэ «неабстраляныя» хлопцы. Камандзір быў неспрактыкаваны. Іх «заціснулі» ў цясніну. Яны вышынныя дамы не забяспечылі прыкрыццём, і «духі» іх накрылі. Дабілі параненых. Уся рота загінула.

Вярталіся на Радзіму самалётам ТУ-134. Сцюардэса абвясціла, што мы перасеклі мяжу СССР, і ўсе адразу падняліся і закрычалі: «Ура! Мы жывыя!»

У мяне ёсць сябар-калега Косця з Віцебска. 15 лютага звычайна сустракаемся. Цяпер мы самыя блізкія. Тыя, хто яшчэ бліжэй быў, ужо сышлі на той свет.

Першымі ўспамінаем жывых. Потым — сваіх камандзіраў, якія выратавалі шмат жыццяў. Напрыклад, наш камандзір Яўген Дутаў сышоў у адпачынак, а калі пачалася Панджшэрская аперацыя і «заціснулі» мотастралковы батальён, ён прыляцеў з адпачынку проста на поле бою.

Апошнімі ўспамінаем сваіх загінулых. Стася, які вучыўся са мной, загінулых хлопцаў з Украіны».

Пад абстрэлам бегчы няма куды

«Гэта быў верасень 1985 года. Мы ехалі ў камандзіроўку на 2-3 месяцы, каб нейтралізаваць успышку халеры ў Джалалабадзе, але засталіся на два гады. Шпіталь стаяў на тэрыторыі брыгады. Не было лініі фронту. Проста выходзілі падраздзяленні ў горы, дзе выведчыкі знаходзілі бандфармаванні», - дзеліцца былая медсястра Надзея Яркіна.

«Бывала, абстрэльвалі. На гэты выпадак інструкцый не было: хавацца ж няма куды. Калі стральба ішла, спрабавалі хоць бы зразумець, з якога боку страляюць. А хавацца? Мы жылі ў модулях з фанеры. Яны згаралі за тры хвіліны, у іх хавацца было бескарысна.

На вайне відаць, хто чаго варты. Калі фармаваўся наш шпіталь, набіралі толькі добраахвотнікаў. Былі такія, хто паехаў, не падумаўшы, і паводзілі яны сябе як баязліўцы.

У нас не было нормаў працоўнага часу. Працуем — значыць, працуем. Калі прывозілі шмат параненых, усе ўставалі і працавалі. Хоць наш шпіталь быў інфекцыйны.

Ніхто ў савецкі час не задумваўся, якая гэта псіхалагічная траўма. Часам нават афіцэры не вытрымлівалі, а ўжо пра жаўнераў казаць няма чаго. Калі на заставе 15 чалавек, і яны цягам паўтары гадоў кожны божы дзень разам. І няма магчымасці пабыць аднаму, няма асабістай прасторы. Гэта вельмі цяжка.

Кожны год мы сустракаемся, каб пабачыцца. Успамінаем тых, хто загінуў у Афганістане».

Дадому ляцелі з «грузам 200»

«Уначы наш полк у Іванаве паднялі па баявой трывозе. Адабралі батальён. Камандзір сказаў: «Вы едзеце выконваць інтэрнацыянальны доўг». Гэта быў студзень 1980 года, ужо два тыдні, як нашы войскі ўвайшлі ў Афганістан. На эшалонах адправіліся ў Тэрмез (горад ва Узбекістане — Заўв.). Праз Амудар'ю перапраўляліся па наплаўным пантонным мосце. Тады ўбачылі першыя смерці нашых жаўнераў. Цячэнне вельмі моцнае, і мост цяжка было трымаць на плыву. Хтосьці зрываўся, хтосьці тануў», - дзеліцца Мікалай Яўсеенка, які служыў сувязістам.

«Першае, што я ўбачыў у Афганістане, — гэта вол, які араў зямлю. За ім ішоў селянін. Гэта ўразіла. Мы ўсё рабілі пры дапамозе тэхнікі, я сам трактарыст. А тут на карове аруць.

Праз два дні мы прыехалі, намёты паставілі. Побач аул — 15-20 дамкоў. У першую ж ноч было -20 градусаў. Для нас гэта звыкла, а афганцы ў халатах. Мы шкадавалі іх, дзяліліся абмундзіраваннем, хоць і было забаронена.

У іх дамы з гліны злепленыя і ўсё. Мы ў такім доміку былі. Уразіла галеча. Распранутыя, няма чым працаваць і не на чым. І зверства «духаў», якія на нас нападалі, таксама здзіўляла...

Мы, сувязісты, у баявых дзеяннях не ўдзельнічалі. Але падчас службы сутычкі здараліся.

У траўні таго ж года мы адправіліся назад. З намі ў адным самалёце ляцелі «груз 200» і «груз 300» («груз 200» — загінулыя жаўнеры ў цынкавых трунах, «груз 300» — параненыя жаўнеры — Заўв. рэд.).

Калі пілот абвясціў, што мы пералятаем мяжу СССР, мы сядзелі ціха, бо разумелі, хто з намі ляціць. А цалкам парадавацца змаглі ў Ташкенце. Хоць да дома яшчэ былі тысячы кіламетраў, але мы ўжо былі ў Саюзе.

Я дэмабілізаваўся ў траўні, а мой зямляк са Слуцку Валер застаўся ў Афганістане. Кажа: «Прыйдзеш да маіх, скажаш, што я тут нармальна». Я да іх зайшоў.

Яны ведаюць, што сын на вайне, у вочы глядзяць. Хлусіць я не хлусіў, але і не казаў, што напраўду там можа здарыцца. Стараўся палепшыць, каб не хваляваліся. Мая мама пакуль мяне чакала, зрок страціла, так моцна хвалявалася. Але ўсё склалася добра, абодва вярнуліся, жывыя і здаровыя».

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках