25 красавiка 2024, Чацвер, 9:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Статкевіч: Мы будзем святкаваць 100-годдзе БНР у цэнтры Менска

37
Мікалай Статкевіч: Мы будзем святкаваць 100-годдзе БНР у цэнтры Менска

Беларусы павінны паказаць, што яны гатовыя абараняць незалежнасць сваёй краіны.

Беларускія міратворцы на Данбасе не патрэбныя. І наогул афіцыйнаму Менску, цесна звязанаму з Крамлём, лепш не лезці ў справы Кіева на ўсходзе Украіны. Так адрэагаваў на заяву беларускага міністра замежных спраў Уладзіміра Макея аб гатоўнасці ўладаў нашай краіны выслаць на Данбас міратворцаў генерал-палкоўнік у адстаўцы, былы начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Украіны і першы намеснік міністра абароны Украіны Анатоль Лапата. Пра гэта і не толькі ў інтэрв'ю «Белсату» выказаўся адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэса, былы вайсковец Мікалай Статкевіч.

- У чужыя войны, у прынцыпе, не варта ўлазіць. Дзякуй Богу, што нас ніхто туды і не пусціць. Каб быць міратворцамі, трэба карыстацца даверам абодвух бакоў канфлікту. А ступень залежнасці беларускіх уладаў і войска ад Масквы настолькі высокая, што нейтральнымі мы быць не можам.

Проста ўявіце, у 1999 годзе Лукашэнка падпісаў саюзную дамову, згодна з якой у нас з Расеяй павінна быць агульнае войска, межы, прэзідэнт і агульная дзяржава. І пад гэтую дамову, якая, на шчасце, цалкам не рэалізаваная, Лукашэнка ўзяў у пазыку блізу $150 мільярдаў. Кожны іншы прэзідэнт на ягоным месцы меў бы прастору для манеўраў.

Напрыклад - Нурсултан Назарбаеў, які такіх грошай не браў. А Лукашэнка ведае, што пра ягоную пазыку памятаюць і «рыпнуцца» яму не дадуць. Масква дазваляе прадстаўляць Лукашэнку пляцоўку для перамоваў. Але думаю, што і там расейскае ФСБ падслухоўвае тое, аб чым дамаўляюцца паміж сабой прадстаўнікі Украіны. Украінцы - не дурні, яны рызыкаваць не будуць. І слава Богу, нам не трэба туды ўлазіць.

- 31 студзеня Беларусь прыпыніла вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва з Украінай. Беларусь пастаўляла для Украіны паліва, тэхніку, оптыку і многае іншае. Экспэрты заяўляюць, што гэта было зроблена на віну беларускага боку. Як можна пракаментаваць гэты крок?

- Безумоўна - гэта загад Крамля. Я казаў аб ступені залежнасці Лукашэнкі ад Расеі. Калі ён не слухаецца загадаў, то гэта ўспрымаецца не як здрада, а як «ты нас развёў на $150 мільярдаў». Яго «па паняццях» могуць «парваць».

Лукашэнку дазваляецца весці толькі такі бізнэс, якім дзеляцца. Я ўпэўнены, што частка грошай за мільённыя пастаўкі беларускага паліва ідзе ў Маскву, нейкай часткай Лукашэнка дзеліцца з кіраўніцтвам Украіны. А там, дзе «непрыстойна вушы тырчаць» і расейская грамадскасць асуджае - там Крэмль перыядычна кажа «Стоп», а Лукашэнка кажа «Стой, раз-два!».

- Украінскія экспэрты кажуць аб падрыхтоўцы вялікай вайны. Беларусь у гэтым выпадку выступіць на баку Расеі. Ці ёсць у афіцыйнага Менска законныя механізмы захавання нейтралітэту, які пакуль яшчэ існуе, як мінімум на словах.

- Калі Пуціну вельмі спатрэбіцца - ніякага нейтралітэту не будзе. У Беларусі будуць стаяць расейскія войскі. Але пытанне ў тым, што вялікая вайна супраць Украіны менш магчымая, чым захоп Беларусі Расеяй. Украіна ўжо адбудавала сваю нацыю і сваё войска, туды лепш не лезці. Праз тое, што ў Расеі ведаюць пра маральны стан беларускага войска, што настроі ў ёй пануюць прапуцінскія, антызаходнія. І ў Крамля ёсць спакуса гэтым скарыстацца, тым больш, што эфект Крыма, які паўплываў на рэйтынг Пуціна, пачаў зніжацца. І, магчыма, з'явіцца жаданне зноў стварыць эйфарыю, якая была пасля анэксіі Крыма. Я вельмі хачу, каб гэтага не адбылося, але такая імавернасць ёсць і яна толькі павялічваецца. Пра гэта нам з вамі трэба думаць.

- Вы ўжо казалі, што Менск - верны васал Крамля. Ён можа казаць усё, што заўгодна, але робіць тое, што загадае Расея. Успомнім вучэнні «Захад-2017», на якіх адпрацоўваліся, у тым ліку, наступальныя манеўры. Ці не будзе гэта занадта, рабіць з свайго вернага васала ворага. Ці не занадта гэта вялікі кошт для Пуціна?

- Я б выкарыстаў іншае параўнанне. Не адданы васал, а сварлівая марыянетка. Бываюць такія жанчыны, якія сварацца-сварацца, а потым робяць усё, што ім кажуць.

Што тычыцца вучэнняў «Захад-2017», дастаткова пазнаёміцца з усімі нюансамі і фактамі - і становіцца страшна. Расейская групоўка адпрацоўвала выкарыстанне тактычнай ядзернай зброі з тэрыторыі нашай краіны. Гэта значыць, што мы можам стаць арэнай ядзернага канфлікту. У Расеі ёсць аператыўна-рэгіянальная перавага, але калі NATO мабілізуе ўвесь свой вайскова-тэхнічны патэнцыял - гэта адназначны пройгрыш. У расейскай вайсковай дактрыне ёсць такі пункт: захапіць якую-небудзь тэрыторыю і ўжыць ядзерную зброю, а затым таргавацца. Разлік на тое, што «адказ» не прыляціць. Але ў вайны ёсць свае правілы. Гаворка можа ісці не толькі пра «адказ», але можа пачацца працэс эскалацыі. Толькі ўдумайцеся, гэта будзе адбывацца не толькі на тэрыторыі Расеі, але і на нашай зямлі. Можа дайсці да таго, што мы пабяжым хавацца ад радыяцыі ў Чарнобыльскую зону.

Сітуацыя вельмі небяспечная. Лукашэнка добраахвотна залез у пазыкі і ператварыў маладую рэспубліку ў філіял Расеі.

І сёння, калі Расея бяднее і радыкалізуецца, яна будзе за меншыя грошы патрабаваць большага. Мы знаходзімся ў вельмі небяспечнай сітуацыі.

Таму важна 25 сакавіка, у дзень нашай незалежнасці, масава выйсці і паказаць, што беларусы будуць абараняць краіну, нават калі гэтая ўлада і войска не будуць гэтага рабіць. А мы будзем і мы абаронім.

- Улады не ідуць на перамовы аб супольным святкаванні 100-годдзя БНР, не гавораць нічога пра заяўку, якую падаў аргкамітэт. Як гэта можна пракаментаваць?

- Беларускія ўлады баяцца зрабіць крок насустрач патрыятычнаму выхаванню нацыі. Назарбаеў жа не баіцца, «лацінку» ўводзіць, прапагандуюцца нацыянальныя каштоўнасці. А тут баяцца.

Праз гэтага чалавека, які залез у пятлю і нас за сабой пацягнуў, улады баяцца ісці нам насустрач. Мы працягваем руку і кажам: давайце разам адсвяткуем гэтае свята і пакажам, што мы разам абараняем незалежнасць краіны.

Яны баяцца зрабіць нават гэтага. Будуць цягнуць да апошняга, а затым паспрабуюць адправіць нас святкаваць да сабак на Бангалор. Лепш зусім не святкаваць, чым ісці туды. Бо гэта паказвае, што зусім не гатовыя абараняць нашу незалежнасць і дастаткова даслаць генерал-губернатара і ў Дзярждуме РФ прыняць закон аб далучэнні. Таму мы будзем святкаваць 100-годдзе БНР у цэнтры Менска. Хай улады сто разоў падумаюць. Яшчэ раз заклікаю: альбо далучайцеся, альбо не перашкаджайце нам.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках